Выбрать главу

Я не бачыў твараў маіх студэнтаў, але ўпершыню адчуў — у інтанацыях адных, у маўчанні другіх — не проста нязгоду, але варожасць. Быццам ім сама слепата мая, мае чорныя акуляры непрыемныя, агідныя. Не, яны не згаджаліся ні на якую «абарончую рэакцыю» ставячы сябе на месца таго атрада!

I дзякаваць богу! Хоць занадта многае ў жыцці паўтараецца, але праўда ўсё ж ix, хто не жадае ў такое верыць. Гэта праўда вясны, якая не хоча знаць, што паўторыцца i восень, i зіма. Гэта праўда юнацтва, якое не верыць, што ў іншых пачыналася вось гэтак жа. I блаславёнай хай будзе рака, што пачынаецца чыстай i светлай крынічкай: нават калі б крынічка ведала, што нізоўі ракі забруджаны, гэта не спыніла б яе. Рэчку можна ачысціць. Але гэта не мела б ніякага сэнсу, каб не бруіла чысціню пачатковая крынічка, падземная вада…

Вось як… А мае першае партызанскае каханне — зусім не Глаша. I Глашу я пакахаў як бы водгукам ад яго, ад Касача. Так, Касач! Хлапчукоўскае, смешнае, але з якімі парываннямі, фантазіямі, крыўдамі i paдасцямі — інакш як i назавеш гэта, калі не каханнем!

Яшчэ да таго, як прыйшоў у атрад, наслухаўся: «Касачоўцы, ого, не кожнага возьмуць да сябе!», «Узброеныя, як дэсантнікі!», «У Касача — адны кадравікі, ваяваць умеюць!», «Касачоўцы бой вядуць», «Kacaчоўцы, касачоўцы».

Хацелася стаць не проста партызанам (ix нямала праходзіла праз нашу вёску), але абавязкова — касачоўцам.

Зброю, без якой да ix не прасіся, я здабыў. А спосаб падказаў мне «Хведзька — вераб'іная смерць» — рабы, як вераб'інае яйка, сын калгаснага бухгалтара. Яму было ўсяго толькі пятнаццаць — на два гады маладзей за мяне, — i каб пазбавіць мяне гэтай маёй перавагі, Хведзька ўвесь час толькі i вышукваў, чым бы пахваліцца.

Гэтым разам ён дастаў з дупла дзве гранаты-«лімонкі» i паказаў мне — я стаяў пад дрэвам:

— Што, чуў, кум, сонца? Бачыў, кум, гром?

Мяне гэта так уразіла, што ён не вытрываў i наважыў мяне даканаць. Павёў да балота, з-пад яловага пня-вываратня дастаў загорнутае ў кавалак брызенту тое, пра што я даўно марыў: іржавую, з падгнілым прыкладам, але самую сапраўднўю вінтоўку! Цяпер i дурню было зразумела, што мая перавага над ім у два гады — непаразуменне i нахабства.

— Будзе i табе, — сказаў Хведзька, палагаднеўшы, — у ix такога дабра многа.

Я не зразумеў.

— У нябожчыкаў,— растлумачыў Хведзька. — А што?

Я міжволі паглядзеў на свае пальцы, якія неяк адразу зрабіліся ліпкія. Вось чаму дрэва на вінтоўцы чорнае, нібы абгарэлае!

Назаўтра мы выправіліся на могілкі, што ў сасонніку на пясчаных грудах. Тут закопвалі ў 41-м. Дзе забіты, там i пахаваны — кожны ў сваім акопчыку. (Баі ў нас на Палессі грымелі доўга: ужо Смаленск немцы ўзялі, а тут, у лясах, на балотах, ix стрымлівалі бронецягнікі i конніца вусатага Акі Гарадавікова — як у грамадзянскую.)

Жоўтыя пясчаныя грудкі акопчыкаў-магіл аселі, ix зацягнула верасам, як маскіровачнай сеткай. Хведзька сеў пад куст, закурыў, я стаяў перад ім з рыдлёўкамі, гатовы папрасіць: «Лепш не трэба!»

— Ну? — спытаў ён хмура.

Я не зразумеў.

— Наняў ты мяне? Арбайтэн!

Я, мусіць, пачырванеў.

— Дай! — ён вырваў з маіх рук рыдлёўку. — У нябожчыка зубы не баляць!

Жоўты вільготны жвір, яркі, як свежая кроў, паступова вырастае каля нас, а мы ўсё апускаемся ў зямлю. Я раптам выскачыў наверх; падалося, што зямля пачала асядаць, папаўзла пад босымі пятамі.

— Па вадзіцу пабег? — пагардліва крычыць Хведзька.

— Цесна… дваім, — тлумачыў, каўтаючы ліпкую сліну.

Нешта чорнае выкінуў Хведзька на жоўты жвір, — як гарэлая папера.

— Нямецкі… гузікі нямецкія… Няма тут ні халеры!

— Чаму? — прымушаю сябе цікавіцца, хоць мне аднаго цяпер хочацца: пайсці адсюль, уцячы. Такое адчуванне, быццам страціў нешта назаўсёды.

Як гаспадыня бульбу ў карыце, Хведзька сячэ рыдлёўкай у яме, прыслухоўваючыся, ці не стукне аб жалеза рыдлёўка.

— Я ж кажу! У іхніх не бывае — праверана. Сваіх яны закопвалі без зброі.