Выбрать главу

Вазілі ў крэсле на УЗІ сэрца. Прарваўся да мяне (як даўні тут знаёмы) С.І. Грахоўскі. Падбадзёрыў.

3-га чэрвеня. Кожную раніцу ў наш адсек заходзіць галоўурач Кісель Я.М. Урачы мяняюцца. Стамляюся. Хочацца пабыць аднаму і памаўчаць. Усё больш думаю аб тым, як пражыў жыццё. Як па-дурному! А людзі думаюць...

4-га чэрвеня. Медсястра Наташа, зусім маладзенькая, мінчанка, стараецца, гаворыць са мной па-беларуску. Хваліць настаўніцу беларускай мовы ў медвучылішчы В.І. Барташэвіч, маю былую студэнтку. Вось і пацвярджаецца: зерне падае не на камень. Хораша робіцца на душы ад думак пра нашу моладзь. Пастаў такую Наташу ў нармальныя нацыянальныя ўмовы — які быў бы свядомы беларускі “кадр”!

5-га чэрвеня. Прыходзілі Бураўкін і Матукоўскі. Генадзь расказаў як інкогніта знік з Мінску Быкаў: паехаў цягніком праз Маскву, а ўсе думалі — паляціць самалётам. Ні з кім не развітаўся, каб пазбегнуць непатрэбнай шуміхі.

Была мая сястрыца Света, страшна перажывае.

6-га чэрвеня. Ніна прынесла “Звязду” з вершамі. Аператыўна спрацаваў Наркевіч, малайчына!

7-га чэрвеня. Была Ніна. Яна выратуе мяне, а не эскулапы. Заходзіў Вярцінскі. З крыўдай і болем расказаў пра свята паэзіі на Свіцязі. Арганізацыйны ўзровень — нулявы. Людзі не прыйшлі, кучка дзяцей невялікая. Асабіста Вярцінскі чуецца абражаным, апляваным. Усё рабілася дзеля Р. Вазнясенскага.

Забягаў В. Вільтоўскі, з кнігай пра дзейнасць ПЭН. А прычым ПЭН? Я, дзякаваць Богу, там “не ко двору”, як некалі ў ЦК. У “Общей газете” — слова акадэміка Ліхачова. Колькі болю за лёс культуры, духоўнасці! Колькі пагарды да сучасных дзікуноў! І от гэта ўсё мне блізкае! Як шкадую, што знаёмства наша (некалі ў Кіеве) было “шапачнае”. Чуюся яго верным паплечнікам у змаганні за духоўны стан чалавека.

8-га чэрвеня. Глядзеў праф. Мрочак Аляксандр Генадзьевіч, кажуць, свяціла ў кардыялогіі. Сказаў мне: працэс ідзе на лепшае (паводле ЭКГ). Былі дзеўкі з музея гісторыі літаратуры (аж чатыры). Былі Коля з Марысяй. Гарачыня. Сонечны бок у корпусе. Ніна непакоіцца.

9-га чэрвеня. Перавялі ў палату 408 — у сувязі з рамонтам корпуса. Новы сусед — праф. Навумовіч Сямён Сцяпанавіч, вядомы траўматолаг, вельмі сімпатычны, сціплы чалавек. Маўклівы. Ляжыць з пнеўманіяй.

Акрэсліўся мой дыягназ: інфаркт міякарда, паражэнне задняй сценкі і “пред­сердия”.

Была Ніна і Св. Кліменценка.

10-га чэрвеня. Сяргей прынёс вентылятар, дыхаць стала лягчэй. Ніна злуецца, што не кажу ўрачам праўды пра стан свайго здароўя. Пачаў пісаць аўтабіяграфічны нарыс “Жыццё. Літаратура. Беларусь”. (“Па слядах перажытага”?)

11-га чэрвеня. Заходзілі (з кветкамі) выкладчыцы БДУ З.І. Бадзевіч і Саматыя І. Быў Вярцінскі. Быў Ліс. Арсень хацеў пра штось пагаварыць (так папярэдзіла Ніна), але пры Анатолю не наважыўся. Пісаў нарыс.

12-га чэрвеня. Заходзілі: Ніна, Сяргей, Матукоўскі, Саша (пляменнік). Урач Вольга Казіміраўна Даўгяла. Глядзела загадчык аддзялення Ал. Мік. Губар.

Ганю і ганю далей нарыс. Адчуў смак у працы.

13-га чэрвеня. Ніна прынесла газеты. У “Нашым слове” на першай старонцы паведамленне пра мой інфаркт (вялікая падзея!) і каментар да яго: прычына — паскудны артыкул рускага пісьменніка Бандарэнкі, які некалі быў амаль сябрам H.Г. Двайное глупства. Каб мяне можна было абваліць паскуднай пісанінай нейкага імпер-шавініста? Ну і ну! Уяўляць мяне такім слабаком? Ды не, мае мілыя! На інфаркт я працаваў, дакладней — шчыраваў усё жыццё, асабліва ж — апошнія гадоў дваццаць. Вядома, “памаглі” і паскуднікі, але ж не такія, як гэны маскоўскі выжла сваім выпадам. Дарэчы, і сябрам яго, канечне ж, я ніколі не быў. Мела месца знаёмства, не больш, і тое павярхоўнае. Ні гарэлкі, ні нават чаю з ім я не піў. А ягоны імпер-шавіністычны аскал адчуў на пачатку 90-х, адразу ж, як рух­нула імперыя, — на публікацыях у “Литературной России” і “Современнике”.

Пазваніў Брыль, сказаў, што з цікавасцю прачытаў размову са мной у “ЛГ”. А я і не ведаў, што яна апублікавана (нарэшце! амаль праз паўгода!). Сказаў: “Невялікая публікацыя, бачна, што скарочана”.

14-га чэрвеня. Званілі Г.Дз. Карпенка (вечарам ад’язджае ў Польшчу) і I.В. Сцяпура, які сказаў: “Адзін мой сябра моліцца за Вас, — за Ваша змаганне за беларускую мову і супроць ворагаў беларушчыны”.

15-га чэрвеня. Як і ўчора, ніхто, апрача Ніны, не прыходзіў. Цэлы дзень гнаў нарыс. А ў 3.00 ночы прачнуўся ад моцнага болю ў жываце, пад лыжачкай. Прыйшлося клікаць дзяжурных: урача, сястру, нават хірурга. Сяк-так (два ўколы, фестал) угаманілі.