-- Ой, цёця! То мы вінаваты, цёця!
-- Не кажыце глупства! -- зазлавала Магда. -- Вы? Вы хочаце сказаць, я павінна была пакінуць вас?!
-- Перапрашаем, мы сказалі гэта не падумаўшы...
-- І вось часам я люблю пакласьці перад сабой гэтыя рэчы й глядзець на іх. Там маё жыцьцё, мае мары, пляны, надзеі... Але я адчуваю, што я зрабіла правідлова -- на сэрцы маім няма дакору... Я аддала маё жыцьцё вам, і я задаволена гэтым! Ніхто не папракне мяне!
-- Скажыце, а дзе ён цяпер, гэты дзіўны Яміла? -- запытаў Алесь.
-- Гэты самы хлопчык? А ён нейдзе працуе... Але, магчыма, вы яго хутка ўбачыце, вельмі хутка навет!
Насьценны гадзіньнік адзваніў дванаццаць. На вуліцы пачуліся вясёлыя галасы моладзі. Ракеты расьпісвалі ў розныя колеры неба. Гудзеў самалёт. І ў гэты мамэнт пачуліся крокі на ганку. Магда хуценька накінула на плечы цёплую хустку й выйшла ў калідор. Цераз мінуту ўвяла ў пакой ужо зусім сівога, але моцнага чалавека. Зьміцер і Алесь узьняліся зь мейсца.
-- Вось ён, гэты самы хлопчык Яміла! -- прамовіла зь хітраватай усьмешкай.
-- З Новым Годам! -- прывітаўся ўвайшоўшы.
-- Цёця, -- вырвалася ў пляменьнікаў замест адказу на прывітаньне, -- але-ж гэта наш прафэсар з Акадэміі Мастацтваў!?
-- Сёньня няма прафэсараў -- сёньня ёсьць сябры! -- адказаў той.
І яны, як найлепшыя прыяцелі, прывіталіся. Зьміцер падмігнуў цётцы й прамовіў:
-- Кажаш -- хлапчук!?.
-- Так! Цудоўны хлапчук! Ён і дапамог мне падняць вас да людзей...
-- Ну, што-ж, можа, яшчэ й ня позна?
-- Не, гэта ўжо прайшло... -- адказала.
Падышла да ложка, хутка сабрала свае рэчы й кінула іх у сундук.
--Так, «птушаняткі», пра што была мова? -- запытаў з усьмешкай прафэсар.
-- Ды вось, успаміналі справы даўно мінулых дзён, паданьні старыны глыбокай!.. Але ня так ужо й глыбокай, паколькі справы гэтыя яшчэ ў памяці...
Нью-Ёрк, 1965
Акупанты
Мацей у гэты дзень мусіў устаць рана: трэба было ехаць да млыну за дваццаць кілёмэтраў ад дому й вярнуцца назад дацямна, бо пазьней рух забаронены вайсковымі ўладамі. Выехаў яшчэ пры зорцы Вэнеры на ўсходзе. Да млыну даехаў шчасьліва: ніхто нідзе яго не затрымаў, і адказваць, куды ён едзе й што вязе, нікому ня трэ’ было. Але, змалоўшы і едучы назад, на краю таго мястэчка, дзе быў млын, адразу-ж натрапіў на нямецкі патруль.
-- Halt![14]
Мацей зразумеў: трэба спыніцца.
Да возу набліжаўся ў вялікіх фільцаках немец. Пад пахай трымаў кароценькі аўтамат.
-- Was haben sei?[15] -- спытаў, паказваючы на мяхі.
Мацей і гэта зразумеў: што вязеш? Але адказаць па-нямецку ня мог. Толькі паказаў на свой рот і з ухмылкай прамовіў:
-- Гам!.. Гам!..
Немец нахіліўся над возам і памацаў мяхі.
-- Mehl?[16]
Мацей гэтага слова ня ведаў і не адказаў нічога. Жаўнеру гэта паказалася падазроным: ён меў загад затрымліваць усіх з вазамі, бо сталі частымі выпадкі падкладаньня мінаў. Азірнуўся, каб паклікаць каго, хто мог-бы дапамагчы ў перамовах, але на вуліцы нікога ня было.
-- Zuruck![17] -- загадаў, паказваючы, што трэба ехаць назад. Тут Мацей інстынктам адчуў, што пачынаецца клопат. Стараўся пераканаць, як мог, немца, што на возе толькі мука й што ехаць яму далёка, а рух дазволены толькі дацямна; і што хата там засталася адна, жывёла не дагледжана; і калі-ж ён вернецца, у такім выпадку, дадому? Немец яго не разумеў, а ён -- немца. Урэшце вырваўшы з рук Мацея лейцы, немец досыць злосна нешта выкрыкнуў і, падскочыўшы, усеўся на мяхох з мукой.
На заставе, куды яны прыехалі, Мацея прымусілі зьняць з возу і аднесьці ў памяшканьне мяхі. Пакуль ён гэта рабіў -- і ад клопату, што здарылася гэтая прыкрасьць, -- ён аж спацеў. Зьдзеў кажух і, паклаўшы яго на воз, стаў каля мяхоў, каб пільнаваць муку. Белабрысы фэльдфэбаль зь зялезнай каскай на галаве загадаў жаўнерам праверыць мяхі. Два ізь іх, каб ня брудзіцца мукой, пачалі багнетамі пароць у мяхі. Мацей зь вялікім абурэньнем глядзеў на гэта, але сказаць нічога ня мог.
Праз папаротыя мяхі мука пачала сыпацца на падлогу. Фэльдфэбаль флегматычна зірнуў на гэта й пайшоў прэч, а за ім і тыя з багнетамі. Застаўся адзін толькі жаўнер, ужо стараваты, з пасівелымі вусамі, што стаяў увесь час убаку і, пакручваючы файку, моўчкі пазіраў, што робіцца наўкола. Быў ён з абветраным сялянскім тварам і з грубымі рукамі; на адным з пальцаў віднеўся срэбны шлюбны пярсьцёнак. Цяпер ён падышоў да Мацея й пачаў тлумачыць, што рэвізыя скончана й прасыпаную муку трэба сабраць у мяхі.