Выбрать главу

– Ды ведаю, – адмахнуўся Андрусь. – Людзі ў наш час страшныя. І на вёсцы страшныя, што ўжо пра горад казаць. Усе па галовах да свайго ідуць. Ды нехта і запомніць. А нехта захоча яшчэ раз пазычыць. Ёсць карысць, – ён загадкава усміхнуўся. – З людзьмі трэба па-людску. Дарэчы, ты так і не адказаў: непрыемнасці ў цябе?

– Больш чым, – Даніла сам даліў у шклянку піва, выпіў залпам. – Фіяска. Катастрофа. Тупік, бля!

– Ого! Сапраўды? А праз што?

– Праз каго… Мне мой сябар лепшы урабіў.

– Мацвей? – нечакана наструніўся Андрусь.

– Мацвей… – пацвердзіў Даніла. – Я не трапляю ў аспірантуру. А ён – ідзе. Такім чынам, мяне заграбуць у армію. Бляха, як жа я ненавіджу гэта…

– Варта было чакаць, – пракаментаваў Андрусь прызнанне магістранта.

– Што чакаць? – напружыўся Даніла, адставіў убок шклянку.

– Ад Мацвея варта было гэтага чакаць, – засяродзіўшыся ў сабе, адказаў Андрусь. – Мы з ім у адным ліцэі ў райцэнтры вучыліся. Маці мая – простая калгасніца некалі, дворнічыхай працавала, а ягоная – выкладчыца ў ліцэі. Колькі яна з мяне крыві выпіла… Мову выкладала. Самая нізкая адзнака ў атэстаце – яе. Ды то не бяда. З такой пагардай яна глядзела на мяне, як на чарвяка. Пры ўсіх была сказала, маўляў, з такога калгасніка як я, выйдзе адно калгаснік з дыпломам. Нічога, некалі я дакажу ёй…

– Дык вы землякі з Мацвеем? – здзівіўся Даніла. – Год побач жывём, а не ведаў.

– Вось, ён нават і не прызнаецца… – скрывіўся Андрусь. – Навучыла маці, з кім знацца, кім грэбаваць. Землякі… Дзе яму каго бачыць? Ён жа – зорка! У ліцэі насіліся з ім, як з пісанай торбай. Што ты – на абласной алімпіядзе першае месца па матэматыцы, такі поспех. А далей і на рэспубліцы – другое. І штогод пасля ездзіў на ўсякія там канферэнцыі, семінары! – Андрусь пацягнуўся да бутэлькі, даліў сабе і Данілу піва.

– Ды ён і ў універы свяціўся, як залакіраваны, – працадзіў скрозь зубы Даніла. – А што б ён змог без мяне? Ягоныя ўсе ідэі – гэта як дзіцячыя фантазіі! Трэба было убачыць у тых ідэях рэальнае, практычнае. Я – бачыў. На трэцім курсе разам працу напісалі – кіраванне сістэмай з выкарыстаннем інфармацыйнага канала дадзеных. Я сабраў мадулятар, настроіў, па ім можна было серыю ў вытворчасць запускаць. На кафедры работа шум узняла – на патэнт жа пацягнула, па ёй доктарскую напісалі. А ўся слава – Хрысціку! Мяне нібыта не было. Над новай распрацоўкай заселі, а што былі б ягоныя голыя ідэі без мяне? Ну няхай ён фантаніруе пражэктамі, а ўмець бачыць карыснае, адсейваць?! – Даніла разгарачыўся, крычаў. – І цяпер ён – у аспірантуру, а мне ў боты вайсковыя?! Поскудзь!

– Не здзіўляюся, – ухмыльнуўся Андрусь. – Усе заўсёды ў ягоным цені. Умее сябе падаць. Такі ўжо сціплы, такі задуменны… А насамрэч ён нас не бачыць, мы не людзі для яго. Сціплы, ага…

Стукнулі дзверы ў калідорчык, нехта таргануў, пастукаў у пакой да Данілы, і ён крыкнуў голасна, раздражнёна трохі:

– Тут я!

Дзверы адчыніліся залішне імкліва – так уваходзяць альбо гаспадары, якія спяшаюцца, альбо нязваныя госці, упэўненыя ў сваіх нахабстве і сіле. Так і было: зайшоў пяцікруснік Раман, ростам пад два метры, шыракаплечы. Ягоны амаль квадратнай формы твар з цяжкім пабароддзем быў перакошаны ад злой рашучасці.

– Вітаю, – працадзіў ён скрозь зубы без прыязнасці, пабачыўшы ў пакоі Данілу і Андруся. – А дзе той гліст смаркаты? Я ў ягоны пакой заходзіў, там няма. Сужывец-заморыш сказаў, што вы разам.

– Што ж ты так непаважліва ставішся да нашай будучай гордасці, можа, – нобелеўскага лаўрэата будучага, га? – рагатнуў Даніла.

З Раманам яны былі знаёмыя з год. Асаблівае сяброўства раней не заводзілася, бо не было датуль агульных інтарэсаў: Раман вучыўся на іншым факультэце, мінчанін. Розныя тусоўкі. Спартсмен, кандыдат у майстры па грэблі. Рукі ў яго, што абцугі. Вучоба яго цікавіла мала, ён ведаў, што выгоднае месца яму забяспечыць бацька, высокі чыноўнік у міністэрстве, ды і ў маці, якая займала пасаду ў клінічнай бальніцы дзяржапарату, хапала патрэбных нітачак у руках. Калі Мацвей пачаў раз на тыдзень сустракацца з Марго, Раман выпадкова напаткаў іх у начным клубе. Марго на заняткі хадзіла і трымалася дастаткова сціпла, апраналася, прыхоўваючы прывабныя формы цела, а ў начным клубе дазволіла сабе пабыць сапраўднай сэксі. І Раман запаў. Ён быў дагэтуль распешчаны ўвагай дзяўчат і маладых жанчын, лёгка заводзіў знаёмствы, трымаючыся пашлавата-жартоўнай манеры, але з Марго, знешне вольнай ад лішніх межаў прыстойнасці, як яе разумеюць рэтраграды, атрымаў адмову ў здзеклівай форме. Раз’юшыўся, але стрымаў сябе. Ён запрасіў выпіць Данілу, які быў тады трэцім колам у веласіпедзе ля Мацвея і Марго, распытаў: што за краля недатыкальная? Даніла, удзячны за неблагую выпіўку, прызнаўся, што сам пакуль не ведае толкам – то была першая такая сустрэча за сценамі ўнівера. Але абяцаў інфармаваць пры патрэбе, як што выявіцца. Абмяняліся нумарамі тэлефонаў, праз нейкі час Даніла пазваніў. Зноў сядзелі ў кафэ, Даніла расказаў: бацька Марго – акадэмік, маці – доктар навук. Пазней ён даведаўся праз Мацвея нямала пра дзяўчыну: ці любіць кветкі і якія, якой парфумай карыстаецца, што любіць глядзець…