Выбрать главу
* * *

У Піліпавай хаце яшчэ ня спалі і стрэл чулі. Чакалі: вось ён хутка зьявіцца, як звычайна, з зайцам у рукох. Тым часам прайшло з паўгадзіны пасьля стрэлу, а потым і гадзіна, а ён не вяртаўся. Западозрылі нешта няладнае. Спусьцілі з ланцуга Палкана, які ўжо хвілін за пятнаццаць-дваццаць перад стрэлам пачаў гучна брахаць і ірвацца з ланцуга...

Сабака зараз-жа кінуўся за гумно. Пайшлі ўсьлед за ім: Палкан стаяў над Піліпам і жаласьліва візчэў, ліжучы гаспадару рукі. Піліпа паднялі й павялі да хаты, падтрымліваючы подручкі. Палкан абнюхаў сьляды ваўка й кінуўся ў кірунку імшараў...

Убачыўшы Піліпа ў крыві і з разарванай шчакой, у хаце ўсе перапалохаліся. Толькі адно слова «воўк!» мог сказаць ён. Пабеглі да настаўніцы па ядынку. Тая сама прыйшла зрабіць апатрунак...

Калі ўсё было скончана й Піліпа паклалі ў пасьцель, успомнілі пра Палкана. Мужчыны ўзброіліся калкамі і пайшлі яго шукаць. Ад мейсца стрэлу воўк прайшоў яшчэ кілёмэтры два. Палкан дагнаў яго ў імшарах. Ратуючыся ад злоснага й дужага сабакі, ён забіўся пад лапнік густой ёлкі і адтуль агрызаўся. Сабака не рызыкаваў кінуцца на яго, стаяў і злосна брахаў. І толькі тады, як падышлі з калкамі людзі, кінуўся на ваўка й пачаў яго ірваць зубамі. Зьвер выкаціўся з-пад елкі й быў прыціснуты калкамі...

1930

Пернікавае сэрца

Немцы пачынаюць аджываць. У гэтым перакананы навет наш мастак Вохра. Праўда, ня ёсьць ён мастак палітры, а па паўлітру, пасьля чаго вельмі ўдала расфарбоўвае ў розныя колеры, асабліва ў сіні, сваю жонку. Дык ён цяперака «перабудаваўся» адносна аджываньня немцаў. Раней казаў: «Бяз чужынцаў ім і за сто год ня вылезьці з руінаў. Ды яны й чакаюць толькі, каб каго зноў запрэгчы!..» А цяперака ўжо -- не, так ня кажа: немцы пачынаюць аджываць!

Вось тутака, у крайсавым, як па-нашаму, у павятовым месьце, адбыўся перадкалядны кірмаш. Зьехаліся ня толькі баўэры з усяго краю, але ўсе, хто толькі мог. І навет зь іншых мяйсцовасьцяў. А Вохра запэўнівае, што навет зь іншых панстваў-гаспадарстваў, як Гэсэн, Саксонія, Вайсрутэнія[20]... Можа й так, праверыць нам цяжка. Але пэўна тое, што людзёў, як кажа Вохра, было тутака ўсялякіх: і баварцы ў сваіх рознафарбавых туалетах, і звычайныя немцы, і, можа, саксонцы -- Бог іх ведае! -- і вайсрутэньяны, як суседы... Гутарка тутака адбывалася на ўсемажлівых мовах.

Вось і мы з Вохрай выправіліся на кірмаш. Што датычыць мяне, то я ня так для таго, каб што купіць, бо грошы мне няма адкуль браць, каб купаваць розныя рэчы на кірмашох, -- я ішоў толькі паглядзець, паколькі Вохра запэўніваў, што пазьязджаліся людзі з розных панстваў-гаспадарстваў. Тым болей, што і вецер у гэты дзень дзьмуў якраз у тыл, калі ісьці ў кірунку места...

І праўда-ж, немцы аджываюць проста, як па пляну Маршаля![21] Колькі тут тавараў імі было павыстаўлена ўсялякага! І гэта нягледзячы на вецер, які тут ім ня дзьмуў з тылу. І міскі з самалётавага алюмінію, і розныя забаўкі, цацкі, пісталецікі, гарматкі... І ўсё гэта, як я добра прыгледзеўся, то з пабітых самалётаў, то з танкаў і іншых падобных рэчаў, так што я навет падумаў: «Рэалістычныя немцы ўрэшце знайшлі правільны кірунак жыцьця, перарабляючы зброю ў дзіцячыя цацкі, і каб усе народы (за выключэньнем, зразумела, вайсрутэньянаў, бо мы такіх рэчаў яшчэ не будавалі), каб усе народы зрабілі так, то ня трэба было-б спрачацца ні за Руру (як Вохра называе Рур), ні ў будучыні за Ўрал і Данбас. Жыцьцё пайшло-б зусім у мірным кірунку, і дзеці ўсяго сьвету былі-б цалкам задаволеныя!.. Былі тут і пернікі, выпечаныя ў розных формах: у форме Nikolaus'аў[22] зь белай барадой, сагнутых пад цяжкасьцю падарункаў, якія яны несьлі ў торбах для дзяцей; у форме сэрцаў розных якасьцяў і вялічыняў зь дзірачкамі пасярод, празь якія працягнуты шнуркі (гэта для таго, каб купіўшы зараз-жа мог яго павесіць за гузік на грудзях); і кілбасы, ліверныя і крывяныя, яблыкі -- усяго не пералічыць. І ўсё гэта, галоўнае: «onhe Karten»[23].

Вохра, хоць і яму ня было дзе браць грошаў, меў якіясьці «фэнікі». Вось мы сабе ходзім паміж баварцамі ды іншымі. Некаторыя зь іх ужо абвесіліся пернікамі-сэрцамі, адламваюць па кавалачку, смакуюць. Што датычыць мяне, то дай Божа сваё як-кольвек уцаліць! На што мне яшчэ куплёнае сэрца? Я ўсё хадзіў і то там, то тут прыцэньваўся, бо ўсё роўна ведаў, што нічога ня куплю. Але цікава так хадзіць... Што датычыць Вохры, то той усё бегаў у «Gasthaus»[24] грэцца півам, якое ён разбаўляў прынесенай у кішэні «пяцісмакаўкай» (гэта -- гарэлкай з назовам ад прозьвішча таго, хто яе гнаў, хаця я і сумняваюся, каб Пяцісмак гнаў гарэлку). Але Вохра, нагрэўшыся, хутка мяне знаходзіў.

вернуться

20

Назва Беларусі ў часы нямецкай акупацыі 1941-1944 гг.

вернуться

21

Праграма аднаўленьня і разьвіцьця Эўропы пасьля другой сусьветнай вайны на аснове амэрыканскай эканамічнай дапамогі; праграма прапанавана ў 1947 годзе Дж. К. Маршалам.

вернуться

22

Сьвяты Мікалай, які прыносіць дзецям падарункі. Традыцыйны калядны падарунак -- пернікавы Nikolaus.

вернуться

23

Без прадуктовых картак.

вернуться

24

Невялікі гатэль з рэстаранам.