Выбрать главу
Маўчала воддаль цэркаўка, не звонячы, Акацый водар ліўся ў тленны дух... А майскі дзень такі быў зырка-сонечны, Што на імгненне для мяне патух.
А ў разналістай зеляніне могілак Такі грымеў магутным гімн жыццю, — Як быццам, спахапіўшыся, адмовіла На гэты раз прырода небыццю.
2
Азлоблены век забівае Найлепшых сяброў без пары. Замены ж сябрам не бывае — Навек нам даюцца сябры.
Аднойчы, няўзнак, на знаёмства Абменімся поціскам рук, Спаткаўшыся зноў — расстаёмся Без смутку, там болей — без мук.
Бо ў новыя верым сустрэчы І знаем: іх безліч яшчэ, Баяцца за іх — недарэчы, І наша ад нас не ўцячэ!
Якая наіўнасць! Якая Бяспечная стаўка на час!.. А наша так хутка ўцякае Праз тлум-мітуслівасць ад нас!
І вось ужо ўсё: ні спаткацца, Ні ўбачыць, ні голас пачуць, — Стаяць і глядзець, як з акацый Слязіны-пялёсткі цякуць...
3
Любы брат мой балгарскі Андрэй! Віцязь-рыцар славянскага брацтва! Знаю: будзе бясконца цяжэй Мне цяпер за Дунай выбірацца.
Вось прыеду, вось гляну-зірну У зялёныя Віташы вочы — І згадаю, як разам вясну Мы з табой тут «гукалі» аднойчы...
Грэла сонца — i таяў-блішчэў На сцяжынцы лядок наздраваты. Слухаць госця яшчэ i яшчэ У той ранак хацеў нездарма ты:
І да песень матулі маёй, І да нашай зямлі партызанскай Неспадманна прырос ты душой, Каб дзяліцца натхненнем і ласкай...
Дзякуй, брат мой балгарскі Андрэй, Быў ты ўвесь з дабрыні і любові, А любоў на зямлі не памрэ — На зямлі і ў паэтавым слове.
1983

* * *

Каменні ляцяць на дарогу. Аднойчы якісь не міне. Каму я паплачуся? Богу? Дык ён... ці пачуе мяне?
Паклёпы з начынкаю яду Кладуць і кладуць на чало. Каму я паскарджуся? Д'яблу? Яшчэ не хапала чаго!
Ёсць добрыя людзі — я ім бы Паплакаўся трохі, але ж — У іх над галовамі німбы Уласных пакут. Ім не лепш!
Не волен я горкай гадзінай Цяжар свой на ix ускладаць. Дык што ж застаецца, Радзіма? Ты можаш параду мне даць?
І чую я голас, падобны На голас матулі маёй: «Будзь дужы, будзь мужны і добры, Не бойся натхнёных хлуснёй.
Адрынь іх суды-перасуды. І чорнай не вер варажбе. Хай свеціць заўсёды і ўсюды Маё блаславенне табе!»
1985

Палыновая ростань

Знаю: мне не вяртацца Гэтым шляхам ніколі — На апошнюю ростань, На спатканне з былым.
Белай стужкай дарога Раскацілася ў полі, А па ўзбоччы дарогі — Толькі шызы палын.
Ад запозненай мары, Ад шчаслівай трывогі Мне навек застанецца Сумна-горкі ўспамін.
Сонцам плавіцца далеч, Дзень самлеў ад знямогі, А па ўзбоччы дарогі — Толькі шызы палын.
Заўтра недзе далёка Ты ўсміхнешся міжволі: Неба нізкім не стала, Свет не здаўся малым...
А мая мне дарога — Белай стужкай у полі, А па ўзбоччы дарогі — Толькі шызы палын.
1973, 1986

Пра сініц і экзотыку

Сыдзе імпэт, і былое Моцы не стане ў радку — Буду лавіць у сіло я Сумных сініц у садку.
Кажуць, зашмат развялося Іх на сядзібе ў мяне, Ды — не чутно весялосці, Радасці ў іх гамане.
Буду садзіць іх у клеткі, Буду насіць на базар. Гэй, беларускія дзеткі, Ці не для вас мой тавар?
Не канарэйкі, вядома, Не папугаі, а ўсё ж — Будзе вам песенька дома, І — задарма, ні за грош.
Ну, а як знойдзецца скептык — Скажа, нібыта няўзнак: «Можа, тавар i не з кепскіх — Не экзатычны, аднак!»