За тры дні яблыневая квецень у садах амаль асыпалася.
Што ён сказаў на адвітанне?
«Ваша вялікасць, зычу вам жыць i цараваць доўга».
Націск на слове «доўга». Што ён можа значыць?
Перад сваім пажаданнем ён гаварыў пра тых, што ніколі не пагодзяцца з лесам, які выбралі не самі.
«Ніколі, ваша вялікасць».
Значыць... Значыць, цараваць доўга, каб пераканацца... Дажыць да таго, калі яны возьмуцца за зброю...
Дзякуй, ліцвін. Яна сапраўды будзе жыць доўга. Яна перажыве былога каханка, якога звалі Станіславам Аўгустам. Куранты гісторыі хутка сыграюць ягонай дзяржаве рэквіем.
Яе, расейскую імператрыцу, будзе вітаць званамі i гарматамі Вільня. A іхні герб, той, што на сыгнеце, які ляжыць у яе ў кішэні, яна пакіне яму, ліцвінупаляўнічаму, упрыдачу да яго крозаў. Але гэта будзе адно герб горада. Замест ранейшага, магдэбургскага, з караблём у блакітным полі на срэбнай вадзе...
Сон чамусьці не ідзе.
А тут яшчэ прыдарожны маёнтак уніяцкіх арцыбіскупаў i каля брамы — сам уладыка полацкі, назола з антычным імем Ясон i смешным прозвішчам Юнаша-Смагаржэўскі.
Цяпер адкруціцца ад візіту да уніятаў не ўдасца.
Паклоны, ліслівыя ўсмешкі. А што за імі? Якія думкі спеюць за лбамі гэтых грэка-католікаў, што збудавалі пры браме дзве падобныя да мінарэтаў вежы i абнеслі рэзідэнцыю свайго ўладыкі мурам з дванаццаццю капліцамі, чые вокны болей выдаюць на амбразуры?
Навошта ім гэтая фартэцыя?
Арцыбіскуп, адрозна ад праваслаўных архірэяў, у тым ліку i сталічных, бездакорна гаворыць па-французску, што яе таксама раздражняе.
Яны ідуць да сажалкі з зялёнымі берагамі i блакітнай альтанкаю на выспе, куды перакінуты зграбны масток.
Імператрыцы знячэўку шчымліва-востра хочацца дадому, у Пецярбург.
Цестачкі да кавы зусім свежыя.
Альтанка, дзе сабраны стол, над самай вадою, адкуль яе, імператрыцу, незварушна разглядваюць залатыя рыбкі. Не рыбкі, a ўкормленыя рыбіны, кожная з якіх узброеная пачварна вялікімі вачыма-тэлескопамі.
Адразу ад берага глыбока, што ёй таксама не падабаецца, бо нагадвае пра раскіданы паводкаю мост i неабходнасць перапраўляцца цераз Дзвіну ў шлюпцы.
Але ў гэтай глыбіні ёсць i выгода: імператрыца апускае руку за парэнчу, i арцыбіскуп не заўважае, як бліскае на сонцы срэбны пярсцёнак з пячаткаю i як рыбіны ўважліва праводзяць яго лупатымі вачыма.
1998
Пакуль не згасла свечка
Прысвячаю Сцяпану Александровічу
Хлопчык мой! Дарагі Ежы!
Здарылася амаль неверагоднае. Я зноў магу сказаць табе: «Добры дзень!»
Хачу верыць, што ён для цябе сапраўды добры. Я так даўно ў турме, што мне часам здаецца, быццам на волі ўжо нікога няма. Толькі пра цябе я ніколі так не думаю.
У гэтыя хвіліны я спрабую ўявіць, дзе ты цяпер, чым займаешся. Калі зімовыя вакацыі не скончыліся, ты, напэўна, дома, у нашым ціхім кутку, дзе так часта вандруе мая душа. Бачу, як ты лётаеш на галандскіх каньках па сажалцы, што за бераставымі прысадамі. Бачу, як ты, яшчэ расчырванелы ад марозу, сядзіш каля грубкі на плеценай канапцы з кнігаю на каленях. Мне хочацца зірнуць паўзверх твайго пляча: якая гэта кніга? Можа, том Плутарха з вашай бібліятэкі? Твая маці пісала мне ў Парыж, што ты захапіўся гісторыяй...
З якім пачуццём чытаеш ты першыя радкі? Бадай, я згодны на любое, апрача страху.
Вырашай сам, ці варта паказваць гэты ліст маці, бацьку ці дзядзьку Канстанціну. Ты ведаеш іхнія адносіны да мяне пасля арышту. Але не будзем надта сурова судзіць іх: цяжка знайсці чалавека, якому сваяцтва з дзяржаўным злачынцам прынесла б радасць. Лепш за ўсё - спалі гэты ліст. Тады сумленне маё будзе спакойнае.
Наогул маім адрасатам не шанцуе. Ліст да маёй сястры, а тваёй маці, сваё кароткае падарожжа закончыў у следчай справе. Нядаўна з літасцівага дазволу я пісаў да яго вялікасці. Здавалася, я быў сама добранамернасць (хіба што дазволіў сабе сказаць на адрас вялікасці два-тры словы, якія не рызыкну паўтарыць тут), але наш самадзержац таксама не дачакаўся вестачкі ад аднаго са сваіх удзячных падданых.
І ўсё ж я жыву вераю, што ты прачытаеш гэты ліст. Ён пойдзе іншым шляхам. Мне выпала шчаслівая карта, Ежы. Сярод турэмшчыкаў з'явіўся наглядчык з незацверджанай дубейкаўскай шляхты, з тых самых Дубеек, што на паўдарозе паміж стольным Нясвіжам і маім маёнткам.
Калі бачыш гэтага чалавека ўпершыню, міжволі прыгадваюцца гісторыі пра ведзьмакоў і атручальнікаў, аднак у яго ў грудзях б'ецца шляхетнае сэрца.
- Пане, - ціха загаварыў ён да мяне аднойчы, паставіўшы на падваконец турэмную вячэру, - я памог бы вам уцячы, ды вы ўжо не дойдзеце і да дзвярэй. Што я магу зрабіць дзеля вас?