Выбрать главу

30 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Узноўку была прад publicum. Гэты раз паны палякі, як яны абзываць сябе рачаць. Ведамая рэч – свая костка, да сабачым салам абрасла. То ёсць чарада зрад. Іхняя зрада саўсім не першая і чыста не апошняя. Трэны Каханоўскага я для іх чытала. Але няпэўная, чы мяне хто з іх хаця б на крапліначку паняў. Чхаць ім было на ягоныя віршы, як і на ўсё ўвогуле, і заўжды было чхаць, бо іх вядзець уласны цям, дзе пальшчызна – хорма, а зрада – змест. Яны навытарыліся апранаць зраду ў святочнае да багатырскае, надаваць ёй блеску да лоску. А спраўдзі – гніллё, трухло, лайно. Чы многа б адшукалася між іх такіх, хто здолеў бы адрозніць на слых Міцкевіча ад польскіх тлумачэнняў з Пушкіна? Wszystko jedno – што капуста, што гарбата.

31 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Дазнала прыпадкова, што Ваяслаў удыгае за нейкай Камілай Святарэцкай. То яўны абмыл ягоны. Ніхто не дасць яму збавення праўдзіва святых рэкаў, акром мяне – Берагіні Галоўнай. Я адваюю гэтае сэрца.

2 серпня, рок сёмы ад П.К.

“Сільна, яка смерць мілосць, і жостка, яка ад рэўнасць,” – вычытала ў іх даўняй кнізе послаўку, каторая так жыва сёння для мяне. Ваяслаў чыста не прынімае мяне, як след было б прынімаць. І гэта мяне! Я злая, бытта сто індыйскіх какадрылаў. Зрэшты нічога рашучага я покулься не прабавала ўшчаці. Аддаю долю сваю гэты час на волю пачцівае Лады, абы яна ўспасобіла ўсяка маю лепую міласць да гэтага крэва, наймільшага ад усіх без агляду на яго гостры, як меч язык, каторым ён адтуляе кажнага, хто знаважыцца спярэчкі дурнапахнучыя чыніць.

6 серпня, рок сёмы ад П.К.

Баліць мая галованька. Кажны дзянёчак баліць, ажно спасу-паратунку ніякага нямашака мне бедненькай. Ніхто не прыгалубіць адзінотніцу хворую. Зімны серпеньскі дзень. Дождж ліецца на змерлае места. Ён не прыйдзе, не загаляне, не прытуліць мяне к сабе – такому гарачаму і міласці поўнаму. Хоць бы мезенцам да мяне крануўся, я шчаслівейшая і здаравейшая сталася б.

10 серпня, рок сёмы ад П.К.

Бабруйск. Ездзім. Робім. Спектаклі чужога духу. Як толькі не плёскаюць вонкі, скрынку чарэпную парваўшы, мае гарачыя глуздочкі. Чужы дух. Дзіўнае мястэчка. Дзіўнае даймо мне творыць. Рэч не толькі ў пескавых вуліцах без бруку і тратувараў, не ў нястачы дрэваў, акром маладзенькіх ліпаў ля палігону. Гэта штосьці іншае. Крэпасць цягчыць гэнае мястэчка. Ад яе ўся чарната. Не хочу.

11 серпня, рок сёмы ад П.К.

Адыграўшы апошняе, кідаю ўсё і ўсіх, з’яжджаю хуценька ў Менск.

12 серпня, рок сёмы ад П.К.

Да эквіпажу ў Пухавічах знячэўку далучыўся Ваяслаў. Ён быў саўсём блізка. Пазнаў мяне, але за бытнасцю іншых паяжджанаў добра разгаварыцца не выйшла. Мужчына красун. Падобны да сокала яснага. Чарнявы. Як воранава крыло колер валос ягоных. Цёмныя вочы. Сурдут чорны. Бас, як у дыякана, аксамітавы. Тады маўчаў. Маўчанне. Адно толькі дзікунскае przepraszam і лютая моўкнасць. Чаму жадаю карыць яго за гэта? Чы многа на ім віны за тое? Хочацца табакі.

30 серпня, рок сёмы ад П.К.

Добра, што ёсць яно – цёплае дзівоснае мейсца, пры каторым усенька іншае рашчынаецца, кідаючы мяне сам-на-сам з насалодай. Мой тайны кут! Я тут сама сабе матухна, зязюлюхна, спадарыня. Ёсць тое, што можа адправіць мяне і мае крозы ў вырай. Шкода, што гэта толька я да я, а не я да ён.

2 верасня, сёмы рок ад П.К.

Мне проста, проста, проста. Мне светла, светла, светла.

15 верасня, рок сёмы ад П.К.

Ён не робіць ніводнага бязглуздага споківа, ніколі не прамовіць ніводнага марнага слоўка… Плаўная плыня маіх мысляў перапыняецца хмарамі, што ўзноў захінулі соўнійка. Незабаўна дождж зачне паліваць морачную раку да людзёў, што не ўцяклі з пабярэжніцы. Неба мяняе колер. Падымаецца віскуцень, праймаючы наскрозь Тарговую вуліцу. Свіслач свінцавее. Дзеравы на беразе торгаюцца ад раптоўнай халадэчы. Як і я.

16 верасня, рок сёмы ад П.К.

Мяне з вадою змуціць бура,А неба цёмна ад чорных хмар.Я прыпомню ўсямоц буй-тура,Я падніму да неба твар.