Выбрать главу

Нібыта ўсё сышло з рук. Але бяда, быццам толькі на хвіліну стаіўшыся, потым як з ланцуга сарвалася.

Злосць Хаданскіх прымусіла іх пайсці на ўчынак, які не мог не парушыць адносін між Майкай і Алесем.

Ніхто не ведаў пра сцэну ў альтанцы. Але назнарок пушчанай плётцы многія паверылі, хаця б таму, што плёткі ўвогуле былі рэдкасцю. І сапраўды, прасцей з’ездзіць адзін аднаму па мардасах ды потым стаць да бар’ера, чым пускаць такое.

Плётка зводзілася да таго, што Алесь Загорскі нібыта ўпэўніўся ў поўнай недалёкасці Міхаліны Раўбіч і таму заняўся прыгодамі ў другіх месцах.

Малады, а такі ўжо распусны, шапацела чутка. Звязаўся з гэтай іхняй актрысай, і ў іх там ледзь не кожную ноч пір і усё, што да гэтага...

Дык божа мой... Яна... Гэта ж ажаніцца трэба. Хіба пэцкаюць жаночую цноту?

І яна за яго не лепшая. Шлюб пад плотам, а вяселле потым.

Знаходзіліся людзі, якія не верылі. І тады з боку палаца Хаданскіх папаўзло падмацаванне.

А думаеце, чаму стары Вежа ёй волю даў? Сам, відаць, да нейкага часу... А чаму цяпер ёй увесь час пенсію павялічваюць, мовам вучаць, уборы робяць... То ж бо... Дарэмна не зробяць...

Чутка гэтая дайшла да сям’і Раўбічаў, паслужліва паднесеная пані Эвеліне. Пан Яраш не паверыў і шкадаваў толькі, што жонка не казала, ад каго чула: трымала слова.

Ну, бабы, гарачыўся Яраш. Каб мужыка, дык на бар’ер...

Ад Майкі гэта вырашылі хаваць. І, можа, так бы яно ўсё і абышлося, каб аднойчы ля царквы не пачула яна за спіною шэпт:

Заручоная таго... Распусніка... А акторка тая цяжарная...

Магчыма, яна і не звярнула б увагі, каб вечарам таго самага дня старая Хаданская «выключна з-за любові да яе» не паўтарыла Міхаліне таго самага:

Вы павінны глядзець, мілая. У наш час пайшлі зусім іншыя маладыя людзі... Як бы не давялося ведаць, што ў вашых дзяцей будуць браты...

Абарвала яе. Сказала, што не хоча чуць.

Я не разумею вас, мілая. Я ж не са злосці. Наш святы доўг папярэджваць нявопытных. Заўважылі, як тая, Карыцкая, на яго глядзіць?

Майка змоўкла. Яна “заўважыла” гэта пару разоў за кулісамі тэатра ў Вежы.

Паверце, мілая, з дзяўчатамі аб такім не гавораць, але яна вось ужо чатыры месяцы не іграе і нікуды не ездзіць.

Заўважыла, што Майчыны бровы здрыгануліся.

Толькі для вас я дастала ў купца гэты рахунак. Бачыце?

“Даставіць пані... Ну і вось. Карункі, аксаміт, шоўк... кулон... завушніцы”.

Майка не ведала, як дбаюць пра Гелену стары Вежа і Алесь, не ведала, як яны лічаць за патрэбнае, каб у актрысы былі, як у сталічных актрыс, свае ўборы і каштоўнасці. Яна проста ўбачыла пад рахункам подпіс Алеся і раптам успомніла, як нядаўна заўважыла ў галерэі Вежы адсутнасць адной карціны, «Хаты» Адама Шэмеша, як спытала ў Алеся, дзе яна, і як той быццам сумеўся, а пасля адказаў:

Падарыў... Гелене. А што, яна і табе падабаецца?

Гэта глупства, пані, спакойна сказала яна.

І ўсё ж яна паверыла.

А потым папаўзла па людзях зусім ужо гнюсь. Нібыта малады Загорскі, не дабіўшыся ўзаемнасці (а Майка, нібы ў пацвярджэнне гэтага, трымала сябе з ім разлічана-халодна і суха), намерваецца ўзяць Міхаліну Раўбіч сілаю. І ўжо нібыта пахваляўся аб гэтым у рэстарацыі п’янай кампаніі.

Алесь нічога не мог зразумець. Што здарылася? Ён паспрабаваў пагаварыць з Майкай, але сустрэў амаль варожы позірк.

Вы зробіце мне вялікую ласку, калі не падыдзеце да мяне больш, сказала яна. Ніколі!

І пайшла. А ў прыбіральні збораў разрыдалася перад люстрам ад гаротнага непаразумення і крыўды. Так яе і заспела старая Клейна, якая таксама “чула пра ўсё”.

Што такое?

Ён. Не ведаю, нашто яму...

Дык і да цябе дайшло?

Міхаліна зразумела гэта так, што старая ўсё ведае і ва ўсё верыць.

А Клейна між тым, ведаючы натуру чалавечую, верыла толькі ў тое, што Алесь, можа, і ляпнуў нешта такое, бачачы, як зажывае над ім нарачоная.

Дагулялася, сказала Клейна. Хлопец цябе, па ўсім відаць, кахаў, а ты, гульвіса, зажывала над ім, нібы ў яго не сэрца, а каменьчык.

Але ж я яго таксама...

Што “таксама”? Што? Відаць, ужо зусім сіл не ставала, калі на такое рашыўся.

У добрай Клейны сэрца балела і за дачку, і за Майку, і за Алеся. Сапсавала жыццё тром маладзёнам, ды і сама нічога не дабілася, брыдкае дзяўчо. Вось яно да чаго зажывошчы ды капрызы вядуць.

Клейна маўчала, копячы міжвольнае раздражненне супраць дурасці маладых. І таму, калі нехта завёў у яе прысутнасці размову аб брыдкім здарэнні і зноў ужыў словы “ўзяць сілай”, старая не вытрымала.