Выбрать главу

-- Зразумеў? -- спытаў раптам па-беларуску.

Мацей аж войкнуў ад радасьці: знайшоўся чалавек, зь якім можна пагутарыць! Падзякваў немцу за параду й спытаў, дзе ён навучыўся размаўляць «па-нашаму».

-- Тут! -- адказаў немец.

-- Так хутка!?

-- О, не! Я доўга жыў у Ашмяне й Маладзечне ў тую першую вайну...

Мацей паскардзіўся: хутка стане цёмна, а яму ехаць дваццаць кілёмэтраў, і зноў дзе-небудзь затрымаюць. У адказ на гэта стары жаўнер прасьпяваў:

-- Ночка цемны -- я баюса, прывяды мне Маруса... -- і голасна зарагатаў.

Мацей таксама ўсьміхнуўся, але падумаў: «Добра яму рагатаць, калі ён на мейсцы».

-- А ты -- ехаць, ехаць! Ня бойса! -- зазначыў немец і пачаў дапамагаць Мацею класьці мяхі на воз, каб паскорыць ад’езд.

-- Ня добра вайна! -- уставіў Мацей.

-- Ja, schlecht!..[18]

Мацей з сымпатыяй зірнуў на яго і ўзьлез на воз. «От, забралі і старога, у другі раз, пагналі на чужы край, -- падумаў. -- А там, можа, таксама няма каму жывёлу дагледзець...»

-- Ну, ехаць, ехаць! Баба твой чакае -- хоча печ бліны...

Мацей гаротна зморшчыўся.

-- Няма ў мяне бабы! -- адказаў прачулена. -- Бонбай пазабівала й дзяцей і бабу, як ішоў хронт...

Жаўнер падаў яму руку й моцна паціснуў яе.

-- Ведаю, -- адказаў, -- шмат такіх!

* * *

Клопаты з затрымкай атабралі ў Мацея шмат часу, але на гэтым прыкрасьці яшчэ ня скончыліся. Пры выезьдзе за мястэчка яго зноў спынілі жаўнеры і, ня пытаючыся, куды ён едзе, паклалі на воз свае торбы з кацялкамі, запаснымі ботамі, газавымі маскамі і скруткамі коўдраў. Мацей жахнуўся: няўжо куды везьці!? Гэта-ж і так мала часу! Калі-ж ён будзе дома?

Жаўнеры падганялі.

-- Schnell, schnell, Mensch![19]

На шчасьце, немцы ехалі ў тым самым кірунку. «Пэўна, нейдзе лясныя хлопцы напракудзілі? -- падумаў. -- Добра яшчэ, што ў адну дарогу! А то, як ім вытлумачыць, што далёка дадому, а рух дазволены толькі дацямна? Гора -- без языка!» Жаўнеры намагаліся вытлумачыць яму, каб ехаў шпарчэй. Мацей і сам быў зацікаўлены ў гэтым, але для каня цягнуць гэтакі воз -- пяць асобаў, ды торбы іхныя, ды сам, ды мяхі -- было зацяжка.

Урэшце ён пачуў ад жаўнераў: Фасылеўка. «Ага, значыць, якраз у маю Васілеўку, дадому. Ну, дык яшчэ дзякаваць Богу! Можа, як-кольвек дабяруся...» Жаўнерык, самы малады, амаль дзіцё, атабраў у яго лейцы й пугу, усеўся побач і пачаў панукаць каня:

-- І-га! І-гі! -- па-швабску.

Але конік не разумеў немца: як жаўнерык ні намагаўся, рух заставаўся такім-жа павольным, як і раней. Кінуў пугу й лейцы й вылаяўся па-свойму. Тады і іншыя немцы пачалі жартаваць з Мацея і зь ягонага каня, які толькі пакручваў пасьля кожнага замаху ўдарыць яго сплеценым шэрымі «ваўчкамі» хвастом.

Праехалі вёску Сьвірыдаўку -- ужо недалёка ад Васілеўкі. Тут іх дагналі яшчэ хурманкі з жаўнерамі. Сярод іх быў і той стары. Убачыўшы Мацея, ён зноў засьпяваў: «Ночка цёмная, я баюся» -- і зарагатаў. Некаторыя з жаўнераў, дастаўшы із сваіх ранцаў ёміну, пачалі закусваць. І Мацей успомніў, што ён сёньня зусім нічога ня еў, і яму дужа захацелася дастаць хоць кавалак хлеба, але торба была нейдзе ў сене, пад жаўнерскімі ранцамі. «Бульбачкі-б цяпер печанай з капустай, -- падумаў, -- сопкай гэткай, цёпленькай, як, бывала, пры нябожчыцы. Зямелька ёй тамака пухам! Бог ім некалі аддзякуе за гэтыя забойствы і тым і другім -- абое рабое!..» Потым пачало ўспамінацца жыцьцё апошніх год. «Тыя, хоць і з аднаго кодла, а зусім ня дбалі пра людзей: абяцалі рай, а далі пекла!.. Пазамарылі людзей гэнымі калгасамі ды яшчэ вайну наклікалі... Вялікі саюз савецкіх народаў! У гэтых вялікіх усё на мане трымаецца!..» І Мацей упершыню адчуў да іх сапраўдную злосьць. «Хітруны! Усякім спосабам хочуць ашукаць! Мы-ж асобнае гаспадарства, а дыхнуць вольна не даюць! Няўжо мы не маглі-б неяк пагадзіцца із сваімі суседзямі, каб ухіліцца ад войнаў?! От-жа сядзяць там сабе ціха гэныя швайцары ды свэны! А тут заўсёды таўкуцца! Былі-б самі сабой, усё-ткі гэта дапамагло-б, а так «старэйшы брат» робе што хоча... А цяперака вось яшчэ гэтыя!.. Каб Бог даў перажыць як-кольвек гэта ліха!»

І Мацею горача захацелася сказаць: «У імя Айца й Сына і Духа Сьвятога» і пераксьціцца, але, каб не дражніць немцаў, ён толькі зьдзеў шапку й махнуў рукою перад галавой.

Праехалі міма паразьбіваных і папаленых панцыраў, на некаторых яшчэ відаць былі савецкія знакі. «От, абдзіралі людзей на гэтае зялезьзе, і ўсё пайшло намарна... Ды яшчэ няведама, чым гэта ўсё скончыцца. Можа, павымрам усе з галадухі або зь якой пошасьці...»

вернуться

18

Так, дрэнна!..

вернуться

19

Хутчэй, хутчэй, чалавек!