Там быў яшчэ фацэтны італіец, які пасля другой змены страў дэкламаваў уласную элегію да рыб ракі Палаты, што побач з яе палацам зліваецца з Дзвіною...
Не, на абедзе паляўнічага не было. Яна ўпершыню ўбачыла яго на балі, дзе ўчарашняга вечара танцавала паўтысячы гасцей.
Яна ніколі не залічала сябе ў прыхільніцы баляў i ўжо даўно не дазваляла сабе з галавою акунацца ў легкадумны вір музыкі, шампанскага, фальшывых усмешак i навылёт хлуслівых прызнанняў i кампліментаў.
Каб не марнаваць часу, яна, як зазвычай, даручыла вачам выбраць аб'ект назірання. Спачатку аб'ектаў аказалася адразу два: князь Пацёмкін i падобны да Гамлета Ланской, якога ў Пецярбургу яна, хаваючы ад прыдворных дам i ашчаджаючы для сябе, здаралася, днямі трымала пад замком. Князь не быў бы самім сабой, каб не ведаў, хто шаптаў ёй у мінулую ноч «зоренька» — так, выконваючы ейнае жаданне, мусілі называць яе ўсе фаварыты.
Князя як быццам магнэзам цягнула да Ланскога: ён колькі разоў здымаў з тацы два келіхі, загаворваў з маладым канкурэнтам, i аднойчы яна, імператрыца, здолела ўбачыць ці, праўдзівей, праз усю залю адчуць тую ледзяную ўсмешачку, што празмяілася па Князевых вуснах, на імгненне прыадкрыўшы бездань ягонае нянавісці. Перад тым як пераключыць увагу на беларускага афіцыяла Паслоўскага, яна спакойна падсумавала: не будзе нічога дзіўнага, калі неяк увечары пецярбургскі Гамлет бесклапотна вып'е келіх таго віна, якое каштуюць толькі раз.
Ксёндз Паслоўскі заняў пазіцыю каля высокіх вокнаў, за якімі на ілюмінацыйнай вежы быў вытканы агнямі яе, Кацярынін, партрэт. Да афіцыяла па чарзе падыходзілі ваявода берасцейскі Ян Зыберг, полацкі кашталян Фадзей Жаба, скарбовы пісар літоўскі Юллян Шчыт, ваявода люблінскі Ігнацы Твардоўскі... Пра што маглі гутарыць з афіцыялам гэтыя фанабэрлівыя палякі i ліцвіны? Можа, усе разам атрымалі ад папы новы загад паўплываць на непакорлівы ордэн? Няхай афіцыял раскажа ім пра кіслую міну апошняга пасланага з Варшавы нунцыем Аркеці сакрэтнага агента, што не паспеў ступіць па дзвінскім беразе i двух крокаў, як з туману выйшаў сам полацкі гараднічы ca сваімі людзьмі, якія ветліва пасадзілі няпрошанага візітанта назад у човен i паабяцалі, што наступнага разу давядзецца вяртацца наўплаў.
Твардоўскага змяніў стараста інфлянцкі Язэп Плятэр, а таго — кашталян троцкі Андрэй Агінскі... Яна засталася задаволенаю, што беспамылкова памятае, хто ёсць хто ў гэтай жывой мазаіцы твараў, але разам з тым адзначыла, што ніхто з суразмоўцаў ксяндза Паслоўскага так i не павярнуўся тварам да вокнаў, у якіх ззяў яе партрэт у атачэнні гербаў галоўных гарадоў імперыі. Яна ўжо мелася палічыць падкрэсленую няўвагу палітычнай дэманстрацыяй, як яе позірк спыніўся на гнуткай, яна сказала б, празмерна гнуткай постаці Станіслава Панятоўскага, пляменніка i цёзкі караля i вялікага князя. Апошняга караля i вялікага князя,— думаючы пра былога фаварыта, дадавала яна ўжо не адзін год.
Аднак інтэрас у яе выклікаў не сам пляменнік — асоба, ствараючы якую Госпад відавочна адпачываў, хоць, зрэшты, i падкінуў ёй за картачны столік неблагога партнёра. Яна весела злавіла сябе на тым, што прагна разглядвае ягонага спадарожніка.
З гэтае хвілі яе ўжо не цікавілі ні бестурботны Гамлет з развар'яваным князем Пацёмкіным, ні чарада ліцвінаў i палякаў, што, як восы вакол спелае грушы, круціліся каля афіцыяла (яны дачакаюцца часу, калі яе партрэт будуць аздабляць гербы i іхніх гарадоў), ні цэлы рой маладых іншаземцаў-езуітаў, што размаўлялі адначасова на чатырох ці пяці мовах, з цыркавой лёгкасцю пераскокваючы з французскай на лаціну i з нямецкай на ангельскую.
Ён выглядаў на паўгалавы вышэйшым за Ланскога i, відаць, пражыў на свеце ці не ўдвая болей за яго, што між тым ані не адбілася на па-маладому станістай постаці. Яна, імператрыца, была пэўная, што ў яго на галаве не парык, a ўласныя, густыя i нават на позірк шорсткія валасы, якія ёй у мужчын нязменна падабаліся. На ягоным выштукаваным без лішняга мудрагельства твары ляжала пячатка адлучанасці. Яна зразумела, што гэты мужчына, як i яна сама, не паддаўся святочнай мітусні i застаецца ў яе віхуры сам-насам з сабою.
Ёй захацелася ўбачыць яго зблізку, пачуць ягоны голас, даведацца, якія ў яго вочы. Губернскі маршалак Корф, што не адыходзіўся ад яе далей чым на тры крокі, схіліўшыся да вуха, патлумачыў: былы земскі суддзя Полацкага ваяводства Каспар Буйніцкі, нашчадак старажытнага тутэйшага роду, удавец i заўзяты паляўнічы.
Маршалак зрабіў знак, i праз хвіліну радавіты ліцвін стаяў перад ёю.