Не адна дурніца часам тым загаласіла. Хто тайна, хто яўна любоў да яго – акаянніка – маюць. Мужчыны кусіліся зладзіць пагоню. Смех адзін – шукаць цыган у полі! Дураччо. Цыгане не падманулі і ладунак даставілі куды трэба. У склепе канечне халаднавата, але ж можа ўрэшце крэвіцкая жрыца па дзелу шчупнуць салодкага мяса? Шчупую.
10 стычня, рок восьмы ад П.К.
Дураччо на дураччы і дурындамі паганяюць. Кантора піша і чытае, што пішуць іншыя, а галоўнае верыць напісанаму. Верыць, што бруковы хлопчык-пабягунчык можа прынесці просьбу аб вакацыях ад работніка гэтае канторы. Ідыётаў жа не пудзіць нічога – шлындаюць па паліцэйскіх часцях, слоўна яблычкаў маладзільных шукаюць. Да патрафляюць ім адно маласалёныя гурочкі. Кватэра Б. не мусіць пуставаць. Пераберамося пад пялюшкаю ночы. Стаўні глухенька закалоцім. Гуляйма ў гушкі, як чарналюд жартуе. Сюды, чы сунецца хтось?[11]
11 стычня, рок восьмы ад П.К.
Халерны заваротак. Добра ўсё паспела разыграць, удаючы кватэрную гаспадыню. Хаця і запыхалася, але дала-такі гамяльчучцы ліста “ад Б.”. Вераць вар’яты. Але за стаўнямі, знача, не схаваешся.
15 стычня, рок восьмы ад П.К.
Бегаць. Таіцца. Ліст пачынае дзейнічаць. Напусціла туманоў. Здаецца, што Яроцкая звязана з паліцыяй, бо кажа пра чародныя ахвяры, як губернатар пра ўспехі ў хазяйсцвеннай жызні. З ёй дохтар быў, каторы нібыта на ўсіх забітых глядаў. У такіх людцоў заўсягды з смехавым чуццём кепска, а ў гэнага злашча: пра ўсякія кавалкі-абрэзкі людскія ўдыхнавенна апавядаў, а потымака показачку прытачыў пра князя Румянцава, што ў Сажы лавіў карасёў, а падарожныя, каторыя ў госці да яго імкнуліся, зблыталі вяльможнага пана з селянінам. Гэта яўне для Клыкоўскай ён стараўся. Мне няможна было смяяцца ў такія “чорныя часіны”. То і зачала я ўсіх чыхвосціць без разбору: смешкі ў бок, Б. заклікае вас да помачы. Зважаю, што некаторыя мяне ўжэ запісалі ў вар’ятку. А самі ж торгаюцца туд-сюд, не ведаючы, якую ласку можна ўчыніць у шуканні падземных зладыроў. Хто тут вар’ят?
[дата адсутнічае]
Ніхто нічога не зразумее. Ніколі. Нас вычыркнулі тады. Вычыркнуць і зараз. Няма спосабу падняць Атлантыду з дна. Няма ладу, каб разарваць чэпі харалужныя, якімі акаваныя думкі сяго краю. Ніхто нічога не зразумее. Думкі не на месцы. Саўсім не тое, чаго жадалася. Дарогі няма. У тумане броду няма. Няма ні нацеку на спасенне. Смерць абрала нас. Нас і вас. З Пагоняй ваш сцяг. Ваш і наш. Мы – гэта вы. Вы – гэта мы. Вайны нельга ўнікнуць. Застаемся ваяваць. Тут.
[дата адсутнічае]
Мы паміраем. Нас паміраюць.
[дата адсутнічае]
Ты парáзішся. Табе аніколі іх не спаткаці. Нікому ніколі не празнаці.
[дата адсутнічае]
Ён такі маўклівы стаў. Задуменны праз лад. Мне не трэба таго. Не трэба. Была б толька спраўнай плоць. Жыцце – ад узродзінаў да скону – чарада абрадаў, звычаяў, варожбаў. Яму цяпер адзін абрад – быць маім. Яму цяпер адна варажба – хачу я сённячы чы не. После ўсяго ён плача, як дзіцятка малое, і вяне, бы тая рожа-кветка.
[дата адсутнічае]
Дала намінку П.А., дзей ягоная Н.К. употайкі бачыцца з нікуды непрапаўшым Б. П.А. агледзеў, што нарачэная паводзіцца дзівотна, чынячы пэўную апасоку за ім самім, таму і ўзверыў у словы мае. Пачнем батлейку?
[дата адсутнічае]