Выбрать главу

– І яна цябе распытвала пра твой радавод? – з іроніяй пацікавіўся Даніла.

– Пытала, канешне, і пра сваіх з гонарам казала… А я са сваіх усяго дзядоў ведаю, прыкра было, – згадаў Мацвей. – Пра прадзедаў і не пытаўся ў маці… Ну, я пабег…

Хлопцы падышлі да метро. Мацвей махнуў рукой, паправіў заплечнік і подбегам спусціўся па прыступках. Даніла глядзеў яму ўслед і міжволі сківіцы яго сціснуліся, ўздрыгвалі жаўлакі. Яму было не тое што крыўдна – ён у нейкі момант здрыгануўся ад думкі, што гатовы кінуцца ўслед за сябрам і спіхнуць яго з платформы пад цягнік.

Каб вызваліць сабе дарогу. Бо Мацвей яе засціў.

Але пасунуўся далей па тратуары – да прыпынку аўтобуса, каб праз паўгадзіны апынуцца ў цесным пакоі інтэрната.

Даніла зайшоў у калідорчык, пачуў, што ў суседнім пакоі гучыць музыка – там жылі два пяцікурснікі, з якімі не тое каб сябраваў, але адзін з іх, Андрусь, гэтакі мацак-паляшук з вясковым тупаватым тварам, граў на ўсім паверсе немалую ролю ў жыцці інтэрнатаўцаў. У яго заўсёды вадзіліся грошы, мог пазычыць на самы розны тэрмін. Пры гэтым, не сказаць, каб ён недзе прападаў надоўга вечарамі, падпрацоўваючы у якім Макдональдсы, – ягоная праца, відавочна, была звязаная з выкананнем нейкіх разнастайных даручэнняў, надта не абцяжарваючых фізічна і часова, але ж аплачвалася нядрэнна. То павага да Андруся была, факт.

Даніла не стаў адчыняць дзверы ў свой пакой – шчыліна свяцілася бледным святлом, значыць, ягоны сужывец, другакурснік, зноў занурыўся ў свае кніжкі. Не пашанцавала: занудны і нецікавы хлопец, нават піва з ім не пап’еш. А ў душы клекатала, хацелася выгаварыцца. Таму таўхануў суседскія дзверы. Яго сустрэў з добразычлівай усмешкай Андрусь – ён увогуле ні да каго не ставіўся варожа, сваімі паводзінамі як быццам запрашаючы даверыцца яму і сябраваць.

– О, будучаму вучонаму – наша павага! – выгукнуў Андрусь. – А ці не будзеце грэбаваць падзяліць сціплую вячэру з правінцыялам, які марна пхнецца зачапіцца хоць кіпцюрамі, хоць зубамі ў навуковай эліце?

На стале стаяла літровая пластыкаўка піва, на талерцы – парэзанае на трэць кольца тонкай сыравэнджанай каўбасы, хлеб. Даніла не утрымаўся – праглынуў сліну. Парукаўся з гаспадаром пакоя, зачапіў пальцамі кавалачак каўбасы, закінуў у рот.

– Што святкуеш?

– Якое святкуеш? Піва захацелася, ды і вольны заўтра. То чыста па-сялянску, яшчэ вось агурочкаў дастану, – Андрусь палез у халадзільнік, выцягнуў трохлітровік і відэльцам спрытна патрапіў, выцягнуў вонкі два апошнія агуркі. – Як справы? Нешта ты хмурны крыху. Непрыемнасці?

Даніла сеў на крэсла, зірнуў паблажліва на суседа, які акуратна наліваў піва ў шклянкі.

– От ты мне скажы, Андрусь… На цябе глядзіш – селянін селянінам, здаецца, падыдзі бліжэй – гноем патхне. І апранахі на табе хоць і не з сэканду, але бы чужое на табе. Ты не крыўдуй… Але бачыш ты людзей.

– А што крыўдаваць? – адмахнуўся Андрусь. – Я ж у люстэрка сябе бачу. Ну так, ад зямлі, і зямля з пазногцяў ніяк не выкалупваецца. Бачыў бы ты тую вёску, у якой я нарадзіўся і рос – ваўкі зімой па надворку шнырылі. То ўжо пазней мы ў райцэнтр пераехалі. Маці з бацькам паў-кабана дырэктару ліцэя завезлі, каб узяў. “Вучыся, хоць каб ты з віламі не пражыў жыццё”. Два тыя гады я начамі не спаў – вучыў. Усё ў лепшыя меціў. Ну во і паступіў сюды… Ат, вучоба – не галоўнае, тут дапяў. Фарту як не будзе, то згніеш там, дзе нарадзіўся. Мне што свеціць? Па размеркаванні ў які калгас, інжынерам ці загадчыкам мехмайстэрні. У жонкі вазьму, як пашанцуе, настаўніцу з тых, што па размеркаванні гэтаксама запруць у балота, нараджаем аглаедаў, будзем бульбу садзіць, парсюкоў гадаваць… Перспектыва! – з лёгкай горыччу выгукнуў ён.

– Не-а, не веру, – уважліва паглядзеў на праставаты твар сябра Даніла. – Ёсць нешта ў табе… Умееш ты жыць. Думаю, у балоце гніць табе не наканавана. Бачна ж, не мамка табе з дому грошы шле, круцішся неяк. І спрытна круцішся. Колькі табе на паверсе завінаваціліся?

– Ды я не трымаю ў памяці такое, вунь блакноцік ёсць, – прастадушна кіўнуў на сваю тумбачку Андрусь. – Кручуся, анягож.

– Я б на тваім месцы гэтакім шчодрым не быў, – Даніла адпіў са шклянкі.

– Ну, нейкія капейкі ж маю ад працэнтаў, у дабрачыннасць не гуляю. Ды справа ж не толькі ў грашах, – прыжмурыўся Андрусь, і Даніла заўважыў мо першы раз у вачах хітраваты, нават драпежніцкі бляск. – Некаму я дапамагу, нехта мне дапаможа. Як людзі табе вінныя, дык ахвотней пагодзяцца. Некаму і даруеш, дык ён табе руку некалі падасць.

– Ага, разагнаўся, – рагатнуў Даніла. – Людзей ты не ведаеш, ці што?