— Ой, не магу. Федзька — Фрэд. Сказаць каму, ад смеху памруць. У яго на твары напісана, што ён тутэйшы. Губасты, неачэсаны,— і яна зарагатала.
Дапусцім, ў Федзькі тоўстая толькі ніжняя губа, яна як навісае над падбародкам, што псуе яго ў астатнім правільны твар. Ды справа не ў гэтым. Калі хто з хлопцаў і спытае, адкуль я іх імёны ведаю, заўсёды цяпер магу спаслацца на языкатую Наташу. Але і мне пара. Пытаю, як падводжу рысу:
— Нешта рана зніклі гэтыя іншаземцы?
— А што ў нас? Нудота. Мухі і тыя падохлі. А дзевятай гадзіне зачыняем. Хлопцы, напэўна, у «Дняпро» навастрыліся. Там весела,— афіцыянтка ўздыхнула.
— I то… Аркестр, танцы, дзяўчаты,— пагадзіўся я і запытальна паглядзеў на Фею.
Фея раптам нахмурылася і сярдзіта патрабавала:
— 3 вас тры семдзесят!
Ну і рабацёнку падкінуў мне Пётр Пятровіч, гэтак да зарплаты не дацягну! А самыя траты яшчэ наперадзе. Я расплаціўся і пайшоў дадому.
4
А дванаццатай гадзіне Пугацэвічу пазваніў Янушкевіч, папытаў:
— Падрыхтаваў план, Сяргей Антонавіч?
— Прыкінулі ўвогуле, Пётр Пятровіч. Памочнікі дзейнічаюць.
— Гм… Увогуле… Значыць, цяпер ты сам з сабой дамазгоўваеш. Не адзінока?
Капітан добра ведаў уедлівы характар свайго начальніка і, дакладваючы, чакаў падобнага пытання. А пачуўшы, уявіў, як падпалкоўнік хавае ў пышных чорных вусах задаволеную ўсмешку. 3 яго пытання вынікала, што ён зараз дадасць сваё звычайнае «Розум — добра, а два — амаль ЭВМ» і запросіць да сябе. Па-першае, каб пазнаёміцца з распрацаваным, хай сабе і не да канца, планам; па-другое, наогул любіў, калі ўжо былі здабыты некаторыя дадзеныя, пакапацца ў іх, патасаваць, паспрачацца, не націскаючы сваёй высокай пасадай, пераканаць, калі трэба, даказаць і потым усё раскласці па адпаведных паліцах. Пугацэвічу гэта падабалася, бо і ён прызнаваў, што адна галава не прыдумае за дзве, асабліва калі тая другая галава не абы-якая. Таму задаволена паскардзіўся:
— Так, Пётр Пятровіч, самотна.
— Чакаю.
Кабінет начальніка аддзела быў крыху прастарнейшы за пакой, у якім працавалі оперупаўнаважаныя, і ў час агульных збораў тут бывала цеснавата. «Затое еднасць адчуваецца»,— жартаваў Янушкевіч, калі хто-небудзь наракаў, што ў іх кіраўніка не па чыну сціплыя апартаменты. Пугацэвіч таксама быў за еднасць. Але, здаралася, заседжваліся тут, і тады ад тытунёвага дыму і без таго нізкая столь нібы апускалася яшчэ ніжэй. I ён бурчаў, што іх начальнік непрактычны. А падпалкоўнік толькі ўсміхаўся ў вусы.
Сёння Янушкевіч быў адзін. Ён выйшаў з-за свайго стала і сеў за прыстаўны, за якім звычайна на нарадах месціліся супрацоўнікі.
— Прызямляйся насупраць,— сказаў ён капітану.— Люблю ісціну лоб у лоб вудзіць.
Сяргей Антонавіч пажартаваў:
— Не сутыкнёмся?
— Ёсць на чым? — бліснуў вачамі Пётр Пятровіч і пацёр рукі, як прадчуваючы добры канфлікт. Зрэшты, ён не сумняваўся, што старшы оперупаўнаважаны прыйшоў не з пустымі рукамі.
Капітан паклаў перад ім папку з дакументамі, а зверху падрыхтаваны план аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў.
Янушкевіч чытаў уважліва, раз-пораз ставячы на палях паметкі. Пасля кожнай такой паметкі ў Пугацэвіча пачынала мацней стукаць сэрца. Хаця ведаў, што такім чынам падпалкоўнік адзначае не толькі хібы, але і вартыя думкі, усё роўна трывожыўся. Нарэшце Янушкевіч падняў вочы на капітана.
— Так,— сказаў і пагладзіў паперы рукой.— А што за гэтым?
— У асноўным эмоцыі,— адказаў Пугацэвіч. I паколькі падпалкоўнік маўчаў, удакладніў: — Скураное паліто…
— Канапацкі адмаўляе, што каму-небудзь паказваў?
— Так, ён сказаў «не», аднак пасля некаторага вагання. Чаму вагаўся, я не разумею. Можа, Канапацкі некага ўспомніў, можа, мне толькі здалося, што ён завагаўся? Зрэшты, якому супрацоўніку вышуку не хочацца пачуць станоўчы адказ на сваё пытанне, от і прымаеш, бывае, уяўнае за сапраўднае. I яшчэ: чамусьці не верыцца, што злачынцаў было трое.
— Прыбораў тры,— раздумліва зазначыў Янушкевіч.— Маскіроўка?
— Утрох, не апасаючыся гаспадароў, яны абедзве пляшкі каньяку выжлукцілі б. Такая публіка сухога закону не прытрымліваецца. А так адну прыхапілі з сабой, а заадно і «Мішкі» з вазачкі выграблі. Для жанчыны?
— Не факт, маглі і на закусь да каньяку. Эстэты. На Падлеснай няпоўны флакончык французскіх духоў прыхапілі. Зноў для жанчыны?
— А ведаеце, Пётр Пятровіч,— ажывіўся капітан.— У гэтым нешта ёсць. У духах не кожны разбіраецца. Як і ў сталовых прыборах — што куды.
— Гэта трэба мець на ўвазе,— пасля роздуму пагадзіўся падпалкоўнік.— Трэцяга нам падсоўваюць, каб паблытаць сляды, і трэцім магла быць жанчына.