Не прадавайце, значыцца, волі ні за якое золата.
Яны з князем вачыма лыпаюць, а ў мяне сэрца ад радасці скача, што гэтак усё спрытна атрымалася. Вось табе, княжа, мой адказ. А цяпер загадай назад у астрог весці, пайду да Абрама на пачостку збірацца.
Радзівіл з твару пацямнеў і з пістоляю гуляе. Ну, думаю, калі стрэліць зараз, дык і зусім добра, не трэба будзе пудзілам на палі тырчаць. Не ведала яшчэ мая душа, якія ёй пакуты перажыць наканавана. Так лёгка зрабілася, нібы памерці - гэта як Сож улетку пераплысці.
Вось у тую хвіліну ён і сказаў:
- Слухай, Карпач, а калі загадаю пяць тваіх сяброў-баламутаў памілаваць, тады мы з табой піва зварым?
А потым сказаў:
- Бяры яшчэ трох. Няхай якраз палова будзе.
І тут душа мая пахіснулася, а князь, гэта ўбачыўшы, пяро схапіў і прыспешвае: давай яму імёны хутчэй, каго я паслязаўтра з палі ды з шыбеніцы зняць хачу.
- Восем жывых душ, - кажа, - у твае рукі аддаю. На ўсе чатыры бакі пойдзеце. Хочаце - ціха жывіце, хочаце - на Сеч падавайцеся або тут, у старостве, зноў казаччыну заводзьце. Думай, Карпач!
Не ведаў я, што рабіць, і, каб час выгадаць, папрасіў княжага дазволу ў пабрацімцаў сваіх у астрозе спытацца.
- Ты што, гарматнік, - рагоча, - з глузду з'ехаў? Як ты ў іх пытацца будзеш? Хто з вас жыць хоча, а каму гэты свет агоркнуў?
Праўду князь казаў. Але як жа гэта, думаю, адных уратаваць, а другіх на смерць асудзіць? Я ж не Бог, а чалавек грэшны, ніхто мне такой улады не даваў.
- Як жа я, - пытаюся, - у вочы іхнім сіротам і ўдовам глядзець буду - тых, каго на смерць выраку?
- А навошта, -князь кажа, - ім у вочы глядзець? У маярат, у Белую, забяру. Там у мяне, гарматнік, інфантэрыі шэсць тысяч, ды гусарыя з кавалерыяй, ды аддзел гран мушкецёраў, як у французскага караля. Генералам зраблю або над артылерыяй пастаўлю.
- А сумленне? - пытаюся.
А князь:
- Ды дзе яно? Бачыў ты яго калі-небудзь ці, можа, рукамі мацаў?
У яго, маўляў, лёкай адзін ёсць, дык ён, лёкай гэты, хваліцца любіць, што за сваё сумленне сем коз купіў.
- А я табе, Карпач, - смяецца, - лепшую цану даю - жыццё. І не адно, а разам з тваім цэлыя дзевяць жыццяў. - І зноў за пяро: давай яму ў рэскрыпт імёны.
- Няўжо твая мосць думае, - адказваю, - што з такім цяжарам на душы жыць можна? Ды гэтыя пабрацімцы мае неўратаваныя не тое што ў Белай - на краі свету да мяне кожную ноч прыходзіць будуць.
Задумаўся князь на хвіліну і на немачку сваю прыцыкнуў, якая зноў нешта гергетаць пачала.
- Добра, гарматнік, - гаворыць, - калі ўжо ў цябе душа такая далікатная, можаш не восем, а дзевяць сваіх баламутаў ратаваць. Скеміў? Гэты дзевяты на тваё месца стане, а ты - на ягонае.
Мучыўся я, быццам той падарожны каля баечнага каменя, ад якога сцежкі разыходзяцца. І такая роспач узяла, што хоць ваўком вый, хоць крычы, ды не дакрычышся ні да кога і сам гэтую сцежку выбіраць мусіш. А князь, каб на ім шэрсць курэла, навылёт бачыць, што ў мяне на душы робіцца. Прабегся па залі і зноў да немачкі сваёй кучаравай на калені, як кот марцовы, ускочыў.
- Падумай, - кажа, - Карпач. Або перапішаш, або ўсіх - на той свет. Тэрцыум нон датур - калі такі ты ў нас вучоны, што і лаціну ведаеш. Ідзі. Ноч табе на роздум.
Вярнуўся я ў камору і ў сваім куце на салому паваліўся, бо выснажаны быў, як пасля самага лютага катавання. Усе вакол сабраліся, і Сымон Варона пытаецца: «Зноў над жарам падвешвалі?» «Горай», - кажу і замаўчаў, не мог ім нічога сказаць. І яны, пабрацімцы мае, якія мяне першым пасля Вашчылы прызнавалі, таксама маўчалі, усё роўна як ведалі, што мне Радзівіл сказаў, ведалі, што, калі будзе на тое мая воля, магу з кожных двух аднаму жыццё пакінуць. Каторыя нават бліжэй пераселі, нібы нагадвалі, каб часам на іх не забыўся. Абвёў я іх усіх вачыма і чую: сэрца разрываецца.
Розныя сярод пабрацімцаў маіх людзі былі. Двое ці трое заўсёды скрыва на мяне пазіралі, бо не маглі ў розум узяць, чаго я дамагчыся хачу. У кублах, маўляў, сала з каптуром, шасткі ад шынак ды кілбас ломяцца, і ў полі, і ў хляве ўсё родзіць і зводу не ведае. І млын з фолюшам мае, і прывілеі ў іх, у Карпачоў, ад караля, і бурмістрам абраны. Яму што - мала? Іхняя праўда: і млын меў, і ў свіронках мышы ад голаду не здыхалі, і ў пограбе грыбоў ды сочыва хапала. Але як такому, што не кожны дзень хлеб меў, давядзеш: не той ва ўсім гэтым смак, калі на сваёй спрадвечнай зямлі ты, быццам прымак, жывеш, ніякай улады не маючы? Калі нават мову, на якой нашы законы пісаныя, у нас забралі, і ў магістратах, і ў судах усё спрэс па-польску. Хіба лёгка галоднаму ўтлумачыць: тое мне трэба, што ў кубле на зіму не засоліш? Нашаму народу Бог гэтую зямлю даў, значыцца, і ўлада нашая тут быць мусіць. Яшчэ калі мяне на свеце не было, дзед мой Зміцер ды бацька Ілля з крычаўскімі мяшчанамі жаўнераў харугвы Рыгора Агінскага, харунжага Вялікага Княства Літоўскага, што ў старостве на пастоі была, стралялі і шчупакоў імі ў Сажы кармілі. Відаць, такой пячаткаю вальналюбнай уся наша радзіна пазначана...