Выбрать главу
1954

* * *

Мне з кожным годам даражэй Твае, вясна, дары-гасцінцы, Здаровы хмель тваіх дражджэй У кожнай тоненькай сцяблінцы.
Мне ўсё мацней карціць пачуць Званочак срэбны ў паднябессі. Прыпільнаваць, калі чуць-чуць Падснежнік выгляне на ўзлессі.
Я прагным сэрцам п'ю настой Тваіх чаромух і баюся, Што развітаюся з табой, А ўдосталь так і не нап'юся.
1960

* * *

Не пакідай мяне, мой светлы сум, З табой мне хораша на адвячорку Хадзіць і слухаць лесу ціхі шум, Пакуль суцемак не запаліць зорку.
У небе хмаркі, як абрыўкі дум, Плывуць туды, дзе сонца сядзе хутка. Гусцеюць цені у лясных закутках... Не пакідай мяне, мой светлы сум.
1961

* * *

Як ты грымела, як бабахала, Мая рабінавая ноч! Стокрылы вецер дол аблахаваў І вобзем кідаўся наўзбоч.
Як быццам тоўшч нябёс валілася Трашчала так над галавой. I толькі сэрца весялілася, Здранцвення скінуўшы павой.
Маланкі бліскалі, мігцеліся, Як стрэлы, жыхалі здалёк. І не згадаць, куды ён цэліўся, Сляпы, разгневаны стралок.
То залатымі дратаванкамі Крамсалі неба ўшыр і ўдоўж, І, як прышпораны маланкамі, Ляцеў лавінай гулкай дождж.
Нібы дзяцюк, якога здалечы Да мілай сцежкі прывялі, Ён упіваўся, прыпадаючы, У вусны смяглыя зямлі.
Калі б ты знала, ноч грымотная, Як дыхаць стала мне вальней, Якой задухі вяззе моцнае Пашкуматала ты ўва мне!
Прыйдзі ж расстайнаю гадзінаю, Як дазіхцяць маланкі воч, І грымні песняй лебядзінаю, Мая рабінавая ноч!
1961

* * *

Вы шуміце, шуміце Нада мною, бярозы, Калышыце, люляйце Свой напеў векавы. А я лягу-прылягу Край гасцінца старога На духмяным пракосе Недаспелай травы.
А я лягу-прылягу Край гасцінца старога, Галавой на пагорак, На высокі курган, А стамлёныя рукі Вольна ўшыркі раскіну, А нагамі ў даліну — Хай накрые туман...
Вы шуміце, шуміце Нада мною, бярозы, Асыпайце, мілуйце Ціхай ласкай зямлю. А я лягу-прылягу Край гасцінца старога: Я здарожыўся трохі. Я хвілінку пасплю.
1963

* * *

На змярканні, калі ў небе зоры Праступалі, прывідна-няўстойлівыя, Мы купаліся ў Японскім моры, Пераездам і спякотай стомленыя.
Цішыня стаяла над затокай — Пэўна, ветры спалі супакоенымі Недзе там, у далечы далёкай, За Курыламі i за Японіямі.
Толькі чуўся хвалі плёскат мерны — Перашэпты ціхія з каменьчыкамі... І адходзілі лагодна нервы, Што здаваліся ушчэнт скамечанымі.
І дзівілася палёгцы цела, Што нядаўна чулася старлыбінаю. І ныраў у хвалях месяц белы Неспайманай серабрыстай рыбінаю.
1962-1966

* * *

Замірае, Сціхае Мая залатая дуброва, Асыпае, Скідае на дол Свой задумлівы ўбор, Не звініць і не льецца Раздольна-вячыстая мова, Толькі шорхат сухі пад нагамі, Як скарга-дакор. А нядаўна ж яшчэ — На пачатку нядоўгага лета — Што рабілася тут, Што за дзіўнае свята было! Як усё бушавала, Буяла лістотай i цветам, Як усё гаманіла, Спявала, Гукала, Гуло! Колькі радасці чулася Ў кожным разбуджаным гуку! Колькі сілы ўкладалася Ў сокат І строкат, І свіст! Кожны парастак прагнуў Узвысіцца дрэвам магутным, Кожны лісцік хацеў Разрасціся ў агромністы ліст. Дзе ж падзелася ўсё, Што заместа вячыстага слова Толькі шорхат сухі пад нагамі, Як скарга-дакор?.. Замірае, Сціхае Мая залатая дуброва, Асыпае, Скідае на дол Свой задумлівы ўбор.