Выбрать главу

– Таго цюхцяя, што з Мацвеем жыве, я знаю, – задумліва працягнуў Андрусь. – Ён мне трошкі вінен. То я магу яго выклікаць на хвілін пяць-дзесяць сюды, знайду пра што гаварыць… Інтэрнат сёння амаль пусты, раз’ехаліся. Іхні пакой насупраць кухні, зручна зайсці…

– Пайшлі! – рэзка падхапіўся Раман. – Нечага цягнуць. А то яшчэ вернецца.

Словы прагучалі загадам. Даніла па-гаспадарску адшчапіў са стоса лістовак палову, падсунуў за пазуху. Супольна рушылі на паверх ніжэй – там быў пакой Мацвея, які ён дзяліў з ціхамірным першакурснікам. Андрусь зайшоў і неўзабаве выйшаў з высокага росту, але цельпукаватым юнаком, які пакорліва пасунуўся следам за ім. Змоўшчыкі зайшлі ў адчынены пакой. Не марудзячы, Даніла ўпэўнена рушыў да ложка Мацвея, памацаў хутка, засунуў руку ў матрац і выцягнуў нататнік у чахле.

– А я казаў!

Шмаргануў замок, адкрыў чахол, рашуча вызваліў з яго нататнік, засунуў у чахол лістоўкі з-за пазухі, зашмаргнуў.

– Усе справы! Пайшлі.

Добра п’яныя, яны разыходзіліся праз дзве гадзіны, задаволеныя кожны сабой і хаўруснікамі.

Частка 2

Музыка ў кавярні грымела моцна, і каб размаўляць з Марго, даводзілася казаць ёй у самае вуха – і ўдыхаць такі вабны пах яе скуры і валасоў. І сам Мацвей падстаўляў сваё вуха да вуснаў Марго, па-шчанячы ў душы папіскваючы ад адчування (ці яму здавалася) не пругкага паветра з вуснаў дзяўчыны, а кранання саміх вуснаў ягонай скуры.

Але такая гаворка яўна надакучыла Марго, і яна выгукнуўшы: “Потым паразмаўляем!”, лянотна пацягвала праз саломінку кактэйль і без асаблівай цікавасці азірала залу ў рознакаляровых сполахах святла. Па ўсім, ёй было не вельмі весела, і Мацвей адчуваў сябе вінаватым. Пасля таго, як Марго двойчы адмовілася ісці танчыць, ён ёрзаў на сваім стуле, раўніва зіркаючы на дужых дзецюкоў, што раз-пораз праціскаліся да барнай стойкі акурат паўз высока аголеных кароткай спадніцай ног Марго, не прамінуўшы кінуць зацікаўлены позірк на іх і на гаспадыню. То калі Марго, дапіўшы напой, нахілілася да яго і пракрычала: “Хадзем!”, Мацвей адчуў палёгку.

– Ну, расказвай, што ты новага накапаў пра сваіх дзядоў? – запыталася Марго, апынуўшыся на вечаровай вуліцы.

– Прабач… Не паспеў як след, – прамармытаў Мацвей. Яго трошкі злавала упартасць Марго ў пытанні яго спадчыннікаў: чаму яны так важныя ёй? Раней ён баяўся выказаць услых гэтую думку, цяпер жа, трошкі разняволены порцыяй алкаголю мозг загадваў супраціўляцца поўнаўладдзю над ім дзяўчыны. І Мацвей выказаўся: – Я не разумею ўвогуле, навошта гэта ведаць? Мінулае – гэта пыл, гэта мярцвячына, ад яго трэба абтрасацца і рухацца наперад. Што мне дало веданне пра дзеда, які ўсё жыццё прарабіў у нарыхтоўчай канторы, спачатку рахункаводам, потым – загадчыкам? А бабуля – бухгалтарам у спажывецкім таварыстве?

– Бо ты – малы дурань, які яшчэ не раскрыў вочы на патрэбныя рэчы, – паблажліва заўважыла на гэта Марго. – Падобнае цягнецца да падобнага, Твая бабуля пайшла замуж не за нейкага дворніка – яна абрала для сваіх дзяцей бацьку з кагорты таго ўзроўню, на якім знаходзілася сама. Так урэшце нараджаецца і эліта.

– Вось як, эліта… – з жалем уздыхнуў Мацвей. – Выходзіць, я туды не цягну са сваім радаводам?

– Якраз цягнеш, – глянула на яго Марго, быццам толькі зараз ацэньваючы юнака. – У цябе ўжо ёсць зачаткі інтэлігентнасці, у будучым справа будзе паляпшацца, як не ажэнішся з якой калгасніцай.

– А што, інтэлігентным стаць нельга, ім неабходна нарадзіцца? – пад’юдзіў Мацвей, хоць гэта было рызыкоўна ў адносінах з Марго, але яна ажно прыпынілася ад той важнасці, якое пачула ў пытанні.

– Вось іменна! Нельга! Стаць – нельга! – казала Марго так пераканаўча і так упэўнена, усё роўна як сцвярджала, што Зямля круглая, а Месяц свеціцца адбітым святлом. – Інтэлігентнасць – справа пакаленняў, прытым, непарушных у сваёй сувязі! Выхаванне, навучанне плюс генетыка! Інтэлігент у нейкім дзясятым пакаленні, хоць змалку апынецца закінутым у любыя ўмовы, зможа ўсё адно захаваць у сабе гэтыя рысы высакародства. Ён бачны!

– Добра, згодзен. Але навошта? Сёння – навошта? Тут так усё змяшалася: учарашні крымінальны аўтарытэт робіцца бізнесменам-мецэнатам, шпана з раёна становіцца уладальнікам казіно і рэстарана. Яны сёння дыктуюць жыццём, хіба не?

– Аха-ха-ха, дурнічка! – шчыра рассмяялася Марго. – Гэта ўсё – вонкавасць, мішура. А розумам грамадства кіруюць іншыя. Інтэлігенты. Сапраўдная эліта грамадства, а не гэтая, якая на глянцавых вокладках часопісаў. То папса. Зразумела табе?

– Ды быццам так, – уздыхнуў са згодай Мацвей, але чорцік супярэчнасці ў ягонай галаве не збіраўся адпачываць: – Ды, шчыра кажу, Марго, не разумею я гэтых гульняў у эліту. Светам кіруе навука. Свет трымаецца на навуковым прагрэсе. І я не кажу пра тэхнічныя задачы, якія якраз навуцы сёння рашыць. Я кажу пра палітычныя тэхналогіі, якія распрацоўваюцца зыходзячы з аналізу, што можа даць толькі навука. І распрацоўваюцца яны па законах, адкрытых навукай…