Выбрать главу

Нічога. Нічога. Усё яшчэ будзе добра, чыста, смела. I людзі на зямлі будуць людзьмі.

Сядала пурпуровае сонца, і цені на снезе зрабіліся ізумрудна-зялёныя, чысцейшыя за мароскі зялёны прамень, убачыўшы які, кажуць, нельга памыліцца ні ў каханні, ні ў любові, ні ў нянавісці.

I ён цяпер цвёрда ведаў, што ён любіць і што ненавідзіць, і адкуль у яго такі боль, і чаму ён ніяк не можа супакоіць сябе.

...Ён расплюшчыў вочы. Ехалі азярышчанскім берагам, ледзь не над самым урвішчам. I ён успомніў, як даўно-даўно, адзінаццаць год назад, тут сядзелі пад гарачым сонцам маленькія дзеці.

Што тут было яшчэ? Ага, груша.

Яна стаяла той год толькі сілаю ўласных карэнняў, умацаваўшы імі для сябе паўкруглы фарпост. Ва ўласных руках трымала жыццё.

I за ёю была зямля, а перад ёю плынь, і наступная паводка павінна была кінуць грушу ў хвалі, і ёй варта было б падрыхтавацца да смерці. Але яна не ведала гэтага, яна цвіла.

I пялёсткі падалі на быстрыню ракі.

Дзе яна цяпер? Алесь глядзеў пад адхон і ўрэшце ўбачыў тое месца. Пад стромай растаў снег, і ў пра-таліне чарнела нешта доўгае.

Мёртвы ствол занесенай пяском грушы.

Сані завярнулі і спыніліся перад ганкам загоршчынскага дома. Алма, падстаркаватая ўжо, тоўстая, як туга напхнуты шырокі мяшэчак, заматляла хвастом, пабегла да санак, потым убачыла чужога са зброяй і забрахала на яго так, што, здавалася, разарвецца ўсё яе цельца.

Зміцёр ўзяў Ургу і пайшоў з ім. Ад’ехаў і салдат. Алесь павольна пачаў падымацца ў дом.

...Ён блукаў па пакоях, сам не ведаючы, што яму трэба, да чаго яго цягне. I ўрэшце, сам не ведаючы як, прыйшоў туды, дзе яны з Майкай яшчэ дзецьмі глядзелі праз каляровыя шкельцы. Усё было як раней. Вось на гэтай канапе калісьці сядзела Майка, калі ён адвёў потым вочы на сценку і заўважыў яе, чорную з ліловымі валасамі.

А вось і скрыначка са шкельцамі. Забылі. Калі глядзець праз чырвонае шкло – якое страшнае, дымна-барвянае полымя раве над светам. Такое страшнае, нібы вось-вось заравуць трубы архангелаў і неба ўпадзе на зямлю.

А гэта што?

Бог ты мой, чарапок кітайскай вазы, што разбілі тады. Дзед яшчэ казаў:

– Біце, так ёй і трэба.

Ён раздаў чарапкі. Цікава, ці зберагла Майка? А Франс?

Колькі сяброў, равеснікаў. Можна склеіць усе гэтыя чарапкі, і зноў будзе ваза. А вазу паставіць у агульным, у сонечным доме, у якім жывуць усе.

Ваза-ваза. Белая ваза з сінімі рыбамі.

Ён пайшоў па напаўцёмных пакоях.

Чорныя яліны. Змрокам напоўнены дом. За вокнамі гасцінай халодная зорка гарыць між дрэў. Што гэта, пачатак канца ці канец пачатку?

Хоць бы хутчэй, хоць бы хутчэй паўстанне. Няхай нават смерць! Бо немагчыма болей цярпець гэта гнілое, душнае ліхалецце, хлусню, разважанні кроераў, мусатавых, корвідаў, дэмбавецкіх – усёй гэтай навалачы. I немагчыма больш сядзець у гэтым доме, бачыць у цёмных вокнах конусы ялін і вострую, як салдацта багнет, нацэлены ў тваё сэрца, зорку. Немагчыма бачыць рабоў і паноў, немагчыма напрактыкоўвацца ў цярпенні, бачыць, як другія ўдасканальваюцца ў ліслівасці. Немагчыма бачыць царкву, кароны, расшытыя мундзіры. Немагчыма бачыць на кожным раздарожжы, над усёй краінай узлёт прабітых цвікамі рук.

Лепей бы ўжо яму, Алесю Загорскаму, выкупіць грахі ўсіх, сваёй крывёю здабыць вызваленне для ўсіх, загінуць за ўсіх.

Ён раптам зразумеў, чаго яму не хапае, пакуль няма бітвы. Няхай сабе сябры і ён сам пагарджаюць вершамі. Сёння ён не можа.

Пяро бегала, пакідаючы радкі:

Чым угнявіла ты бога? I чым раззлавала, Што над табою, яшчэ не апетай і сотняю строф, Маятнік часу упаў, і касцельная цемра настала, Цемра прабітых далоняў і тысяч няправых галгоф? Што ты зрабіла зямлі – ад фіёрдаў да Рыма, Што залівалі пажары цябе, распраналі вятры, Што паміралі ў сібірах твае маладыя багрымы, Што дастаеўскія кідалі нівы твае і бары? Хто адабраў тваю памяць, мая дарагая, Што, на працягу вякоў, забываючы мукі свае, Лепшых паэтаў сваіх забыццём ты смяротным караеш, Лепшых прарокаў каменнем няведання б’еш? Веру ў адно. Калі злосць векавечную звяжуць I над крыніцамі зорка-Палын узыдзе, Ты на судзе – пад архангелаў трубы – Марыі адкажаш. Скажаш адзінае слова за ўсіх на планеце людзей: “Ў бітвах скрываўлена, каб чалавецтва ўваскрэсла, Каб на палетках ягоных воля і мова ўзраслі. Маці сыноў чалавечых. Я столькі пакут перанесла. Можна зямлі дараваць, Калі я існую на зямлі”.