Выбрать главу
Так ён казаў, угару ўзняўшы вочы… Можа, з-за крат лямпа нешта падкажа? Рымвід вярнуўся, на ганак пакрочыў: Можа, пакліча ў пакой яго княжа? Але дарэмна пытаўся ў стражы. Вось ля дзвярэй ён, ля княжых, усё ціха — Спаў, як раней, князь — чуваць, як ён дыхаў.
«Цуд тут ды годзе! А што будзе далей? Неяк ідзе усё дзівосна сягоння: Мне загадаў князь угневе, у запале, Падрыхтаваў каб людзей я і коней, А сам спіць моцна. Не рушым мы рана. Рыцары нашы стаяць у чаканні… Немцам ад’ехаць ні з чым загадана… І з кім загад пераслаў? З служкам пані!..
Як меркаваў з учарашняй размовы… Праўда, не чуў я дакладна выразу… Просьбы яе… Яго голас суровы… Але ці смела б насуперак князю Стаць сваёй воляй на шлях рызыковы, Спадзеючыся на чары жанчыны? Вельмі баюся, каб гэтага разу Ліхам не скончылася для Гражыны. Розуму мае, адвагі багата, Але ўчынак такі ўжо занадта…
Тут яго думкі пасланец спыняе, З’явіўся і вокам міргае няспынна: Разам пайшлі з ім да левага краю Замка, дзе іх стрэла служка-дзяўчына. Рамвіда пані сама спатыкае, Дзверы, упусціўшы, за ім замыкае. „Дрэнная, радца мой добры, падзея! Але і суму і роспачы годзе. Хоць падвяла нас сягоння надзея — Заўтра шчасліўшае мо надыходзе. Будзем цярпець і не трэба голасу І між салдат, і між чэлядзі дворнай, Паслоў адправім да іншага часу, Каб Літавор у злабе сваёй чорнай З імі ў саюз не ўвайшоў. Гнеў астыне — І думку ганебную князь наш пакіне.
Ты не палохайся, неяк жа будзе. Князя намерам нішто не пашкодзіць, Войска і потым паспееш ты згрудзіць, Як сэрца князя час не ахалодзіць. Сёння меў ехаць… Скажу табе дружа: Гэтай выправе не веру я дужа. Толькі ўчора ступіў на парог ён. Толькі што зняў з грудзей сваіх зброю, Не адпачыўшы зусім ад дарогі… І каб сягоння зноў рушыў у бой ён?..“
„Ты памыляешся, пані Гражына: Адтэрміноўкі ніякай не будзе. Хутка надыдзе благая гадзіна — Позна, гатовы і коні і людзі… Хай бы княгіня мне пераказала, Як князь прыняў яе ўчора з’яўленне?“— Пэўна. Гражына б усё расказала, Ды перашкодзіла раптам здарэнне.
Коннік з’явіўся на княжым дзяціны; Вось увайшоў у пакоі Гражыны — Вестку прынёс ад літоўскай дружыны, Што вартавала на лідскім гасцінцы. Немца ў палон захапілі, ён кажа: Іх правадыр войска грознае рушыў,— Кнехты ідуць і абозы з паклажай,— Моцна разгневаны, слова парушыў І, як казаў той нямецкі палонны, Наступ на замак рыхтуе шалёны. Хай Рымвід зараз жа да князя скочыць, Хай князь з загадамі часу не бавіць: Ці на мурах абарону паставіць, Ці стрэне ў полі іх, вочы ў вочы. Варта так лічыць, што было б нядрэнна, Крадком прайшоўшы, таемнай дарогай, Конніцу знішчыць ударам імгненным, Перш чым гарматы прыйдуць з дапамогай. Мы іх загонім у багну, да рова, Рыцараў іхніх, і зломім і зложым, Пешых жа кнехтаў усіх пад падковы, Кодла змяінае ўсё іх паложым.
Рымвіда моцна здзівілі навіны, Дзіўны былі яны і для Гражыны. „А дзе ж паслы?“ — закрычала Гражына. Служка збянтэжаны нейкае мгненне Моўчкі ў твар ёй гледзеў са здзіўленнем, Не разумеючы гневу прычыны. „Слова тваё мы выконваць павінны, Хіба княгіня забылася? Уранку, Пеўні другія калі праспявалі, Князеў загад мы паслам перадалі, Як ты казала, каб ехалі з замку“.
„Так…“ — Прашаптала, збялеўшы, Гражына. Твар быў збянтэжаны і ўсхваляваны. „Так…“ — Зноў прабегла маўкліва хвіліна. — Праўду ты кажаш, было загадана,— Помніць пра эта была я павінна… Што ж мы стаім? Пабягу я да пана…»— Стала, маўчыць, прыімжурыўшы вочы, Голаў схіліла, дзе ўжо ўзрастала Мысль, покуль цёмная, як цемра ночы, Але што далей, яна ўсё світала. Мысль даспявала, рабілася явай. Цвёрда рашыла і рушыла жвава.
«Добра, яшчэ раз будзіць іду мужа… Войска ж збіраецца хай у дарогу, Князю каня асядлаць варанога, Вынесці зараз жа рэшту аружжа. Усе быць павінны гатовы да бою, Іменем князя загад мой адданы; Рымвід, адказваеш мне галавою! Мэты паходу хай будуць схаваны, Ані казаць, ні пытацца да ранку… Выйдзе й князь, чакайце на ганку».