Выбрать главу
Сутарга раптам па твары — Болю пакутнага след. «Божа, якая пачвара! Божа, які прайдзісвет!»
Лепш бы зусім не глядзеўся! Лепш бы не бачыў сябе! Дзе ж той акрылены дзеўся — Вымыты ў сонца сяйве?
Мо даняла паняверка? Можа, хто крылы падсек?.. Сумна глядзіцца ў люстэрка Немалады чалавек.
1991

Балала

На світанні, ледзь заднела, Нібы мне пабудка, Загугукала на дрэве Дзікая галубка.
Ды чамусьці так трывожна, Так журботна-скрушна — Што было ніяк няможна Слухаць раўнадушна.
Хоць спытай у шызакрылай: Дзе ўзялося зрання Столькі жалю, столькі крыўды, Столькі наракання?
Хто пачуць яе павінен І чаму не чуе? І чаму ён галубіне Песень не буркуе?
Можа, ён душой бяздольнай З іншым краем зросся?.. Не, ён роднага гняздоўя Не забыў, не зрокся.
На драпежнай дзюбе ў полі Кроў яго скіпела. Бо ён надта верыў волі, Надта лётаў смела.
1991

Крумкач

Ізноў, як калісьці, Мне каркае чорны крумкач: Давеку не выйсці Табе з гістарычных няўдач! Куды не паткнуся — Усюды наб'ю сабе гуз! Няма Беларусі! Няма і цябе, беларус!
Куды ты ўсё прэшся? Свой лёс ты між двух выбірай: Ці «ўсходнія крэсы» — Ці «северо-западный край». Дай дзякуй, сярмяжка, Што знаеш сяўбу ды жніво. Калі ж табе цяжка — Пахліпай сабе ў рукаво!
На гэта ты здатны — На вечную скаргу i плач... Замоўкні, бяздарны! Не будзе па-твойму, крумкач!
Я хліпаць не стану! Я прагай здзяйснення жыву. Найперш — у пашану — Табе я скручу галаву. Каб гнюсна не каркаў, Каб тут, дзе Купала хадзіў, Рабоў-недавяркаў Агіднай хлуснёй не пладзіў.
Тут праўда i вера З нябыту ўваскрэснуць навек. І мэтай і мерай Тут будзе ва ўсім — Чалавек.
1991, красавік

І даб'е..

І даб'е цябе наіўнасць. І даб'е цябе насмерць. Дзе падступнасць, дзе нявіннасць Ты няздольны зразумець.
Непрыкметна абязвечыць, Крылы-мары абарве, Абяскровіць, абязверыць. Абяссіліць і... даб'е!
1991, верасень

* * *

У беспрасветны час Знявер'я i шаленства, Калі цяжар абраз Гняце душу з маленства,
Паверыць лёгка ў зло. А вы ў дабро паверце! Разліку — не было. Вы хлусіце, блюзнерцы!
Душы сваёй крыло Даю на адсячэнне: Разліку не было! Ішоў на зор свячэнне!
Разліку — не было. Адкуль жа столькі гневу Пакуль не адняло — Цягну далоні к небу.
Пасведчы, Бацька Бог: Хоць i прызнаў хімеру — Зняважыць я не мог Сваю любоў i веру.
Разліку — не было. Калі няпраўда гэта — Хай стлее ў прах i тло Зямны пасад паэта!
1991-1992

На ўзгорку

На ўзгорку, на сіверным ветры, Стаіць ён, ад шляху наўзбоч, І ўдалеч, дзе лес пракаветны, Глядзіць, не адводзячы воч.
Стамлёны душэўным разладам, З надзеяй глядзіць і з тугой. А што там, за тым даляглядам? За тою сівою смугой?
Там вёсачка недзе ў бярозах, І хата на ўскраіне там... Ах, колькі разоў ён у крозах Заходзіў туды, як у храм!
Што ж сёння душа яго ў траўме? Што мроіцца зараз яму? Ці, можа, вяртаецца ў травень — На споведзь юнацтву свайму?
Ці чуе, як сіверам клятым Да сэрца крадзецца зіма?.. А што там, за тым даляглядам, — Адказу няма i няма.
1992