Выбрать главу
Дзе пакутнікаў здані Па закутках маўчаць — Пасквіль пекнае пані Будзе обер чытаць.
Ну, a людзі не клюнуць На заманлівы «твор». Не паглянуўшы, плюнуць, Скажуць: «Ведамы ўзор!»
Скажуць: «Пані ў аблудзе Шлях абрала крывы...» Я — не іншы, чым людзі. Я — такой жа крыві.
І таму, што не іншы І свой род вызнаю — Ты даруй, Усявышні, Мне пагарду маю.
1992

Мой кароткі адказ

Вы кажаце: я выракся кагосьці? Kaгo? Фальшывых ідалаў-святош, Якім паверыў некалі?.. Ну што ж, Хай Бог даруе хібы маладосці...
Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла, Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць, Ад нівы той, дзе сеяў я, каб жаць, Ад мовы той, што ў цемры мне свяціла,
Не адракаўся i не адракуся! Запомніце: пярэваратнем я Павек не скінуся. Душа мая І ў небе будзе трызніць Беларуссю.
1993

* * *

Не рві сабе сэрца, паэце!.. Пачуў я — ці гэта быў сон?.. Як многа змянілася ў свеце З тых бурна ўзвіхураных дзён.
Якія грамы адгрымелі! Якія дажджы адгулі!.. А зоры зіхцяць, як зіхцелі. А хмары плывуць, як плылі.
Не рві сабе сэрца, паэце! Зноў голас трывожны, як звон. Нішто не змянілася ў свеце З тых горка аплаканых дзён.
1993

Дзённік

Першага студзеня. Сэрца натруджана Так, што здаецца: Сціхла, не б'ецца. Трэцяга лютага. Некалі любага, Мілага ў Бога — Гоняць з парогa. Пятага траўня. Значыць — бяспраўна? Значыць — бяздомна? Значыць — бяздольна? Шостага чэрвеня. Боскае счэрнена. Хіба што ў песні Светла ўваскрэсне? Сёмага ліпеня. Слёзнымі ўсхліпамі Памяць скуголіць, Просіць i моліць. Восьмага жніўня. Больш чым наіўна... Горш чым бяздумна... Горка i сумна! Восьмага верасня. Той, хто зняверыўся Іншым не прыклад... Горка i прыкра! Першага снежня. Горка i смешна — Марыць аб нечым Светлым i вечным.
1993

Памяць

А памяць бунтуе. Напэўна, нішто мне Яе не ўлагодзіць: Як мора — бушуе, І дыбіцца ў шторме, І ходырам ходзіць.
Бясконцыя хвалі Нястрымана гоніць У накіпах белых. І ў тым парыванні Са дна і з прадонніц Выносіць на бераг —
Не скарб для скарбонкі Бурштыны ці перлы — Не знак суцяшэння, А толькі абломкі Калісь пацярпелых Караблекрушэнняў.
1993

Kaгo шкада

Mae грахі, усе да аднаго, Па вышняму прысуду — Мае навек. Я ix ні на каго Перакладаць не буду.
Вось ля варот Багі ляжаць наўзбоч, Нізрынутыя з высяў. Ці я свядома Шанаваў ix моц — Ці проста з імі звыкся?
Не ведаю... Гляджу на ix, аднак, Як на пакут астачу... Мне кажуць: «Плюнь і разатры, дзівак!..» Я ж адыдуся й плачу.
Не, не шкада мне Зрынутых у пыл. Шкада сябе самога. Сябе. Каго, хоць і не быў сляпы, Тут мелі за сляпога.
А больш — Па дзетках плачу я ў журбе, Што, сапраўды аслепшы, За Бога д'ябла выбралі сабе, Як быццам д'ябал — лепшы.
1993

Пра песню і суддзяў

І тады, калі яна кульгала І ўздымалася на паўкрыла, — Песня мне не жыць дапамагала, А самім маім жыццём была.
З ёй не кідаўся я на спакусу І ў заклад яе не аддаваў. Сам сабой, без гвалту i прымусу, Выбіраў матыў і ноту браў.
Не з дыктоўкі нечай, выбачайце. Толькі сам! Як знаў і як умеў. А таму — судзіце і карайце Не за спеў: ён шчыры быў, мой спеў.