Выбрать главу

— Туды, — сказаў ён. — Проста туды, цераз паплавы.

— Бачыце, iскра, — дадаў Андрэй, — дык гэта якраз акно ў Раўбiчавым доме.

— Акно ў Раўбiчавым доме, — пакiваў галавою чалавек. — Важна. Што ж, буду кiравацца туды… А ты спявай, хлопчык. Спяваць добра… Спявай, пакуль даюць.

Ён рушыў каня i пачаў агiнаць вогнiшча, але раптам спынiўся. I на твары яго Алесь пабачыў няўмелую i таму нават вартую жалю ўсмешку.

— Гэй, — няголасна сказаў ён, — гэта вам.

I, дастаўшы з сакваў, кiнуў да ног Алеся… змяю. Змяя варухнулася пару разоў i замерла.

Алесь не адскочыў. Яму ўпершыню вось так падымалi нагайкай галаву. З хвiлiну ён i коннiк глядзелi адзiн аднаму ў вочы. Потым чорны адвярнуўся i шэнкелямi крануў каня з месца.

Праз якую хвiлiну i каня i коннiка паглынула цемра. Быццам iх нiколi i не было. Быццам змрок нарадзiў iх i змрок адразу ж забраў.

Дзецi яшчэ нейкую хвiлiну стаялi аслупянелыя i глядзелi ў цемрыва. Потым Алесь нагнуўся.

— Укусiць, — з жахам сказаў Павёлка. — Не бяры яе.

Алесь адмахнуўся i падняў змяю, трымаючы каля галавы.

Падышоў да вогнiшча. I толькi тут Кандрат здзiўлена цмокнуў языком.

Змяя была вырабам. З тых вырабаў, што майструюць людзi, якiм вельмi доўга i люта няма чаго рабiць. З доўгай цэльнай палкi, рассечаная амаль наскрозь глыбокiмi выразамi — праз кожную чвэрць дзюйма — i ўмацаваная па баках, спiне i жываце жыламi на ўсю даўжыню, яна нават пафарбаваная была. Спiна i бакi стракатыя, жывот жоўты. Сям-там бакi i разяўленая пачала былi крануты густым кармiнам.

Хлопец варухнуў рукою, i змяя начала выгiнацца, зусiм як жывая.

Падабенства было такое поўнае, што Павал грэблiва сыкнуў.

— Дай, — кiнуў Алесю Андрэй.

Яны зноў паселi вакол вогнiшча i пачалi разглядаць пачвару.

— Нават джала ёсць, — сказаў Кандрат. — I вочы. Во, поскудзь!

Андрэй круцiў змяю ў руках. Потым плюнуў i кiнуў яе ў агонь. Жылы, вiдаць, сталi карабацiцца, бо змяя зноў пачала выкручвацца i вiцца, на гэты раз сама. Драпежна ўздымала галаву i ледзь не ставала на хвост.

— Нашто ты яе? — спытаў Кандрат. — Можна было б суседскiх дзевак пужаць.

— Ды яе ў рукi ўзяць гiдка, — азваўся Павал.

— I гэта, — уголас падумаў Андрэй. — Ды яшчэ i невядома, што за чалавек. Чорны ўвесь. А конь злы, як д'ябал.

Змяя ўсё яшчэ выгiналася, ахопленая агнём.

— Не, хлопцы, — пераканана сказаў Андрэй. — З Раўбiчам нешта не тое. Можа, гэты якраз па яго душу ехаў. Нездарма на ягоны агонь кiраваўся… Тут ужо добрага не чакай, калi па начах такiя шныраць вакол па балоце i з акон вачэй не зводзяць… Прыедзе вось такi — уночы, — абдыме гаспадара, i знiкнуць абодва… Вы глядзiце, не кажыце пра гэта нiкому, а то поп эпiцiм'ямi замучыць.

Кандрат сеў на кукiшкi i пачаў разграбаць жар, а потым прысак.

— Гатова, — сказаў ён, выкочваючы на траву адну бульбiну за другой. — I плюньце вы, хлопчыкi, на гэтыя пабрахенькi. Страшна будзе да ветру ў хмызы схадзiць. Ешце во лепей.

I першы абскроб бульбiну аж да ружовай лушпайкi, разламаў, — пара так i павалiла з сопкага разлому, — i, ашчадна пасалiўшы, пачаў есцi.

Елi бульбу з тонкiмi скрылёчкамi сала. Бульба была смачная, i таму ва ўсiх аж за вушамi трашчала, так намiналi. Павал дык той, наогул, не трацiў часу, каб аскрабаць, i таму увесь рот у яго быў чорны, як у злога сабакi.

— А ты не кажы, — сказаў нарэшце Андрэй. — Пабрахенькi-пабрахенькi, а такiя вось, як гэты, балотныя паны ча-аста па начах лётаюць. Гаўрыла з Драгавiчаў манiў, думаеш?

— А я i не чуў нiчога, што ён там баяў, — сказаў Кандрат.

— Дык ты скажы, Андрэйка, — · папрасiў Павал.

Андрэй кашлянуў, збiраючыся з думкамi.

— Гаўрыла гэты з панскага дазволу палюе. Калi там старому Загорскаму-Вежы качкi спатрэ6iцца цi яшчэ што, дык Гаўрылу кажуць. I вось пайшоў ён раз у пушчу i заблудзiў. Бачыць, што да ранiцы ўсё адно дарогi не знойдзе, i вырашыў начаваць. А багна вакол, дык ён выбраў сухое месца, расклаў на iм цяпло i сядзiць, грэецца. Пачаў быў ужо драмаць. Аж тут бяжыць з цемры нейкi ягамосць, худы, вёрткi i тварам цемнаваты. "Як ты, мужык, смееш на панскiм шляху вогнiшча палiць?! Тут паны хутка будуць ехаць!" "Паночак, — узмалiўся Гаўрыла, — якая тут табе дарога, калi адно багнiшча ўсюдых. Жыватом хутчэй наложыш, чым канем праедзеш". Той i слухаць не стаў, параскiдаў у багну галавешкi, аж тьrя засычэлi толькi, а сам пабег далей. Гаўрыла стаiць i чакае. Во, думае, напасць. Вiсус нейкi, басурман, жартаваць надумаў з хрысцiянскай душы. А потым чуе: тупочуць капыты, вiшчаць колы. Кацiць карэта шасцерыком, вакол яе конныя. А зверху на карэце паля прывязана. Крык, рогат, конi ржуць. А паны, — i у карэце, i на конях, — усе чорныя, акурат як тэты, са змяёю. Твары цёмныя, валасы чорныя, вопратка чорная з золатам. I карэта чорная. "Набок, мужык!" — крычаць. Тут Гаўрыла i зразумеў: балотныя паны. Кацяць па дрыгве, як па сухiм. Гарэзнiкi! I так цэлымi начамi ганяць будуць. Але Гаўрылу губляць няма чаго: яшчэ, можа, i ўдзень з дрыгвы не выйдзеш. Дык ён пачаў прасiць: "Мае вы паночкi, мае галубочкi, пакажыце дарогу, як мне выйсцi. Заблукаў". Тыя рагочуць: "Чапляйся ззаду за карэту". Гаўрыла падчапiўся — як памчалiся яны. Памчалi, як куля. Грукат, дрэвы паабапал валяцца, рогат. Блiзка-далёка-вузка-шырока i вышэй, вышэй. Дух заняло. Зоры вось-вось нiжэй колаў будуць. I тут якраз над галавою галiна высокага дрэва. Ён — цуп за яе! Карэта з-пад ног iрванула i памчалася далей. Толькi хурман зарагатаў i крыкнуў: "Ну, маеш шчасце!" — ды канцом доўгай пугi — мiж вушэй. Гаўрыла заверашчаў, але галiны не адпусцiў. Трымаецца, крычыць гвалту. А далей агледзеўся — аж гэта ён у сваiм двары, вiсiць на перакладзiне, на сваiх варотах. Жонка з хаты выходзiць. Якраз першыя пеўнi. I жонка яму кажа: "Звечара, — кажа, — прапаў, халера. Чаго ты туды палез, чаго ты гарлаеш, чаго лопаiссi, п'янюга?"