Выбрать главу
Так адкажу я: «Васпане! Як не зыначыцца час — Гэтая птушачка стане Найэкзатычнай у нас...»
1986

Кашмар

Ах, насланнё! Каторы раз у сне Я ад агіды жуткай скаланаюся: Абдаючы сцюдзёнаю слюнявасцю, Кратовы лапы грэбаюць па мне!
Дзве куцапалыя (чамусьці дзве, А не чатыры), пальцамі-абрубкамі З завостранымі кіпцюрамі цупкімі, Па шыі грэбаюць, па галаве...
Адкуль і што за немарач найшла? Ніводнага ж крата ў жыцці не знішчыў я І не стаўляў прылады паляўнічыя Каля яго падземнага жытла.
Хоць ён псаваў і сад і агарод — Я помсты не ўчыняў за гэта ворыва. «Такой бяды, казаў. Нашкодзіў здорава, Ды што рабіць? На тое ён i крот!..»
Так, не чапаў брыдоты я... Але Спаткаўшы дзе — заўсёды моцна гідзіўся. Ці не праз гэта ім i зненавідзеўся? Цямрэц не любіць тых, што на святле.
І вось — дайшло ну проста да бяды: Каторы год у сне я скаланаюся Ад лап крата, што грэбае з нянавісцю... Хто рады дасць? Хто збавіць ад брыды?
1986

На сходзе

І ты, брат, хораша сказаў, І ты, брат, хораша! Так кожны з вас за сэрца ўзяў — Аж стала горача.
І ты шануеш, вызнаеш Мараль вячыстую, І ты руку ёй падаеш Заўсёды чыстую.
І ты ні ў чым не вінават Перад Радзімаю, І ты клянешся ёю, брат, Адной-адзінаю.
Вы пра сябе сказалі тут Так шмат прыўкраснага, Што я... канаю ад пакут Сумлення ўласнага.
І мне няўсцерп сядзець між вас, У рай прызначаных. Мне б захлынуцца ў самы раз Слязьмі гарачымі.
1987

У лад са старою прыказкай

Пры нагодзе ў нас аб лесе Гэтак гаварылася: «А мае — як не ўпяклося, Дык і не ўварылася!..»
Вось і ты ўжо гэту з болем Паўтараеш прыказку, Хоць у сэрцы ёсць даволі І агню, і прысаку.
Днём і ноччу, рана — позна, Думкі цяжка рояцца: Як ад немасці пагрознай Песня абароніцца?
Як сабою ёй застацца, Калі скрозь урвіцелі, Ёй на здзек, у ранг мастацтва Хрып завозны ўзвысілі?
Ім над імпартныя рытмы Добра, лёгка скачацца, Ну, а ты? Сядзіш паніклы? Смейся — раз не плачацца!
Ахрышчоны ліхалеццем, Выраслы з нішчымніцы, Можа стацца, што не мецьмеш I такой магчымасці.
Ах, цябе не толькі слёзы — Смех таксама выракся? Сапраўды: як не ўпяклося, Дык i не ўварылася!..
1987

Пытанне

Хаджу па чужыне, гляджу на людцоў, На іхняе з Богам вітанне — І зноў працінаюся болем, i зноў Душу мне свідруе пытанне:
Як доўга яшчэ будзе ў нас у вачах І ў кожным штрыху чалавечым — Наш, пройдзены намі, пакутлівы шлях, Наш сум па няспраўджаным нечым?
1989

На судзілішчы тым..

На судзілішчы тым, Што ўчынілі сляпцы, Быў і голас зусім не сляпога, А таго, што даваў На кургане-капцы Клятву імем братэрства святога.
Ён найлепей з усіх Знаў у той грамадзе: У адным вінаваты «падсудны», Што ніколі, Ні разу, Ні ў чым і нідзе Не прадаў свой народ шматпакутны.
І застрэў У «падсуднага» ў горле камяк, Варухнуліся здрадліва губы І адно прашапталі — Нячутна, няўзнак: «Як жа гэта ты, братачка любы?..»
«Вось дзе наша пагібель, Халопы-рабы, Па-за гэтым прычын не шукайце», — Так ён суддзям сказаў I ўцямнеў ад журбы, Як над свежай магілаю маці.