Выбрать главу
1997, снежань

Крык выгнанніка на Радзіме

Ці ранак, ці поўдзень, ці вечар, Куды ні пайду, ні ступлю — Ні следу ад той векавечнай, Што кроўнай любоўю люблю!
Ні слова на мове народа! Ні гуку на мове зямлі! Прыблуды, манкурты, звыроды Амаль даастатку звялі.
Ад дум у душы халадзее. Трыванне на частачкі рву. Панове начальнічкі! Дзе я Праз вашую ласку жыву?
Куды, у якую дзяржаву, Наяве, а быццам у сне, На гібель, на здзек і няславу Вы выгналі з дому мяне?
Куды, паяднаўшы ў хаўрусе Усякую погань i гнюсь, З дзяржавы маёй — з Беларусі Вы выгналі прэч Беларусь?
1998, сакавік

Быліна пра злога духа

Што б там хто ні лахаў — Бог мой лёс пазначыў: Шмат я ўсякіх страхаў За жыццё пабачыў.
З тым і знікну, думаў. Больш ужо — на д'ябла! Не! — і злога духа На табе наглядна!..
Я выходзіў з парку, Раптам напярэймы Выскачыла ў арку Дзіўнае стварэнне.
Нелюдное вельмі Нейкае страшыдла: Вочы — як патэльні, Нос — як чапярыдла.
Зіркнула злавесна, Агаліла іклы, Прахрыпела нешта I, як прывід, знікла.
Я знямеў спачатку, Але ўспомніў тут жа Грознае ў выпадку Бабчына «аружжа»:
«Соль табе ў вочы! Галавешка ў зубы! І дзяркач між сцёгнаў! Каб ты здох ад стогнаў!»
Я прамовіў тройчы Гэты кленіч бабчын, Сплтонуў i пакрочыў Крокам неабачным.
Што мне той нячысцік, Дух той злы, нядобры! Можа, сам я чымсьці На яго падобны.
Можа, колісь дзесьці І мяне хто-небудзь Выкляў, паглядзеўшы, Як пачвару-нелюдзь.
І таксама тройчы Прашаптаў для згубы: «Соль табе у вочы! Галавешка ў зубы!..»
Бо чаму ж нястрымна — З воч капеж салёны? І чаму так дымна Вусны засмылёны?
1998, сакавік

Адключаны

Ён сышоў з электрычкі, Спусціўся па сцежцы ў лагчыну І спыніўся чагось. Нібы ўкопаны, стаў і стаіць. Штось забыў? Перадумаў? Ці стала нядобра мужчыну? Задуменна схіліў галаву І пад ногі глядзіць.
На зямлі сакавік. Сонца снег ручайкамі свідруе. Вунь як сочацца скрозь, Як імпэтна бягуць i журчаць! Чалавек жа нічога не бачыць, Нічога не чуе. Як сляпы і глухі. На абліччы — няшчасця пячаць.
«Як жа ўсё гэта стацца магло? Хто жыццё спанявечыў? Хто й чаму насадзіў — Гэты глум, гэты гвалт, гэты здзек? Хто мне свет збаламуціў — Тады, як, расправіўшы плечы, Я ўжо быў уздыхнуў, Што нарэшце і я чалавек?..»
Прыдарожныя вербы Кранаюць заспаныя гуслі. Льецца сонца І соснам на ўзлеску душу маладзіць. А на сцежцы стаіць чалавек І, як курыца ў гузік, Атупела глядзіць у нішто, У нікуды глядзіць.
1999, сакавік

Усё жыццё

Усё жыццё к братэрству зваў — З мальбой удзень, з плачом уночы, І толькі сэрца надарваў, І толькі сплакаліся вочы.
А хоць бы хто, а хоць бы дзе Азваўся словам забалелым — У незлічонай грамадзе, У неаглядным свеце белым.
Куды ж яшчэ з маёй журбой, З маёй бядой пайсці на споведзь, Каб расказаць, як крыўда-боль Ізноў душу мне есць упоедзь?
У цёмны лес пайду і там Апошні раз нагаваруся. Скажу ўсё дрэвам і кустам, Хто ёсць я ў роднай Беларусі.
Скажу: «О, дрэвы і кусты, Яшчэ з гадоў маленства мне вы Былі як сёстры і браты, — Маёй зямлі кусты i дрэвы.
Пачуйце ж голас-кліч бяды — Пакуль хаджу, пакуль жывы я. Пачуйце! Нават i тады, Калі душа ваўком завые».