Выбрать главу

Спрачаліся і лаяліся. А потым стралялі ў мішэнь са злосцю, нібы ў галаву ворагу.

І наогул усё пайшло вірам: спакой, сяброўства, звыклыя чалавечыя адносіны. Ціхае Паддняпроўе ад Сухадола да Дошчыцы нібы раптам ашалела. Прахам ішлі прыхільнасці і сімпатыі, узнікала варожасць. Нібы хварблівы мікроб раздражнення ўразіў людзей. Трывога вісела ў паветры.

Гэта і Алеся прывяло да найбольшага ўзрушэння ў ягоным жыцці. Прывяло невядома з якой прычыны, прывяло недарэчна, слепа.

Пачалося з агіднага здарэння, якому нават падобнае цяжкавата было знайсці за апошнія пяцьдзесят год. Прыдняпроўе заўсёды вызначалася адносна мякчэйшым характарам прыгону. Прычына гэтаму была ў тым, што тутэйшае звычаёвае права казала толькі аб уладанні зямлёй і праз яе чалавекам, а не так, як у цэнтральных губернях, целам і душой падданых, якія ўладаюць зямлёй. Прынцып, які арлоўскі селянін выказваў словамі "мы вашы, а зямля наша", тут не існаваў. З польскім раздзелам людзі нібы маўкліва ўмовіліся пакінуць у звычаёвым праве ўсё як было, не ломячы старога звычаю. Прыбылых паноў хутка перавучвала самое жыццё: небяспечна было выглядаць не такім, як суседзі, белай варонай і першым кандыдатам на нечаканы падпал, пасля якога і канцоў не знойдзеш.

І вось графіня Альжбета Хаданская вычварыла такое, што ў людзей валасы на галаве заварушыліся. Дзеўка-пакаёўка прыбірала пані і, прышпільваючы ёй ток, выпадкова ўкалола. Вечна раздражнёныя нервы злоснай румзы не вытрымалі, і яна ўстраміла дзеўцы вялізую шпільку ў грудзі. Дзеўка страшна закрычала, выбегла з пакоя, а праз якую гадзіну аб гэтым ведаў ужо ўвесь горад.

Пан Юры, даведаўшыся, кінуўся шукаць Хаданскага. Граф гуляў у ломбернай зале з сябрамі ў віст.

— Пан граф гуляе ў віст?

— А чаму мне не гуляць у віст?

— Ты звар'яцеў, — сказаў князь. — Калі ў цябе няма жалю, успомні, што цяпер трэба сядзець цішэй вады і ніжэй травы. Пугачоўшчыны хочаш? Васька Вашчыла па тваёй хаце не хадзіў?

— Князь…

— Што, цірам абыходзіцца абрыдла? Н-ну добра… Дык вось, калі не хочаш, каб тваю жонку — віламі, скажы ёй, каб маўчала… У апеку вазьму!

— Гэта не ад адных вас залежыць, — сказаў Ілля Хаданскі.

— Я з табою што, парсюкоў хрысціў, што ты ў размову дарослых лезеш?

З моладдзю ніхто так не гаварыў, але князь ужо не мог іначай.

— Вось што, — сказаў Загорскі. — Вось што, граф. Можа, я тую падзею і замну. Але дзеўцы зараз жа волю з зямлёй, дый то ці даруе яшчэ. Зараз жа! Іначай каб вы не пашкадавалі.

— Лухта, — сказаў стары граф.

— Вы пашкадуеце таму, што гэтым займуся асабіста я. Вы разумееце? Асабіста я.

Хаданскі спужаўся. Усё было зроблена па загаду пана Юрыя.

На тым бы, здаецца, усё магло і скончыцца. Але тут нібы чорт уткнуў у справу малодшага Загорскага.

Алесь прыйшоў у зборню. Хацеў знайсці Мсціслава. Перад дзвярыма курыльні пачуў галасы і сярод іх голас Іллі Хаданскага. Ён павярнуўся быў да дзвярэй, але прыслухаўся і спыніўся. За дзвярыма весела брахаў нешта нахабны голас Мішкі Якубовіча.

— Не можа быць? — з удаванай наіўнасцю спытаў Ілля.

— Я табе кажу. I вось нiбыта стаў наш князь перад Мiхалiнай на каленi дый прызнаўся ў каханнi. А тая глядзiць на яго непаразумела i нiц не ўтаропае. Ён да яе: "Люблю". А яна яму: "Што ты, Алесiк, я не магу цябе любiць. Я Наташу люблю… i Ядзечку".

Кампанія зарагатала. Тон гэтых нібыта Майчыных слоў быў такі наіўны, што рабілася ясна: дурніца дурніцай.

Загорскі штурхануў дзверы і зайшоў. Кампанія сціхнула.

— Пан Якубовіч, — сказазў Алесь, — хто вам дазволіў разносіць лапцявую пошту? Хто вам дазволіў бузаваць па брудных корчмах дзявочае імя? Маніць?

Чорныя вочы гусара нахабна і дзёрзка глядзелі на Алеся.

— Гэта што ж, наша высакародная зборня — карчма, ды яшчэ і брудная? — спытаў, дрэнна валодаючы сабой, Ілля Хаданскі.

— Чакай, — уладна перапыніў Міхал, — тут мая справа.

Устаў і наблізіў да Алеся шалёныя вочы.

— Хто патрабуе ў мяне адказу? Васемнаццацігадовы шчанюк, ты малако смактаў, калі я насіў зброю. Зеляпан, ты ў пялюшкі рабіў, калі я на бастыёне пад кулямі стаяў.

Алесь размахнуўся і ўляпіў яму поўху, Міхал схапіўся за шаблю.

— Заб'ю! Штафірка, шпак дохлы!

Хаўрус выкаціўся на вуліцу. Сябры трымалі Якубовіча за рукі. У таго з вуснаў валіла пена. Крычаў нешта яраснае высокім тонкім голасам.

— Калі вы так трымалі сябе на бастыёне — гэта было ва ўсіх адносінах годнае відовішча, — сказаў Алесь.

Канец мог быць адзін: дуэль. І невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але, дачуўшыся аб дуэлі, шматлікія крэдыторы падалі да неадкладнага спагнання свае вексалі на суму нешта каля пяцідзесяці тысяч. Пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка. У тым жа выпадку, калі не будзе рызыкаваць жыццём, будуць чакаць, колькі трэба, да атрымання Міхалам спадчыны ад бяздзетнай цёткі. І нават надалей даваць крэдыт.