Выбрать главу

— Раю вам разысціся, — шчэцістыя бакенбарды капітана дрыжалі. — Сюды ідзе яшчэ дзве роты. Па-шкадуйце сваё жыццё.

Натоўп завагаўся. Корчак з адчаем бачыў, як трох чалавек цягнуць да брамы. Веска маўчала, глядзела цёмнымі вокнамі. Напэўна, за некаторымі з іх былі вочы, але нават не каля саміх каламутных шкельцаў, а ў глыбіні хаты.

— Хлопцы! — крыкнуў Корчак. — Ды што ж гэта яны, ірады? Выганяйце іх з хат. Паходню ў страху, калі не выйдуць.

Мужыкі пачалі біць у вокны і дзверы, выганяючы гарыпяціцкіх на вуліцу. Іх цягнулі з хат. Натоўп быў у ярасці: хаваліся за цёмнымі вокнамі, і ў кожнага, хто стаяў з паходняй, было таму страшна і сіратліва на сэрцы. А хіба тыя, што з паходнямі, зладзеі? Яны хацелі толькі ўпэўніцца ў хлусні.

— Корчак! — крыкнуў Мусатаў. — Не здзекуйся з людзей!

— Адпусці ўзятых, доўбня! — крычаў Корчак. — Бач, літасцівы воўк! Успомні Півошчы!

Валтузня вакол Броны, Марты і Паківача на хвіліну прыпынілася.

— Людзі! — крыкнуў Мусатаў.

— Мы табе не людзi, а быдла, — адказаў Корчак. — А i вы нам не людзi, а ваўкi.

Навісла маўчанне.

…На загуменні бацька, Андрэй і Юрась трымалі, сапучы, Кандрата.

— Здраднiка з мяне робiце, — сiпеў той.

Вуліцай, прыгуменнямі, садкамі павольна, па адным, па тры адлучаліся ад натоўпу людзі.

— Бачыш? — сказаў Юрась, і раптам голас ягоны перасекся. — Бачыш? Вось табе гэты бунт. То ты што, у гульні хацеў галаву скласці?

Кандрат круціў галавою, як загнаны конь.

— Сорам, перад братамі сорам, — ён зноў пачаў вырывацца.

Андрэй схапіў яго за валасы і моцна, так, што Кандрат крыкнуў, павярнуў ягоную галаву да садкоў.

— Глянь! Ану, глянь! Унь яны, браты!

Ад вогненнага возера адрывалiся i плылi садкамi агеньчыкi. То адзiн, то другi з iх рабiў у цемры зыркае паўкола — зверху унiз, — i потым адтуль далятала сычэнне згасаючай паходнi, якую совалi ў сакавiцкi, нямоцны нават уначы, снег.

У Юрася нешта клекатала ў горле.

— Братка… — захлынаючыся, сказаў ён. — Братка, ты не думай. Мы пачнем не так. Калі мы пачнем — зямля пад імі ўсімі закурэе. Пачакай да таго часу, братка.

— Калі пачнецца сапраўднае — першы пайду з табою, — сказаў Андрэй.

— Мы з-пад іх зямлю рванем, — усё паўтараў Юрась. — Гэта ўжо скора. Вер мне, я людзей ведаю. Кандрат зноў ірвануўся з-пад іх.

Ён глядзеў, як сычэлі і сычэлі ў снезе згасаючыя паходні, як меншала і меншала — на вачах, агнёў. Сутарга раптам прабегла па Кандратавым целе, і ён, ірвучыся, закрычаў нема і страшна.

— Панеслі, — сказаў Юрась.

Андрэй ускінуў на плячо братава цела, і Кагуты рушылі зарасцямі вішняку, а потым узлобкам далей ад Гарыпяцічаў. Кандрат пагойдваўся на плячах, нерухома-цяжкі, як мёртвы.

На ўзгорку, перад тым як спусціцца ў яр, Юрась і Андрэй спыніліся. Агні ўсё яшчэ згасалі ў лагчыне, але сычэння не было чуваць: далёка.

— Нічога, мы ім гэта ўспомнім, — сказаў Андрэй.

Брат не сказаў нічога, але Андрэю стала страшна, калі ён убачыў сціснутыя Юрасёвы кулакі.

"Давялі, — падумаў ён. — Ваўкоў з людзей парабілі. I дзіва што…"

Натоўп радзеў. Засталіся толькі Корчакавы людзі і ўзброеныя мужыкі з вёсак Хаданскага, ды яшчэ гарыпяціцкія, якім не было куды ўцякаць.

Але Мусатаў усё адно адчуваў дзіўную слабасць.

…Натоўп тым часам усё яшчэ стаяў у нерашучасці. I салдаты стаялі перад ім таксама нерухома. I на тварах салдат, якія трымалі Брону, Марту і Паківача, была нерашучасць.

Часам у натоўпе выбухаў крык:

— Пусціце іх!

— Сыраядцы! Супраць царовай волі! Вось ён вам…

— Апускаліся багнеты, і нібы разам з імі на натоўп апускалася цішыня.

Брона глядзеў-глядзеў на гэта, ды і плюнуў:

— Мужыкі-і…

Корчак спрабаваў узняць сваіх — дарэмна.

…Яшчэ не пачынала днець, але на ўсходзе загарэлася ўжо янтарна-жоўтая, халодная стужка заранкі. Людзі пераступалі з нагі на нагу, рыпеў пад поршнямі снег.

Мужыкі ведалі: пакуль на іхнім баку ноч і паходні, іхні табар робіць уражанне больш страшнага і вя-лікага, чым на самай справе. Дзень, які вось-вось павінен быў разгарэцца над вёскай, нібы распране іх, пакажа салдатам звычайных змерзлых людзей, вельмі стомленых і галодных.

…I раптам над натоўпам, над салдатамі прагучаў шалёны, дрыготкі ад захаплення крык Марты. Яна білася ў руках у салдат, выгіналася, паказвала рукою некуды на крутаяр. Вочы жанчыны гарэлі раз'юшанасцю і ўтрапеннем.

— Глядзіце! Гля-дзі-і-це!

На крутаяры, на верхнім ягоным зрэзе, на жоўтым фоне заранкі рухаўся сілуэт.

— Коннік! Коннік! Коннік!

Конь нібы рассцілаўся ў паветры, з усходу набліжаючыся да вёскі. Салдаты не бачылі яго за сцяною ліп. Але ўсім, хто ў нерашучасці стаяў на вясковай вуліцы, ён быў відзён добра.