Пасля ўсяго адбытага я рушыла да Паўла, які – зразумелася мне – фізічна не мог трэснуць мяне па твару сваёй прастрэленай левай рукой. Аднак у галаве завярцелася яшчэ нешта страшна неадчэпнае. Кінуўшыся дадому на Койданаўскую, я хацела спраўдзіць або спраставаць узніклыя туманныя няўцямкі. Давялося зноў звярнуцца да раману Фадзея Булгарына і адшукаць разгорнутую калісь старонку. На кніжных паліцах хроснай па-ранейшаму валадарыў гармідар, але на ўдачу «Іван Выжыгін» заставаўся на ранейшым сваім месцы між францускага выдання Карана і ўспамінамі нейкага нямецкага манаха. З пэўнымі цяжкасцямі знайшлася патрэбная бачына, і я прачытала тую фразу цалком: «– Пакіньце, мілая, калі ласка, не трэба цырымоніяў, – абвесціў Мілавідзін. – Памятай, што гэта іншы я». Хросная мела рацыю. Кніга не хлусіла. Кніга сказала ўсё адразу, але дурненькая настаўніца музыкі не спрамаглася гэтай праўды абачыць…
Было досыць позна, каб учыняць яшчэ адзін шпацыр па небяспечных, як выяўлялася, вуліцах Менску. Тэлефонаў тады мы яшчэ не ведалі. Спаслаўшыся на стому і нястачу апетыту, я аддалілася ў свой пакой ды легла спаць. Спання, аднак, ніякога не атрымалася, бо недадуманыя думкі адганялі ад мяне сон. Раніцою я пачувалася разбітым карытам. Маючы jour de repos, я збіралася вылавіць па абедзе Паўла, каб урэшце высветліць усё з той брыдотнай падзейнай каляіны. Аднак у часе снедання прынеслі цыдулачку ад Ірэны Галавацкай. Яна запрашала завітаць як мага хутчэй да сябе, бо прыйсці туды ж меўся і спадар Ляхоўскі з раскрытымі таямніцамі забойстваў мянчанак. Паляцела, нават не дакрануўшыся да omelette.
Спадар Ляхоўскі не быў шматслоўным, але ўсё ж патлумачыў, што мо’ і не дадумаўся б да вызначэння агульнага падабенства злачынстваў, каб не кніга, якую ён тады акурат чытаў. Во, ён любіў і давяраў кнігам, а кнігі, здавалася, адказвалі яму тым самым.
– У адным еўрапейскім сярэднявечным рамане, я сутыкнуўся з гісторыяй чаргаваных забойстваў. І там яны ўсе сімвалізавалі пэўны знак з Уз’яўлення Яна Багаслова. Супаставіўшы тое-сёе біблейскае, мяркую, што наш забойца…
– Які ён наш? – двохспевам перабілі мы.
– …што менскі забойца дзейнічае, імітуючы сімволіку дзесяцёх каранняў егіпецкіх. З дазволу спадарыняў прыточвацьму тут асобныя цытаткі са Старога Запавету і мае з’ясненні ў звязку з канкрэтным трупам мянчанкі.
Ён быў у тое імгненне, як шастак у кірмашовы дзень – спраўны ды абароцісты.
– “І абраціся вада ў кроў… І вазсмярдзела рака, і не можаху егіпцяне піці з нея вады, і была ест кроў па ўсей зямлі егіпецкай”.[6] Першую менскую гаротніцу утапілі галавой у смярдзючай жыжцы. Колеравая гама той жыжкі неістотная, істотна, што труп быў каля Нямігі, якая здавён завецца крывавай. Забойца без праліцця крыві абвясціў аб пачатку свайго крывавага шляху па зямлі менскай.
– Божачкі, – толькі і прашаптала Ірэна.
– “І працягнуў ест Аарон руку сваю на воды егіпецкія, і выйшлі суць жабы і прыкрылі зямлю егіпецкую”. Другую забітую, Крэйну Шыфэр, як ведаеце, знайшлі з жабамі ў роце.
– Але чаму ў роце? У «Выйсці» ж нічога пра рот не сказана, – уварвалася са сваімі сумневамі я. – Да таго ж у Крэйны там былі не цэлыя жабы, а толькі жабіны галовы.
– Спадарыня Наталля, гэта не вельмі істотна, – кісламалочнаю развагай доўжыў свой тлумачальны цуг разгадчык. – Забойца, імаверна, душэўнахворы і трактуе Біблію, каб яму зручней было.
– А ці вы, не трактуеце забойствы, каб падагнаць іх пад вашыя высновы? – неўпрыкмет зласлівае атрымалася пытанне ў Ірэнкі.
– Не думаю, – пракашляўся Ляхоўскі і вярнуўся да біблейскага. – “І быша блашчыцы ва чалавецэх і ва скацех. Весь прах зямлі абрачэн ест у блашчыцы па ўсех странах егіпецкіх”. Трэцяя ахвяра мела ў роце цэлую калекцыю беларускай жамяры. Каментары тут залішнія. І ўрэшце: “І прыйдоша мухі прэцяжкія ва двары фараонавы і рабоў яго і на ўсю зямлю эгіпецкую, і пагібе зямля ад таковых мух”. Кхе-кхе. Phthirus pubis чацвёртай забітай тут іграе ролю біблейскіх “мух прэцяжкіх”…
– Гэта вам што? Бальшой тэатар? – рэзала праўду-матку Галавацкая.
Але тлумачальніка гэта не пераймала.
– Ведаеце, гэта ў забойцы гумар такі апрычоны, як і ў кожнага з такога кшталту злачынцаў.
– Але ў апошняй жанчыны да ўсяго быў твар абгарэлы. Чаму вы гэта не з’ясняеце? – зноў падала свой голас я.
– Не «абгарэлы», а «абпечаны». У паперах менавіта «абпечаны». Аднак там не тлумачыцца якім чынам, ад чаго. Магчыма гэта проста сонечны загар, які дужа дызгарманізаваў з аголеным белым целам. Калі забітая, была вулічнай гандляркай, то падобнае ёсць зусім верагодным.
6
У Клыкоўскай Біблія цытуецца па-стараславянску. Мы палічылі мэтазгодным выкарыстаць тут адпаведныя фрагменты з перакладу Францішка Скарыны (зацем С. Б.).