Выбрать главу

-- Пупсік, Мопсік... Wie heisst du?

Але тое, што адбылося ўрэшце, я навет ня мог прадбачыць. А прадбачыў я шмат! Чацьвёртага верасьня трыццаць дзявятага году я прадбачыў вайну, і яна пачалася першага. Я ехаў Eilzug'ам[28]. На аднэй астаноўцы ў вагон увайшоў баварац з двума псюкамі на рукох, захінутых шалікам. Каля мяне было адно мейсца, але баварац прайшоў міма. Я быў задаволены, бо ня люблю таварыства псюкаў... І якраз не пашанцавала: баварац з псюкамі вярнуўся й сеў на тое мейсца, што было каля мяне. То ня быў баварац. То быў Грукацень. І псюкі, якіх ён трымаў, наколькі я ня мылюся, былі тыя самыя, якіх мы калісьці спаткалі. З далікатнасьці прыйшлося павіншаваць яго з купляй, бо мне-ж было ведама, якая пяшчота ў сэрцы майго знаёмага да гэтых істотаў. Але Грукацень быццам сем начэй ня спаў і толькі штосьці прабурчэў у адказ. Мне вельмі хацелася запытаць, ці шмат заплаціў ён за псюкаў, бо я ўжо чуў, што адзін такі псюк каштуе да двух тысяч даляраў (і гэта мяне вельмі зьдзівіла!). Але Грукацень сядзеў і гладзіў сваіх псюкаў з такой пяшчотай, што я наважыў не перапыняць яго ў гэтым. І раптам праз некаторы час зьявіліся два паліцаі. Убачыўшы псюкаў, яны адразу-ж затрымаліся, нібы зачараваныя, і адзін зь іх паказаў на Грукаценя пальцам:

-- Das ist er![29]

-- Komm! Komm![30] -- загадаў другі сувора.

І павялі Грукаценя.

Тады я зразумеў сабачы інтэрас, які раптам ахапіў майго знаёмага. Ён краў пародзістых сабачак і збываў іх у іншым мейсцы. І гэты заробак -- для такіх асоб, як Грукацень, бо заместа праўдзівага ў іх пернікавае сэрца...

1949

Першыя цаглінкі

Калі Кастусь увайшоў у двор, Сымон стругаў абручы ў прыклетніку. «Майструе баця, як заўсёды, -- з прыемнасьцю падумаў Кастусь. -- Гэта добра!» І ўспомніў, як, бывала, езьдзіў зь ім на кірмашы прадаваць ягоныя вырабы: розныя бачонкі, цабэркі, даёнкі, біклажкі і іншае. «Дасьціпны баця! Усё гарыць у ягоных рукох!» -- з гонарам падумаў зноў.

Сымон адарваў вочы ад стругу, які гладка й лёгка рэзаў мяккую ляшчыну, і зірнуў на ўвайшоўшага, быццам-бы на хвілінку задумаўся, а потым з выразным незадавальненьнем спытаў:

-- Вам што, таварыш, патрэбна?

Кастусь усьміхнуўся, падумаўшы, што бацька хоча зрабіць зь ім жарт, і нічога не адказаў. Сымон павярнуў ляшчыну да сябе другім канцом, заціснуў яе зноў у варштаце й нарыхтаваўся стругаць яе далей. Кастусь падышоў і ўзяў струг зь ягоных рук.

-- Баця, не пазнаеш мяне ці што?

Сымон падняў на яго вочы, павёў па ягоным схудалым твары, па вайсковай памятай і даўно ня мытай кашулі, па заношаных штанох і ботах у дзюрах, і твар ягоны раптам скрывіўся і зморшчыўся ў канвульсыях непаўстрыманага болю. Зьлез з варштат і памалу, угнуўшы галаву, пакульгаў у хату. Узышоў на ганак і тады абярнуўся да сына й зноў павёў вачыма па ягонай схудалай постаці. Сьляза выкацілася зь ягоных вачэй -- ён хуценька змахнуў яе рукавом насову. Паціху сказаў:

-- Ну, дык што-ж цяперака?! Хадзі ўжо ў хату!

Кастусь таксама адчуваў сябе нядобра й прыгнебенай, няёмкай постацьцю ўзьняўся на ганак і ўвайшоў усьлед за бацькам у хату.

-- Яшчэ аднаго вядзеш? -- вымавіла Параска. -- Няма чым частаваць!

Сымон ненатуральна -- зь нейкім нутраным болем -- зарагатаў.

-- Ты азірніся найперш уважлівей, зь кім маеш дачыненьне! -- сказаў.

-- Зь кім!? Шмат іх тутака швэндаецца -- і зялёных і чырвоных, усіх не начастуешся, каб навет маёнтак мелі!..

Раптам скоса зірнула на незнаёмага і потым усё болей і болей пачала ўзірацца ў Касьцюковыя вочы, і тады чапяла вырвалася зь ейных рук і бразнулася аб падлогу.

-- Маманька! -- выкрыкнула, хапіўшыся за сэрца Параска. -- Ой, маманька! -- і закружылася па хаце, як падстрэлены птах. -- Сыночак мой, як з таго сьвету, -- косьці ды скура.

Патэльня зь недапечаным блінам засталася стаяць на прыпечку.

-- Мама! На паўдарозе да таго сьвету, праўда, быў! -- прамовіў Кастусь, кіруючыся да маці, каб прывітацца па-сыноўску. -- Два! -- узьняў угару два пальцы. -- Два дужа цяжкія тыфусы звалілі мяне -- ледзь-ледзь выжыў!

Сеў на лаўку, быццам згубіўшы сілы.

-- От, нам і казалі, што ты памёр нейдзе там у шпіталі...

вернуться

28

Хуткі цягнік.

вернуться

29

Гэта ён.

вернуться

30

Ідзі! Ідзі!