Выбрать главу
1983

Вы думалі..

Вы думалі, што я сабраўся ў скачках Прымаць удзел? Каб верны мне мой конь, Апанаваны скакавой гарачкай, Ляцеў за некім шустрым наўздагон?
Ну што вы, што вы! Хіба я — наезнік? I хіба конь для скачак у мяне? Яго прызванне — плуг цягнуць жалезны, Мае — ступаць услед па баразне.
1983

Замест малітвы

Калі ёсць ты, лёс мой, нада мною, Аб адным прашу я: не дазволь У міры з няпраўдай і хлуснёю Дажываць мне век на свеце свой.
Не аддай душу ў няволю гномам — Узбунтуй, растурзай, распалі, — Каб у ёй агні-маланкі з громам Жыхалі ад неба да зямлі!
1983

Выпадковы госць

Салон у стылі найнавейшым, Прытворны смех і гамана. Ці не пара паслухаць вершы Пад гэту пеністасць віна?
Ах, вось чаго сюды я званы! Каб вершам слых паказытаць. Каб праз саломку пунш духмяны Яшчэ смачней было смактаць.
О не, мадам! Для насалоды Ён не прыдасца, верш мой, вам. Ён — не салонны, ён — салены. Вы памыліліся, мадам.
Прагорклы ён! Прагорк дашчэнту, Як яблык з дзічкі на мяжы, — Звядзе аскома вам пашчэнкі. Чужы мой верш для вас, чужы.
Не можа вас ён бестурботна Ні забаўляць, ні весяліць: Яму ад цяжкіх дум журботна, Яму ад горкіх страт баліць.
Ён лесам стаў маім у полі, Дзе ў горле пыл, дзе пот — цурком, Ён хлебу чорнаму ніколі Не зможа здрадзіць ні радком.
Прыроднай соллю-гаркатою Зямлі бацькоў павінен ён, Што ёсць і будзе мне святою — Да скону дзён. Да скону дзён...
1983

Аўтографы сяброў

Аўтографы-надпісы вашы, сябры, Чытаю на кніжках падораных — З выказам даверу, павагі, любві, З зычэннямі самымі добрымі.
Як многа іх, цёплых i ласкавых слоў, Ад шчырага сэрца напісаных! І колькі за імі пражытых гадоў Жывымі ўзыходзяць абрысамі...
Вось гэты згадаў мне аб даўняй вясне З яе маладымі павевамі. Дакорам не стаў ён сівой сівізне — Навек мы, брат брату, паверылі.
Вось гэты... о, як акрыліў ён душу, Прыйшоўшы ад майстра ад слыннага — Якраз, калі мне аж калола ўвушшу Ад крыку дурнога аслінага!..
Вось гэтыя — з братняга краю прывёз Як словы прызнання ў прыязнасці. Мне светла ад ix, як ад белых бяроз На ўзлеску асеннім пры яснасці.
А гэта — апошні... Гляджу на радкі, Што помню на памяць да каліўца, — І зноў адчуваю той поціск рукі, І сэрца ад болю сціскаецца...
Якія магутныя творцы-мужы, Якія нязломныя волаты Пайшлі па той бок векавечнай мяжы Заўчасна, зарана, замолада!..
Жывіце ж да поўнага веку, сябры, Не трацячы моцы і шчырасці! І знайце: нішто нам віхуры-вятры, Пакуль нашы шэрагі ў шчыльнасці!..
Я дзякуй кажу вам ад сэрца ўсяго. Мне вашы дарункі-аўтографы — Як вехі жыццёвага шляху майго. А ён жа не будзе паўтораны...
1983

Памяці Андрэя Германава

1
На старажытных могілках у Софіі, Дзе спачываюць годы і вякі, Убачыў я вянкі яшчэ не ўсохлыя — Павітыя жалобаю вянкі.
І зразумеў — раней, чым згледзеў літары На чорным крэпе: гэта ты, мой брат! І ўраз адчуў, нібы прысуд бязлітасны, Як не гатовы я да гэткіх страт!..
Стаяў, паніклы, над грудком уквечаным, Што атуліў твой вечны супакой, А ўсё ў душы крычала i пярэчыла, Не мірачыся з крыўдаю такой.