Выбрать главу

— Стойце! А то вы нацягнеце мне бруду!..

I мы яшчэ, стрымліваючы смех, стаялі ў расчыненых дзвярах, на парозе, пакуль Даша слала па чыстай вільготнай падлозе палавікі.

Мама вярнулася з работы з другое змены і не пазнала нашай кватэры: усё кругом блішчэла, мэбля была перастаўлена, а самае галоўнае — палілася і зырка палыхала гарачынёй у хатні надвячорак наша грубка-галандка.

Так пасяліліся ў нас Даша з Лідачкаю, і мы з мамаю вельмі хутка забылі, што яны нашы кватаранткі, а мы іх гаспадары. Усім нам цяпер здавалася, што галоўная гаспадыня ў нашай кватэры зусім не мама, а Даша.

А Лідачка? Яна не мянялася. Яна па-ранейшаму заставалася толькі Лідачкаю.

…Яны вучыліся на адным курсе, але ў розных групах, і таму ў Дашы апрача Лідачкі была яшчэ процьма сябровак і сяброў. Усе яны хадзілі да нас, як дадому, і ўсімі імі Даша камандавала гэтак жа, як мною і Лідачкаю. Але ніхто на Дашу не злаваўся, і ніхто не баяўся яе.

Даша любіла танцы. I яна не прамінала іх ніколі ні ў сябе ў тэхнікуме, ні ў Летнім садзе, хоць студэнтам хадзіць туды на танцы чамусьці ці то забаранялася, ці то лічылася непрыстойным. Я ўжо не памятаю.

З танцаў Дашу да самага дома кожны раз абавязкова праводзілі кавалеры. Кожны раз — новы. Сваіх кавалераў, дома, перад намі, Даша высмейвала і знішчала на чым свет стаяў.

Лідачка не хадзіла на танцы, хоць ёй, відаць, таксама хацелася. Назіраючы за ёю ўпотай, я добра бачыў: кожны раз пасля таго, як Даша, напудрыўшыся і адзеўшы сваю лепшую сукенку, знікне са смехам за веснічкамі, Лідачка робіцца маўклівая, сумная і як быццам яшчэ больш кволая.

— А чаму ты не ходзіш на танцы? — пытаўся я ў Лідачкі.

— Таму што мне нецікава, — усім сваім выглядам забараняючы мне далейшыя пытанні, незалежна адказвала Лідачка і бралася за кніжку.

Але я добра бачыў, што чытанне ёй не ішло ў галаву.

— Цябе ж Даша звала… — Я шчыра шкадаваў Лідачку, што ёй сумна, і ў той жа час, не разумеючы сябе самога, радаваўся, што яна не ходзіць на танцы і што яе не праводзяць гэтак, як Дашу, кавалеры.

— Дашы цікава — няхай яна і ходзіць, а мне нецікава! — не падымаючы галавы ад старонкі кнігі, прыкметна званчэйшым, чым звычайна, голасам паўтарала Лідачка.

— А можа, і табе было б цікава… — бубніў я, невядома з якой патрэбы чапляючыся да Лідачкі.

— А табе што! — усхоплівалася з месца Лідачка і, сярдзіта шпурнуўшы кнігу на стол, ішла ў другі пакой.

А я заставаўся і адчуваў сябе так, як быццам я быў самы большы віноўнік у гэтым яе няшчасным настроі.

Праходзіла колькі часу, і з суседняга пакоя паціху абзывалася наша старая гітара. На гітары ў нас любіў іграць бацька-нябожчык. I мама таксама іграла. Яны часта, калі бацька яшчэ быў жывы, любілі вечарам сесці і разам спяваць. Бацька браў гітару, мама захоплена глядзела на яго і, на вачах робячыся вельмі маладой і прыгожай, падавалася крышку наперад. Бацька няўлоўна кратаўся струн, браў адзін акорд, другі… Мамін голас выліваўся з грудзей так, як выліваецца на мурожны бераг нізкая аксамітная хваля.

Ты сидишь у камина и смотришь с тоской, Как печально камин догорает И как яркое пламя то вспыхнет порой, То бессильно опять угасает…

У нас, вядома, не было ніякага каміна. Але калі б нават і быў, то сядзець перад ім у самоце ўсё роўна не знайшлося б каму: бацькі мае былі яшчэ маладыя і жылі заўсёды ў добрай згодзе, не наракаючы на жыццё, якое ў тыя часы вельмі не турбавала людзей непамернымі да яго патрабаваннямі. А пра мяне і казаць не было чаго: у мяне не тое каб сумаваць — пад’есці і то не заўсёды хапала часу.

У нас, праўда, была заўсёды чамусьці вельмі халодная кватэра, і заўсёды, асабліва асеннімі і зімовымі вечарамі, хацелася цеплыні. Магчыма, таму я любіў слухаць той гітарны «камін». Аднак сам я гітары ніколі нават у рукі не браў: патрэбна было мне тое мяшчанскае брыньканне! (Сваім бацькам я паблажліва дараваў іх слабасць…)

Як толькі пасяліліся ў нас, захацелі навучыцца іграць на гітары і Даша з Лідачкаю. У Лідачкі пакуль што далей старога, яшчэ дарэвалюцыйнага «Вальса гімназісткі» справа не ішла.

Это учение просто мучение. Ох, надоело оно! Вечно грамматика и математика, А про любовь ничего.

Мяне заўсёды разбіраў смех з іх гітарнай навукі. Чамусьці ўсе заўсёды пачыналі яе не інакш як з гэтай тупой гімназісткі.

Але няхай ужо лепей будзе гімназістка, чым слёзы, якія не ведаеш, чым суняць. Бо часам, астаўшыся адна, Лідачка і плакала.

* * *

Неяк зімой, у адзін з такіх сумотных вечароў, я ўгаварыў Лідачку пайсці са мною на каток. Спачатку яна адмаўлялася і слухаць не хацела нават, а потым, неяк смешна позіркам змераўшы мяне — доўгага і тонкага, як вудзільна, — раптам пачала рагатаць, пачала паспешліва перад люстрам пераплятаць тоўстую русую касу і — згадзілася: