Выбрать главу

Вераемна, я занадта падрабязна спынілася на першых момантах майго пабыцця ў Менску, таму далей пастараюся спыняцца толькі на галоўным. Зрэшты, хто яго ведае, дзе там падзея больш галоўная, а дзе – менш, калі пэўны спамін для самае робіцца свайго кшталту новаадкрыццём, з якім ахвота падзяліцца. Аднак просты люд небеспадстаўна кажа: «На кождую хоцьку бываюць разахвоцькі».

Пансіянаркі сустрэлі маладую настаўніцу без лішніх варушэнняў, спакойна, чаго мне й было трэба. Я хутка асвойталася, пазнаёмілася з Менскам. Знайшоўся добры праваднік, ці як кажуць іншаземцы – гід (апошняе слаўцо мне не дужа падабаецца, бо добра ведаю значанні тутэйшых сугуччаў – гідкі, гідзіцца, агіда). Павадзіў мяне па месце мой калега па пансіёну выкладчык прыродазнаўства Павел Аляксандравіч Аляксандраў. Ён ці нее цалкам паказаў мне і Стары горад, і Высокі рынак, і нават Татарскі канец. Хаця можа мне хацелася іншага. Я неадразу гэта скеміла, бо была чыста недасведчанай у справах любосці. Павел жа недзе праз месяц у цяністых прысадах таполяў, што на бульвары ля ратушы, прызнаўся мне каханні. Я збянтэжылася, бо ніколі да тога ў жыцці не кахала, а па-сапраўднаму цалавалася толькі аднойчы, дый то з сяброўкай Марыяй, гуляючы ў Сапфо. Збянтэжанасць, што праўда, борздзенька прапала, і я змагла занатаваць у дзённік[3] шмат новых уражанняў, аб каторых тутака прымоўкну, стуліўшы вусны. Ясна, што, адказаўшы ўзаемнасцю, я не жадала каціцца ў бязодню разбэшчанасці. Дык жа неўзабаве пра Паўла ведала (без дадатковых падрабязнасцяў) хросная, а следам за ёй і мае бацькі. Не было ладных турботаў ды клопатаў з нашымі заручынамі, на што атрымалі ад усіх сваіх крэўных дазвол і блаславенне. А ўжо сам стан заручонасці даваў нам законную магчымасць для часцейшых спатканняў і супыніў ханжавітыя балаканні, якія пачаліся былі да таго. Можа даўней, як пісалі некаторыя, у Беларусі, з’яднанай уніяй з Польшчай, і была паўнюткая любоўная талеранцыя: усе ведалі, што якаясьці там парачка сустракаецца, але плявалі на мараль і зусім не асуджалі каханкаў, бо ж лічылі, што тыя не распуснічаюць, а romansujuć. У часе майго менскага побыту такіх узвычаенняў ані знаку не было. Таму суспешныя плёткі мы парвалі на самым уздыме.

Адразу варта адцеміць, што Паўлуша быў добрым прыхільнікам тагачаснага беларускага руху. Беларускі рух мае цяжкасцяў і сёння, трэба толькі глянуць у іхнюю газэту з рысункамі «Нашу Ніву». А што ўжо прамаўляць пра тыя часы, калі ні нашых, ні вашых ніваў не бывала?! Між тым Павел настолькі прыстойна ведаў беларускі дыялект, што іншым разам неўпрыкмет у гутарках пераходзіў на яго, чым дужа мяне здумляў. Мой мілы (так я звала яго тым часам, а ён мяне «мая мілая» клікаў) цікавіўся ўсякай простанароднаю творчасцю, перапісваў у зялёны Großbuch кожны новы верш у беларускай мове, што немавед скуль з’яўляліся ў Менску. Я сама, што праўда з ладнай доляй скепсісу, прасякнулася беларускім духам. Тады чэснікі беларушчыны гуртаваліся вакол пана Дуніна-Марцінкевіча – паэта і пісьменніка, які жыў дзесь пад Менскам, але быў заўсёдным госцем у горадзе. Гаварылі, што між сваіх продкаў ён меў якогась дацкага прынца, з той прычыны у прозвішчы ягоным і красаваў прыдомак Дунін, то бок Датчанін, калі перакладаць са старасветчыны. Мы з Паўлам наведвалі той круг вельмі рэдка, бо пачуваліся няёмка сярод тутэйшых знакамітасцяў. Вераемна з гэтае аказіі мой мілы заклаў свой уласны беларускі гурток, куды ўчашчалі аматары і цікаўнікі вылучна з ліку моладзі. Аднак, калі хтосьці з Вас, мае шаноўныя магчымыя чытачы, падумаў сабе, што галоўным героем гэтага мемуару будзе «мой Адам» Павел Аляксандраў, то ён жорстка абмыляецца.

Адной лістападаўскай пятніцай, калі наведнікаў у Паўла амаль што не было па прычыне нудотнага хлябістага надвор’я, што трымала мянчан у сваіх дамах, нібы ў бабілонскім палоне, да нас завітаў незнаёмы малады спадар. Спаслаўшыся на запросіны агульнага з Паўлам таварыша, госць адрэкамендаваўся як пісар апякунскае рады (попечительского совета) Вайніслаў Боўт. Па-беларуску ён гаварыў чысцей ды лепей ад Паўла, які нават не разумеў (!) некаторых момантаў і часцяком перапытваў у госця. Вайніслаў выявіўся чалавекам шырока адукаваным, чые зацікаўленні сягалі ў пытанні гісторыі і матэматыкі, археалогіі і літаратуры, багаслоўя і фізікі.

вернуться

3

Загарэў у 1863 годзе (зацем Наталлі Клыкоўскай).