Выбрать главу
Адмаўчуся хоць... Бо ў паняверцы Я не ўмеў разумна памаўчаць. Разрываючы на часткі сэрца, Одум горкі ходзіць па начах.
Для чаго, дзеля якой хімеры Нёс я крыж усцяж фальшывых вех? Ашуканы, здраджаны, схварэлы, Як закладнік, дажываю век.
Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца. І не трэба, міласна прашу, На зыходзе дня, пад зараніцай, Усыпляць мне чарамі душу.
1997, верасень

Як лісце жоўтае…

Як лісце жоўтае, без подыху Вятрынкі, капае дадолу, Так дні мае злятаюць поціху — З гасцей вяртаюцца дадому.
Ах, да чаго ж, зямелька волглая, Былі кароткія гасціны! Як бы й зусім, як бы і ўвогуле Не быў, не жыў, не меў Айчыны.
1997, верасень

Не бядуйце!..

Не бядуйце, настаўнікі мілыя, Што з праграм і падручнікаў школьных Песні-думы паэта праўдзівыя Выдзяўбаюць, як шкоднікаў шкодных.
Выдзяўбаюць з той самай нянавісцю, Як калісь, на крывавым прадвесні, Каршуны, што віселі тут навіссю, Выдзяўбалі Купалавы песні.
Выдзяўбаюць!.. А хто ж бо заступіцца? Хто падымецца? Хто абароніць? Белы зайчык пад кусцікам туліцца. Звон на вежы знямелай не звоніць.
Звон не звоніць... Ды хоць і панылыя Па калдобінах цягнуцца будні, Не бядуйце, настаўнікі мілыя: Шчырым песням не згінуць ад блудні.
З тых праграм, што ваююць, як ратнікі, За свабоду, — ніякім дэкрэтам Іх не зняць! Калі нават сцярвятнікі Заўтра выдзеўбуць сэрца паэта.
1997, кастрычнік

Дагарай

Дагарай, дагарай, дагарай, Адзінокае ў полі цяпельца! Дакарай, дакарай, дакарай! — Я — з трывалых, змагу прыцярпецца.
Стану-гляну, а ў полі пустым — Ні дымка ўжо няма, ні свячэння. Толькі золь. Толькі шэрая стынь. Ды варон у прысадах вячэрня.
1997, лістапад

Зусім, як той...

Усё!.. Журба і тая адабрана. Пустэча — думкі нават не імкнуць. А за сцяною, чуйнай, як мембрана, «Сабачы вальс» на піяніне б'юць.
І чуцен смех, гарэзлівы, дзявочы, — Зусім, як той, як паўжыцця назад, Калі ты шчыра верыў у дзівосы І сэрца білася з жыццём у лад.
1997, лістапад

У ноч пакут

Гасподзь! Чаму й завошта Ты мне даеш «адстаўку» І так караеш жорстка — На дзён маіх астатку?
Чаму мне не даеш ты Патрэбнай сілы-моцы, Каб выбавіць дарэшты Душу з грызот бясконцых?
Чаму дазволіў д'яблу, Замест дабра з любоўю, Нянавісць i няпраўду Прыставіць к узгалоўю?
Чаму ў такім рэжыме Ты гоніш дні i ночы? Як жыць, як жыць, скажы мне, Пад грузам гэткай ношы?
Як жыць, калі наўкола, Куды ні кінь вачыма, — Як наркаман на ўколах, Трымаецца Айчына.
1997, снежань

Жыццё

Не стала маці, да якое нёс Душу збалелую — паспавядацца. Не стала бацькі, што прымаў да слёз Прапашчы лес зямлі і гаспадарства.
Не стала брата, што дарадцам быў, Калі ўзнікала клопатнае штосьці. Не стала i сястры, з якой любіў Успомніць песні нашай маладосці.
Не стала ўжо i бальшыні сяброў, — Каб пасядзець за чаркай i яшчэ раз Адчуць, што хіжы век нас не развёў I што нам шлях не засланіла шэрасць.
Не стала ўжо, прашу мне дараваць, І закаханага ў жыццё паэта, Што так любіў над вершам шчыраваць, Як Усявышні над стварэннем света!
Таго паэта ўжо няма. Няма! А сноўдае сярод руін былога Яго двайнік. Не сільцеся дарма Пазнаць у ім свайго братка старога.