Выбрать главу
Зноў абняло іх глухое маўчанне. Зноў князь сказаў: «Годзе марнай размовы, Ноч адыходзіць і дзень хутка новы… Зараз пачуем мы пеўнеў пяянне. Ты зразумеў мой загад? Будзь гатовы… Лягу. Крыху адпачну я душою Змучанай, целам… і ўстану здаровы. Тры дні я не спаў я дарогай цяжкою. Цёмна, ды месяц прабліснуць павінен, Рушым якраз каля ранняй гадзіны… Сыну Кейстута мы ў Лідзе пакінем Добрую спадчыну — попел, руіны!» Скончыўшы, пляснуў у далоні што сілы. Чэлядзь узяла яго латы і зброю. Лёг не таму, што быў сон яму мілы,— Прагнуў, каб Рымвід пакінуў пакоі. Рымвід падумаў: дарэмна размова! Зараз жа выйшаў баз лішняга слова. Выйшаў і выканаў спраўна інтэрас; Рыцараў склікаў, паведаў загад ім, Потым у замак вырнуўся яшчэ раз… Да Літавора? Для новай парады? Не, не да князя. Пакой князеў цёмны Рымвід, улева падаўшыся, збочыў, Дзе перакінуты мост быў пад’ёмны, І ў пакоі княгіні пакрочыў.
Князевай жонкай была той парою Лідскага князя дачка маладая. За прыгажосць у наднёманскім краі Звалі Гражыну князёўнай-зарою. Хаця ж з гадамі з зарой-зараніцай Не параўнаеш княгіні Гражыны, Але яднала ў сябе чараўніца Вабнасць кабеты і свежасць дзяўчыны. Здівіць развагай, кране маладосцю, Быццам бы май увасобіўся ў леце, Быццам бы кветки, вясновыя госці, З плодам даспелым, духмяным на вецці…
Ці толькі з твару прыгожа Гражына? Роўных сабе ні ў чым іншым не знала; Станам і ростам і спрытам княгіня Нават і мужу свайму не ўступала. Там, дзе абое прыгожыя ў коле Чэлядзі, шляхты дваровай стаялі,— Былі падобны да гонкіх таполяў. Што найвышай свае кроны ўзнімалі.
З твару падобна да мужа нямала. Сэрцам таксама нагадвала мужа. Верацяном ці іглой пагарджала, Але затое любіла аружжа. Часта на добрым кані выяжджала У шорсткім са шкуры мядзвежай убранні І па лясах, па дубровах скакала Да позняй ночы, да самага рання. Часам, калі пад мужчынскім уборам З лесу вярталася. Дзе палявала,— Блытала чэлядзь яе з Літаворам, І, нібы князя, Гражыну прыймала.
Так спалучаючы працу й забаву,— Радасць, ці смутак, ці злая навала,— З мужам не сэрца адно падзяляла, Але і мыслі і княжую справу. Суд ці вайна, ці таемная змова Часта яна вырашалася словам. Іншым было не ўсё гэта вядома. Была не такой, як бываюць кабеты, Што рады ўладзе над мужам і домам І на ўвесь свет выхваляюцца гэтым. Спрытна хавала ад лішняга вока Тое. Як сэрцам валодала мужа, Нават і тыя, што бачаць глыбока, Цямілі гэтую справу не дужа.
Рымвід адчуў, дзе шукаць яму раду, Каб і людзям быць і князю не ў крыўдзе, Ведаў, калі да княгіні ён прыйдзе, Знойдзе ўвагу і знойдзе спагаду. Так і зрабіў, расказаўшы ён ціха, Што Літаворам задумана ліха. Вестку Гражына з трывогай прымае, Але ўмее валодаць сабою,— Выгляд зрабіла, што веры не мае — Голас і твар не згубілі спакою. «Хіба ж у князя, — сказала, — больш варты Словы жанчыны, як рыцара слова? Ведаю, ён і гарачы і ўпарты — Скажа і зробіць так адначасова. Але, нарэшце, калі хваля гневу Буру не у час душы яго ўзбудзіць І калі ён, памыліўшыся, заблудзіць Між дрэва праўды і прагнасці дрэва,— Кінем. Хай час і развагі павевы Мыслі раз’ясняць і сэрца астудзяць. Кане ў нябыт яго злосць і ўпартасць… Сябе ды й іншых палохаць не варта».