Выбрать главу

Пяро бегала, пакідаючы радкі:

Чым угнявiла ты бога? I чым раззлавала, Што над табою, яшчэ не апетай i сотняю строф, Маятнiк часу упаў, i касцельная цемра настала, Цемра прабiтых далоняў i тысяч няправых галгоф? Што ты зрабіла зямлі — ад фіёрдаў да Рыма, Што залівалі пажары цябе, распраналі вятры, Што паміралі ў сібірах твае маладыя багрымы, Што дастаеўскія кідалі нівы твае і бары? Хто адабраў тваю памяць, мая дарагая, Што, на працягу вякоў, забываючы мукі свае, Лепшых паэтаў сваіх забыццём ты смяротным караеш, Лепшых прарокаў каменнем няведання б'еш? Веру ў адно. Калі злосць векавечную звяжуць I над крыніцамі зорка-Палын узыдзе, Ты на судзе — пад архангелаў трубы — Марыі адкажаш. Скажаш адзінае слова за ўсіх на планеце людзей: "Ў бiтвах скрываўлена, каб чалавецтва ўваскрэсла, Каб на палетках ягоных воля i мова ўзраслi. Мацi сыноў чалавечых. Я столькi пакут перанесла. Можна зямлi дараваць, Калі я існую на зямлі".

Ён не верыў, а вобразы атрымаліся міфалагічныя.

Ды і хіба ў гэтым справа, калі сапраўды гіне ўсё добрае, калі праўду кажуць булгарыны, а за волю ваююць мураўёвы, калі сапраўды над зямлёю ўзлёт прабітых рук?

Ён глядзеў у акно, на зорку. I раптам убачыў…

…У небе стаялі светлыя слупы ад гарызонта да зеніту. Яны мяняліся месцамі, крайняя іхняя грань была зырка-барвяная, яна разгаралася і нагадвала пажар. А пасярэдзіне ўставалі белыя палосы і слупы.

Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае ззянне.