Як толькі плыт з цабэркаў убачылі з гарадскіх масткоў, адтуль адразу ж павеславалі насустрач чоўны і некалькі галасоў пра-крычалі вітанні. Потым працягнулі вяроўкі, эльфы налеглі на вёслы, і хутка плыт быў выцягнуты з Лясной Ракі і прыгнаны ў ціхую затоку Азёрнага Гораду, за скалістую касу. Там плыт пры-швартавалі каля найбліжэйшага да берагу краю моста, што вёў у горад. Хутка з'явіліся б сюды людзі з Поўдня, забралі б колькі бочак з сабою, а астатнія тутэйшыя жыхары напоўнілі б таварамі, што прывезлі для эльфаў людзі з Поўдня, і адправілі назад, уверх па Лясной Рацэ. Пакуль жа бочкі пакінулі плаваць, а эльфы-плытагоны разам з людзьмі скіраваліся павячэраць у Азёрны Горад.
Вось здзівіліся б яны, калі б убачылі, што адбылося пазней, калі згусціліся начныя цені, а плытагоны паселі баляваць- Перш за ўсё, Більба, перарэзаўшы вяроўкі, вызваліў адну з бочак, пад-штурхнуў да берага ды адчыніў. Адтуль данесліся енкі, а за імі на бераг выпаўз няшчасны гном. 3 барады ягонай тырчала мокрая салома, ён так скачанеў ды змярцвеў, такі быў пабіты ды рас-трушчаны, што ледзь здолеў устаць і дакульгаць па мелкаводдзі да берага, а там і лёг, стогнучы. Выгляд ён меў такі галодны, знясілены ды злы — нібы сабака, якога пасадзілі на ланцуг дый забыліся ў будцы на тыдзень. Гэта быў сам Торын, але пра тое здагадацца можна было толькі па залатым ланцугу, ды па рэштках капелюша нябесна-блакітнага колеру — а цяпер бруднага ды падрапанага, з пабляклым срэбным кутасам. Шмат часу прайшло, перш чым Торын набраўся сілаў, каб быць хоць крышачку ветлівым з хобітам.
— Добра, але — мёртвы вы ці жывы? — спытаў у адказ на такое Більба даволі раззлавана. Верагодна, ён забыўся, што ў яго было, па меншай меры, на адно неблагое харчаванне болын чым у гномаў, і што ён мог варушыць рукамі ды нагамі, не кажучы ўжо пра дастатковую колькасць паветра.
— Ці ж вы ў турме, ці на волі? Калі вы галодны, калі жадаеце далей цягнуць гэтую бязглуздую авантуру (яна — цалкам ваша ідэя, не мая), тады лепш паварушыце рукамі, патрыце ногі й дапамажыце мне вызваліць астатніх з бочак.
Зразумела, Торын згадзіўся, што гэта самае разумнае ў да-дзеных абставінах, і пасля яшчэ тузіна стогнаў узняўся й дапамог хобіту, як здолеў. Бадзяючыся па вадзе ў цемры, гэта была не надта лёгкая ды вельмі небяспечная праца — адшукаць па-трэбныя цабэркі. Грукалі ды слухалі, а знайшлі толькі шэсць гномаў, якія мелі сілы адказаць. Іх распакавалі й дапамаглі ім дабрацца да берага, дзе яны і паляглі, стогнучы ды буркочучы. Так яны вымаклі, такія былі знясіленыя, што і не зразумелі адразу, вызвалілі іх ці не, і ўдзячнасці аніякай не адчувалі.
Больш за астатніх не пашанцавала Баліну ды Дваліну. Іх прасіць пра дапамогу карысці не было. Біфуру з Бафурам да-сталося менш, яны не так вымаклі, але ж палеглі на беразе і рабіць што-небудзь іншае адмовіліся. Аднак Філі і Кілі, якія былі маладзейшыя (для гномаў) і запакаваныя больш утульна з кучай саломы ў меншых бочках, выбраліся вонкі амаль усмі-хаючыся, ну можа, з сіняком-другім, ды трохі змярцвелыя, што хутка прайшло.
— Спадзяюся, у жыцці больш яблыка не панюхаю! — сказаў Філі. — Уся мая бочка прапахла імі. Увесь час адчуваць яблычны пах, калі варухнуцца амаль не можаш, змерз і галодны як сабака — звар'яцець можна! Я б цяпер усё на свеце з'еў, гадзінамі б жэр — але не яблыкі, крый нябёсы, не яблыкі!
3 добраахвотнай дапамогай Філі і Кілі, Торын з Більба нарэшце знайшлі рэшту кампаніі ды павыцягвалі вонкі. Бедны таўстун Бамбур ці тое спаў, ці згубіў прытомнасць, Доры, Норы, Оры, Ойн ды Глойн амаль патанулі і былі ледзь жывыя. Іх давялося несці аднаго за адным на бераг ды класці шэрагам — ачуняць.
— Добра! — сказаў Торын. — Нарэшце дзякуючы шчаслівай нашай зорцы ды спадару Торбінсу дабраліся. Упэўнены, спадар Торбінс, безумоўна, заслужыў найвялікшую падзяку, хоць я быў бы больш удзячны за болын камфортны спосаб перамяшчэння. Але — усе мы зноў найбольш шчыра да вашых паслуг, спадар Торбінс. Безумоўна, пачуццё ўдзячнасці яшчэ глыбей кране нашы сэрцы, калі мы падсілкуемся ды як след адпачнем. А да таго — што ж цяпер будзем рабіць?
— Мая прапанова — Азёрны Горад, — сказаў Більба. — Што яшчэ?
Вядома, нічога іншага немагчыма было прапанаваць, таму, пакінуўшы астатніх, Торын з хобітам ды Філі з Кілі пашыбавалі ўздоўж берага да вялікага моста. Уваход на яго вартавалі, але не надта пільна, бо ўжо даўно асаблівай асцярожнасці не патра-бавалася. 3 Ляснымі эльфамі сябравалі, хіба што з рачнымі тролямі здараліся сутычкі. Іншыя жыхары Поўначы былі дзесьці далёка, а значыць, іх амаль і не было. Некаторыя з гарадской моладзі нават уголас аспрэчвалі існаванне цмока ды смяяліся з сівабародых старых, якія сцвярджалі, што на свае вочы бачылі ў маладосці ягоныя палёты. Нядзіўна, што вартавыя пілі ды рага-талі, седзячы каля вогнішча ў сваёй халупе, ды не чулі ні шуму, які нарабілі гномы з хобітам, адчыняючы бочкі, ані крокаў. Здзіўленне вартавых было непамерным, калі Торын Дубатарч выступіў з-за дзвярэй.
— Хто такі і чаго жадаеш? — закрычалі яны, ускочыўшы ды намагаючыся схапіцца за зброю.
— Торын, сын Трэйна, сына Трора, Караля-Пад-Гарой! — сказаў гном уголас, і выглядаў ён у гэты момант адпаведна, нягледзячы на падраную вопратку да запэцканы капялюш. Золата блішчэла на ягонай шыі і запясцях, з-пад капелюша пазіралі глыбокія цёмныя вочы.
— Я вярнуўся. Я жадаю бачыць Гаспадара вашага гораду!
Мітусня пачалася неверагодная. Некаторыя з дурасці нават за дзверы павыскоквалі, быццам на самай справе чакалі, што Гара ўночы засвеціцца золатам, і ўся азёрная вада пажаўцее ў гэтае самае імгненне. Але наперад крочыў ачольца варты.
— Хто гэта такія? — спытаў ён, паказаўшы на Філі з Кілі і хобіта.
— Сыны дачкі майго бацькі, — адказаў Торын. — Філі і Кілі, нашчадкі Д'юрына, і спадар Торбінс, які падарожнічае разам з намі з Захаду.
— Калі вы прыйшлі з мірам, пакладзіце вашу зброю! — сказаў ачольца.
— Мы бяззбройныя, — сказаў Торын, і гэта была праўда, бо нажы і вялікі меч Оркрыст у іх забралі Лясныя эльфы. Більба меў свой кароткі меч, як і звычайна, схаваны, але нічога пра яго не сказаў.
— Зброя нам не патрэбная, бо мы вяртаемся забраць сваё, як і было прадказана са старадаўніх часоў. Ды мы і не змаглі б змагацца супраць такой колькасці ваяроў. Правядзіце нас да свайго Бурмістра!
— Ён балюе, — сказаў капітан.
— Тым больш прычынаў прывесці нас да яго, — раптам ублытаўся Філі, які пачаў страчваць цярплівасць ад усіх гэтых добрых манераў. — Мы стомленыя і згаладалыя пасля доўгага падарожжа, таварышы нашы хворыя. Давайце паспяшаемся і не будзем дарма губляць словы, альбо ваш Бурмістр, магчыма, скажа вам што-небудзь не надта прыемнае.
— Тады хадзем за мной, — сказаў ачольца, і з шасцю людзьмі павёў іх па мосце праз браму да кірмашовай плошчы. Тое была шырокая круглая прастора спакойнай вады, да якой з доўгіх масткоў спускалася безліч лесвіцаў і прыступак. Вакол на высокіх палях былі пабудаваныя вялізныя дамы. Адзін з іх ззяў мноствам агнёў, адтуль чуліся вясёлыя, святочныя галасы. Варта з хобітам і гномамі ўвайшлі ў дзверы і сталі, міргаючы, перад доўгімі сталамі з вялікай колькасцю народу за імі.
— Я — Торын, сын Трэйна, сына Трора, Караля-Пад-Гарой! Я вярнуўся! — закрычаў Торын уголас адразу ад дзвярэй, не паспеў ачольца і слова вымавіць.
Усе паўскоквалі. Бурмістр выскачыў са сваёй шыкоўнай фатэлі. Але ніхто не быў больш здзіўлены за эльфаў-плытагонаў, якія (бо ж былі асобамі не найвышэйшага статусу) сядзелі за ніжнім сталом у дальнім куце залі. Рушыўшы наперад, да Бур-містрава стала, яны закрычалі:
— Гэта вязні нашага караля, гномы-бадзягі, якія не здолелі нават пра сябе як належыць распавесці, шнарылі па лесе да турбавалі наш народ!
— Ці так гэта? — спытаў Бурмістр. На самай справе, ён палічыў тое значна больш падобным да праўды, чым вяртанне Караля-Пад-Гарой — нават калі такая асоба і існавала.