Выбрать главу

(А бачылі той Летні ў Ленінградзе мо якіх некалькі чалавек з нашага горада.)

З вясны і да восені ў Летнім садзе суботнімі і нядзельнымі вечарамі ў блакітнай фанернай ракавіне іграў духавы вайсковы аркестр і прадаваліся білеты на дашчаную танцпляцоўку: на танцы сходзілася моладзь з усяго горада. У Летнім садзе прызначаліся і спатканні ўсіх закаханых.

Зімою там залівалі каток, і катком, вядома, валодалі ўжо мы, падлеткі.

Я тую зіму хадзіў на каток з Лідачкаю.

* * *

Мне ішоў чатырнаццаты год, калі раптоўна, у ад’ездзе ад дому, памёр ад разрыву сэрца (так некалі казалі пра сённяшні інфаркт) мой бацька-каморнік. Мы з мамаю засталіся толькі ўдваіх, засталіся без апоры і амаль без сродкаў да жыцця. Мама кідалася туды, кідалася сюды, але грошай, якія яна зарабляла ў сваім «швейпроме», па часе трыццатых гадоў хапала нам ледзь толькі на хлеб. Праўда, і хлеба ўволю не было, бо і хлеб давалі па картках.

У мае мамы было праклятае буржуазнае мінулае: мой дзед, а мамін бацька, да рэвалюцыі быў уладальнікам магазіна лялек. За гэта цяпер мама і несла пакаранне: яе нікуды не хацелі браць на работу. Яна мела музычную адукацыю і добра валодала французскай мовай. Але каму была патрэбна французская мова ў нашым раённым гарадку? (У той час усе школы вывучалі толькі нямецкую мову.) Або ў каго былі тыя лішнія грошы, каб наймаць яшчэ настаўніцу вучыць дзяцей музыцы? Якая музыка! Пра яе тады і вухам ніхто не вёў. З мяшчанствам і дробнабуржуазнымі перажыткамі вялася вайна. Ці даўно пакінулі выключаць з камсамола дзяўчат за шаўковыя панчохі, а хлопцаў за гальштукі!

Не, з уменнем і ведамі мае мамы ўзнімаць пралетарскую культуру не было чаго нават і думаць. А думаць неабходна было. I перш за ўсё, як нам выбрацца з нястачы…

I мама прыдумала: узяць у нашы два невялікія пакойчыкі з кухняй кватарантак-дзяўчат. Памятаю, мама была вельмі рада тым сваім камерцыйным крокам: дзяўчаты, здаецца, ёй так нічога і не плацілі, але іх бацькі (барадатыя вясковыя мужчыны), дамаўляючыся аб плаце, браліся забяспечыць нас на ўсю зіму апалам. А з гэтым у нас і зусім было пагана. Горш нават, чым з хлебам. Бо дзе магла мама, непрактычная гарадская жанчына, узяць тых дроў ці таго торфу. I за што — узяць?

I праўда, тая зіма, калі ў нас жылі Даша з Лідачкаю, запомнілася мне як самая цёплая і самая ўтульная ў маім жыцці зіма.

* * *

Большага непадабенства знайсці было немагчыма — чым Даша і Лідачка!

Даша ў першы ж дзень, як толькі пасялілася ў нас, камандавала мною ўжо як хацела: то збегай прынясі вядро вады, то падай анучу, то перасунь з месца на месца канапу і стол… Яна збіралася мыць падлогу і мелася ў першы ж дзень паставіць дагары нагамі ўсю нашу кватэру. I калі я, па сваёй звычайнай няўклюднасці, не паспяваў вокамгненна выконваць яе загады, Даша тут жа хвастала мяне вузенькім паяском ад свае цеснаватае і караткаватае сукенкі і весела, нібыта ў званок званіла, залівалася смехам. Я гойсаў з хаты на двор, з двара ў хату і таксама рагатаў без дай рады.

А Лідачка — худзенькае, кволае дзяўчо з вялікімі, нібыта чымсьці ці то здзіўленымі, ці то спалоханымі вачыма на хваравітым бледным тварыку, — Лідачка не ведала, з якога боку да чаго прыступіцца, і толькі моўчкі, дзікавата пазірала на ўвесь гэты вэрхал у чужой кватэры.

— Ану, вымятайцеся і лепш не замінайце! — выгнала нас з Лідачкаю на двор, на халадэчу, Даша. I знайшла, вядома, нам работу — вытрасаць палавікі.

Лідачка была на цэлую галаву ніжэй за мяне, хоць між нашым узростам і стаялі чатыры гады розніцы, хоць яна і вучылася ўжо на трэцім курсе педтэхнікума. Рукі ў яе былі такія тоненькія і слабыя, што варта было мне добра страсянуць палавік, і ён тут жа вырываўся з гэтых яе рукцявінак. Наровячы злавіць палавік, Лідачка бязгучна смяялася і няўлоўна зграбным рухам галавы адкідвала русую касу цераз плячо.

— Лепш я сам… — дзіўна, але я не ведаў, як лепш да яе звяртацца: на «вы» ці на «ты», як з Дашаю. З Дашаю з першага кроку ў нас усё было ясна. А тут…

— Не, я таксама… А то мне холадна.

I сапраўды на дварэ было холадна, і, паспяшаўшы хутчэй скончыць вытрасанне, мы з Лідачкай пабеглі ў кватэру. Яна паперадзе — адчыняць дзверы. А я з абярэмкам палавікоў — следам.

— Куды? Куды? — лямантам і выкручанай мокрай анучай спыніла нас у парозе Даша.

I мы з Лідачкай, трасучыся ад смеху, стаялі ў сцюдзёным калідоры пад дзвярыма да таго часу, пакуль чырвоная і задыханая Даша, змахваючы прыліплую да потнага лба цёмную хвалю валасоў, не адчыніла нам дзверы.