Выбрать главу

Марыля паставiла якраз на стол гушчу налiваную — пшанiчную кашу з малаком, калi ў хату зайшоў Павал.

— Як там Алесь? — спытаў дзед.

— Падняўся ўжо ад грушы на сцежку. Iдзе сюды, — змрочна сказаў Павал. — Да заўтра пачакаць з песняй не маглi. Пакрыўдзiлi хлопца.

— Ну i дурань, — сказаў дзед. — Бо, можа, сённяшнi вечар цябе ад крыўды ўратуе праз пяць год. Ты не забывай, ён твой будучы гаспадар. Пан.

— Не будзе ён панам, — упарта сказаў Павал. — Я ведаю.

— А дурныя ж усе, — азвалася ад печы Марыля. — Сядай во лепей, Павал.

— Я не сяду, — сказаў Павал. — Я Алеся буду чакаць.

— Пачакай! — сказала мацi, выглядаючы ў акно. — Унь ён iдзе ўжо, твой Алесь.

Усе замаўчалi. Алесь зайшоў у хату вонкава спакойны. I адразу Андрэй выцiснуў з сябе:

— Мы ўжо… думалі…

Глянуў на Алеся, затым пасунуўся, даў месца памiж сабою i Паўлам. Падаў яму праснак.

Алесь сеў. Андрэй падсунуў яму лыжку i ўсмiхнуўся.

У Андрэя, наогул, шмат было жаноцкага. Вiнаватая ўсмешка, вялiзныя васiльковыя вочы, нясмеласць рухаў. Марыля заўсёды казала: "Дзяўчынка была б, ды певень закукарэкаў, як мелася раджаць".

— Еш, — сказаў Андрэй, бы праспяваў.

I Алесь узяуся за ежу. Згаладаўся ён вельмi. Але няёмкасць усе ж панавала ў хаце, i развеяў яе, як заўсёды, Кандрат.

Курта села ля яго, дагодлiва стала глядзець у вочы. Нават вiскнула — цi ад болю, цi, можа, папрасiла.

— Iдзi, iдзi, — сказаў Кандрат паважна. — Бог падасць.

— Нашто ты яе? — сказаў Андрэй i кiнуў сабаку кавалак праснака.

— Паскупiўся, — сказаў Кандрат. — Усе вы, спевакi, такiя. Што поп, што ты.

Памачаў свой кавалак ў малако i даў сучцы. Тая стала есцi, прыцiсну ў шы вушы на круглай, як гарбуз, галаве.

— Сёння смехата была, — сказаў Кандрат. — Звончыкаву хату вада ўсе яшчэ трымае. Дык яны човен прымайстравалi. Нават у хмызы на iм ездзяць. Я з ворыва каня павёў паiць. Аж гляджу, Звончыкава старая выходзiць з хаты проста ў човен i пачынае пхацца да хмызоў. А вецер сустрэчны, моцны. Гаравала яна, гаравала. Потым гляджу, пастаяла хвiлiну ў чоўне i пачала пхацца назад, у хату.

— Iдзi ты, — адмахнулася, смеючыся, Марыля. — Брэшаш ты ўсё.

Алесь таксама смяяўся, але сядзець вось так апошнi раз за iхняй вячэрай было цяжка. Апошнi раз каганец, апошняя лучына, апошняя добрая ўсмешка на аблiччы Марылi.

— Мацуйцеся, — сказала Марыля, ставячы яму i Паўлюку мiску кулагi. — Сёння на начлег паедзеце.

I таму, што гэта быў апошнi начлег, Алесь пракаутну ў цяжкi камяк.

Кандрат вырашыў ратаваць становiшча i сказаў першае, што прыйшло ў галаву:

— Кулага гэтая… Колерам як мядзведзь н… I адразу аб ягоны лоб гучна лузнула дзедава лыжка.

— Прыемнага апетыту, — сказаў Кандрат, пацiраючы лоб.

Тут засмяяўся нават дзед. I ўсе засмяялiся. А ўжо Алесь галасней за ўсiх.

I адразу ж з яго вачэй пырснулi слёзы. Выцiраючы iх, ён сказаў глуха:

— Няўжо вы хочаце мяне аддаць, бацька Мiхал? Або, можа, вам сапраўды цяжка, а пакормнае i дзядзькавое, пакуль не аддасцё мяне, не належыцца?

Мiхал устаў i паклаў руку яму на галаву.

— Гары яно гарам i дзядзькавое тое i пакормнае, — i, махнуушы рукой, пайшоў да дзвярэй.

Алесь звярнуўся да адзiнага, хто яшчэ заставаўся, да дзеда:

— Я не хачу туды.

— Ну i што? — жорстка сказаў дзед. — Мужыком будзеш? Не, брат, ад гэтага нам карысцi мала. Ды i табе. Ты лепей добры да ўсiх будзь, хлопчык.

Марыля падышла да Алеся:

— Ну пакiнь… Што ўжо… Бацькi ўсе ж яны… А ты да нас прыязджаць будзеш… Будзеце з Паўлючком рыбу лавiць…

— Пакiньце, — сказаў раптам негаваркi Андрэй. — Яму ад вашых слоў яшчэ горш плакаць хочацца. Хай ён лепей з Паўлам на начлег едзе.

Павярнуў Алеся да сябе i зiрнуў на яго:

— А хочаш, i я з вамi паеду?

— На чым гэта ты паедзеш? — спытаў дзед. — На кiйку верхам?

— Не, — сказаў Андрэй. — Я каня ў Кахноў вазьму. I м яшчэ лягчэй. Не трэба Петрусю ехаць.

— Вядома, няхай возьме, — з палёгкаю, заўсёдным сваiм грубаватым голасам сказаў Кандрат. — Бадай што, i я паеду. Усё адно ж i кабылку Кахнову браць давядзецца.

— Добра, — сказаў Алесь, уздыхнуўшы. — Паедзем тады ўжо.

Ён зразумеў нарэшце, што ўсё гэта марна, што нiчога не зробiш, i заўтра яму давядзецца пакiнуць гэтую хату.

…Яны выехалi з двара, калi дзед залез ужо на печ, а Мiхал пайшоў спаць у адрыну. Адна Марыля цёмным высокiм ценем стаяла ля варот, быццам праводзячы хлопцаў бог ведае ў якую дарогу.

Наперадзе ехаў на мышастым Кахновым канi Андрэй. Ехаў, высока закiнуўшы галаву.