Выбрать главу

Веткінскі мяняла Скітаў і магілёўскія банкіры-яўрэі зрабілі тое, што Якубовіч вымушан быў пайсці на міравую.

Вежа лічыў, што ў адкладзеным, у нязбытым двабоі ёсць нешта падазронае для гонару. Алесь са згоды старога Вежы прапанаваў Мішку заплаціць па ягоных вексалях, каб дуэль усё ж адбылася. Мішка падзякаваў і адмовіўся, нават выглядаў прысаромленым і сказаў, што шкадуе аб здарэнні. Асабліва пасля прапановы.

Нібыта ўсё сышло з рук. Але бяда, быццам толькі на хвіліну стаіўшыся, потым як з ланцуга сарвалася.

Злосць Хаданскiх прымусiла iх пайсцi на ўчынак, якi не мог не парушыць адносiн мiж Майкай i Алесем.

Ніхто не ведаў пра сцэну ў альтанцы. Але назнарок пушчанай плётцы многія паверылі, хаця б таму, што плёткі ўвогуле былі рэдкасцю. І сапраўды, прасцей з'ездзіць адзін аднаму па мардасах ды потым стаць да бар'ера, чым пускаць такое.

Плётка зводзілася да таго, што Алесь Загорскі нібыта ўпэўніўся ў поўнай недалёкасці Міхаліны Раўбіч і таму заняўся прыгодамі ў другіх месцах.

— Малады, а такі ўжо распусны, — шапацела чутка. — Звязаўся з гэтай іхняй актрысай, і ў іх там ледзь не кожную ноч пір і усё, што да гэтага…

— Дык божа мой… Яна… Гэта ж ажаніцца трэба. Хіба пэцкаюць жаночую цноту?

— І яна за яго не лепшая. Шлюб пад плотам, а вяселле потым.

Знаходзіліся людзі, якія не верылі. І тады з боку палаца Хаданскіх папаўзло падмацаванне.

— А думаеце, чаму стары Вежа ёй волю даў? Сам, відаць, да нейкага часу… А чаму цяпер ёй увесь час пенсію павялічваюць, мовам вучаць, уборы робяць… То ж бо… Дарэмна не зробяць…

Чутка гэтая дайшла да сям'і Раўбічаў, паслужліва паднесеная пані Эвеліне. Пан Яраш не паверыў і шкадаваў толькі, што жонка не казала, ад каго чула: трымала слова.

— Ну, бабы, — гарачыўся Яраш. — Каб мужыка, дык на бар'ер…

Ад Майкі гэта вырашылі хаваць. І, можа, так бы яно ўсё і абышлося, каб аднойчы ля царквы не пачула яна за спіною шэпт:

— Заручоная таго… Распусніка… А акторка тая цяжарная…

Магчыма, яна і не звярнула б увагі, каб вечарам таго самага дня старая Хаданская "выключна з-за любові да яе" не паўтарыла Міхаліне таго самага:

— Вы павінны глядзець, мілая. У наш час пайшлі зусім іншыя маладыя людзі… Як бы не давялося ведаць, што ў вашых дзяцей будуць браты…

Абарвала яе. Сказала, што не хоча чуць.

— Я не разумею вас, мілая. Я ж не са злосці. Наш святы доўг папярэджваць нявопытных. Заўважылі, як тая, Карыцкая, на яго глядзіць?

Майка змоўкла. Яна "заўважыла" гэта пару разоў за кулісамі тэатра ў Вежы.

— Паверце, мілая, з дзяўчатамі аб такім не гавораць, але яна вось ужо чатыры месяцы не іграе і нікуды не ездзіць.

Заўважыла, што Майчыны бровы здрыгануліся.

— Толькі для вас я дастала ў купца гэты рахунак. Бачыце?

"Даставіць пані… Ну і вось. Карункі, аксаміт, шоўк… кулон… завушніцы".

Майка не ведала, як дбаюць пра Гелену стары Вежа і Алесь, не ведала, як яны лічаць за патрэбнае, каб у актрысы былі, як у сталічных актрыс, свае ўборы і каштоўнасці. Яна проста ўбачыла пад рахункам подпіс Алеся і раптам успомніла, як нядаўна заўважыла ў галерэі Вежы адсутнасць адной карціны, "Хаты" Адама Шэмеша, як спытала ў Алеся, дзе яна, і як той быццам сумеўся, а пасля адказаў:

— Падарыў… Гелене. А што, яна і табе падабаецца?

— Гэта глупства, пані, — спакойна сказала яна.

І ўсё ж яна паверыла.

А потым папаўзла па людзях зусім ужо гнюсь. Нібыта малады Загорскі, не дабіўшыся ўзаемнасці (а Майка, нібы ў пацвярджэнне гэтага, трымала сябе з ім разлічана-халодна і суха), намерваецца ўзяць Міхаліну Раўбіч сілаю. І ўжо нібыта пахваляўся аб гэтым у рэстарацыі п'янай кампаніі.

Алесь нічога не мог зразумець. Што здарылася? Ён паспрабаваў пагаварыць з Майкай, але сустрэў амаль варожы позірк.

— Вы зробіце мне вялікую ласку, калі не падыдзеце да мяне больш, — сказала яна. — Ніколі!

І пайшла. А ў прыбіральні збораў разрыдалася перад люстрам ад гаротнага непаразумення і крыўды. Так яе і заспела старая Клейна, якая таксама "чула пра ўсё".

— Што такое?

— Ён. Не ведаю, нашто яму…

— Дык і да цябе дайшло?

Міхаліна зразумела гэта так, што старая ўсё ведае і ва ўсё верыць.