Выбрать главу

– Адылі на чым палягаюць прароцтвы Вашэці? І мне льга гаварыць, што мо’ гадоў праз 140 тут будуць заміж дамоў палацы з лёду і снегу будаваць, а гадкоў праз 145 амерыканскія арлы, збіўшыся з курсу ці з панталыку зраўняюць Мангэтан з роўнем морскае вады.

Гэта выдавала на яшчэ больш здзеклівыя кпіны, чым мае. Але Боўт цалком спаважна адказаў:

– Чалавек праракуе, а Бог выракуе. І Боскі вырак даўна абвешчаны Нямізе. Яна выклятая горай ад Каіна. Калі мы дажывем да іншых часоў, то пабачым, як яе адзенуць у каменныя строі, абы сукрыць ад людскіх вачэй. Так мусіць быць.

Гэткі непрабіўны пафас узрушваў. Я ведаю, што нарачэная пана Аляксандрава пагляду Баўта не стрывала. Не ведаю, ці доўга яны двох цёгаліся па загуголлях, але без сумлеву ён вельмі хутка зрабіў пані Наталлю сваёй каханкаю. З маўклівае згоды Павэлка. Усе тыя заручыны з гомельскай гістэрычкай (Клыкоўская была з Гомеля) выяўляліся пустапарожняй фантазіяй. Проста Боўт супольна з Аляксандрвым мелі пэўны разлік і ў гэным разліку важкую ролю надавалі Клыкоўскай, якая пра гэта і ведаць не ведала. Я зусім не гіранізую. Яна сапраўды была троху ня ад гэтага свету, што перашкаджала ёй пільней глядзець навокал ды спрыкмячаць няладнае. У выніку Наталля жыла з двума мужчынамі і была перакананая, што ніхто пра такія акалічнасці не здагадваецца.

Вось жа здагадацца пра планы Баўта тады было немажліва. Даводзілася слухаць ягоныя містыфікаты, густа перасыпаныя антыпольскаю плюгою ў перамешку з слушнымі закідамі ў бок трэцяга Рыма. Пані Главацкая ў такія часіны паўспаўнялася неймаверным захапленнем светлай галавой прамоўцы. Як што Войслаў зрабіўся негалосным «расследваннікам» забойстваў мянчанак, ён проста мусіў зладзіць для нас спектакль вялізманае небяспекі. Насамрэч, было страшнавата выходзіць на вуліцу вечароваю парою. Але пасля двух забойстваў меркаваны «злачынца» доўга сябе не праяўляў. Таму Боўт і ўзяўся між іншым «знікнуць», каб мы не распружваліся, не пераставалі мець у сабе хоць кропельку страха. Я спецыяльна бяру многія словы ў двукоссі, бо ў рэчаіснасці не было ніякага злачынцы-маніяка, ні выкрадання Войслава Баўта. Быў толькі спектакль з ягонай рэжысурай ды акторствам.

Мы падабалі народныя святы, і многім хацелася пабываць у сялянскай світцы. Дзеля таго мы з чысленай радоўкаю таварышоў а знаёмых ставілі ў Лошыцы народную містэрыю «Жанімства Цярэшчанкі». Там было вельмі шмат народу, і Боўт мог бы ціхенька выйсці на двор і не вярнуцца. Але ён учыніў чыста ў іншы спосаб. Калі на свяце ўсе напоўніцу гулялі, пад смешныя поспеўкі і зык дуды пана Вярыгі выбіралі сабе пару, адбылося нешта. У хату завітала «паліцыя» – людзі нанятыя, нібы для смеху, Баўтом. Адылі жарт ад пачатку глядзеўся вусцішна. Галоўны «жандар» абвясціў пра арышт пана Войслава Баўта. Заразом ён сарваў з сцен вышываныя ручнікі, назваўшы іх “палітычнай сымболікай”, а потым спытаў у агаломшанай публікі:

– Ці ё тут сведкі зладзейскай чыннасці пана Баўта?

– Няма! – адказаў за ўсіх доктар Акімовіч-Загорскі.

«Жандар» скасавурыўся ды брыдка ўсміхнуўся:

– Ты яшчэ скажы, што мяне няма. Прашу ўсю грамаду кіравацца за мною. У якасці сведак. Пакуль што.

Ягоныя словы гучэлі нібы з прадоння. Толькі па тым, як ён з памагатымі і «арыштантам» пакінулі хату, давялося зразумець, што мы сталі ахвярамі неверагоднага па сваёй моцы сэансу ўмушчэння, гіпнозу. Многія недалічыліся грошай, бо самохаць аддалі іх прыхадням, толькі б не ехаць у паліцыю. У хаце ўвакняжылася атмасфера гнятлівасці. Калі цярплівасці шклянка ўпала долу, хтось з мужчынаў – гэткай амарочнай жалейкай – зусім па-жаноцку запяяў «Адвітанне Касцюшкі з Юліяй»:

А калі паедзеш, дык бывай,Пра маё каханне ўспамінай!У якіх краінах мне б ні быць,Юліяй адзінай буду жыць.[7]

Усіх па-просту калаціла ад безвыходнасці. Пару чалавек рушылі ў пагоню, але вярнуліся з пустымі рукамі. Пані Клыкоўская колькі разоў млела і трызніла пра нейкага Міхалку (не ведаю, хто ён такі; можа, сапраўднае імя Войслава). Пані Главацкая піла за шклянкаю шклянку крупнік і так накрукалася, што ледзьве на нагах стаяць магла. Яна якраз перад з’яўленнем «паліцэйскага» паязду выбрала Баўта сабе за пару. Дык цяпер, калі «сужонак» ейны прапаў з відавоку, яна голасна запярэчыла агульнай бяздзейнасці. Але маналогі ў яе атрымоўваліся дужа бязладныя. Ірэна раз-пораз гаварыла пра акрываўленага ворага з пятлёй (цікава, якое значэнне яна ўкладала ў слова «пятля»?), быстрага траянскага каня, цвердзіла, што лягчэй будзе сэрцу і дадавала, штось зусім непрыстойнае пра чалавечы ніз. Нат, калі я абмыляюся ў сваіх прыгадках, словы яе ў кажным разе былі жахлівымі. Асабліва сорамна было глядзець на мужчынаў, якія аціхалі і рабіліся па-сялянску рахманымі перад п’янымі выхілясамі недавучанай актрысулі. Я забыла тут прыпомніць, што маці Ірэны была прыгоннаю актрысай ці то ў Зорычаў, ці то ў Чарнышова, а пад старасць атрымала вольную і дзіцё на шыю, перапрашаю, немавед ад каго. Зрэшты собскі радавод Ірэну хваляваў мала, настолькі яна была отрешенной, як кажуць сябры маскалі. Адылі мела пэўны талент. Не як акторка, а як паэтка, што пісала на беларускім дыялекце і перакладала ў яго паэзію народаў Еўропы і Паўночнае Амерыкі. Мо’ ўспадкавала матчын дар? Пра ўдаласць тых эксперыментаў не мне меркаваць, але таленавітасць тут навочная: каб без слоўнікаў і граматычнага мінімуму (якая там у дыялектаў граматыка!) займацца перакладамі, гэта трэба мець адметныя здольнасці. Пані Главацкая іх мела.

вернуться

7

Пераклад Кастуся Цвіркі (зацем С. Б.).