У гасцініцу прыйшлі стомленыя. Гэта мы з капітанам. А што казаць пра мясцовых таварышаў? Яны — тутэйшыя і ў адрозненне ад нас, гасцей, карысталіся грамадскім транспартам і сваімі нагамі.
— А не магло быць так, што Лебедзеў сплавіў рэчы той жа Вераніцы і вярнуўся дадому? — сказаў я Сяргею Антонавічу.
— Шульжык пазваніў бы,— пазяхнуў капітан.— А мы з табой будзем спаць.
— Ага, раніца мудрэйшая за вечар,— зазначыў я крыху іранічна, хаця прапанова начальства мне спадабалася. Тым болей што патрэбныя захады, як я ведаў, былі зроблены.
Аднак заснулі мы не хутка. Падумаць было аб чым. Сяргея Антонавіча раптам занепакоіла, ці не надта паверыў ён Самсонаву. У яго маглі быць і іншыя адрасы, і Самсонаў мог падмануць, бо такі падман цяжка было б абвергнуць. Я паспрабаваў супакоіць Сяргея Антонавіча, што другой версіі мы не маем, што Самсонаў не дурань і разумее, як важна для яго памагчы нам, што наогул нам няма чаго раскідвацца і трэба працаваць у адным выбраным напрамку.
— Шчырасць у інтарэсах Самсонава,— сказаў капітан,— толькі тады, калі ён непасрэдна ў злачынстве не ўдзельнічаў, не збываў крадзенага. Ты, Павел, упэўнены ў ім?
— Каб чуць допыт…— Я разумеў, што мая колішняя ацэнка Алега аказала пэўны ўплыў на рашэнне Пугацэвіча, і зараз, хоць я мо і памыліўся, паправіць што-небудзь было цяжка. Таму адказаў не адразу.
— Ты сустракаўся з ім, калі пра допыты яны яшчэ не задумваліся,— працягваў капітан.
— Самсонаў, упэўнены, думаў.
— I піў, гуляў…
— Глушыў страх, так мне здавалася.
— Быццам астатнія не баяліся?
— Лебедзеў лічыць, што яго розуму хопіць, каб перахітрыць дзве міліцыі. Грыгаровіч над такімі праблемамі не ламаў галавы. Шумейка, гэта вы таксама бачылі, не адчувала за сабой віны.
— Што ж прымусіла Самсонава далучыцца да злачынства, хаця б ускосна?
— Няма ў чалавека свайго «я».
— Хліпка, лейтэнант.
— Паспрабую расшыфраваць. Няўстойлівы, з тых, каго вядуць. Вядзе Люська, якой заўсёды мала грошай. Павёў Лебедзеў, якому Алег спатрэбіўся і для шырмы, і для сувязі з самымі рознымі людзьмі.
— Дзіцятка…
— Розум, характар вызначаюцца не ўзростам. Гэта, бадай, ўсё. Магу, праўда, дадаць, што бяздумнае жыццё з рэстаранамі і жанчынамі засмактала Самсонава, але гэта будзе ўжо банальны вывад. А ўвогуле не павінен быў ён маніць. Хіба толькі не ўсё ведаў. Але Сямён не такі ўжо канспіратар. Без сувязей Самсонава яму было не абысціся.
3 вуліцы ў пакой свяцілі ліхтары, і сплюшчаныя шырокія залацістыя плямы, перарэзаныя аконнымі рамамі, нерухома ляжалі на сценках пад самай столлю. Яны нагадвалі пра позні час, пра заўтрашнія, або, дакладней, ужо сённяшнія турботы. Але я не асмельваўся напамінаць Сяргею Антонавічу пра гэта. Неўзабаве ён і сам падумаў пра іх, бо асцярожна, быццам баючыся пабудзіць прыціхлую гасцініцу, павярнуўся на бок і прыглушана прамовіў:
— Усё-такі давай, лейтэнант, пакімарым.
— Тым болей што за нас бегае сталічны вышук,— люблю пакідаць апошняе слова за сабой. Хаця з задавальненнем пагаварыў бы яшчэ.
А назаўтра ўсё адбылося да будзённага проста. Праўда, гэта, калі ўзяць наш рапарт, у якім быў пададзены толькі канчатковы вынік. Так ці інакш, але ўжо ў дзесяць гадзін мы ведалі не толькі камісіёнку, дзе прыёмшчыцай была Вераніка, але і яе хатні адрас. Цяпер трэба было вырашыць: ехаць да Веранікі зараз жа або сустракаць у магазіне, які адчыняўся ў адзінаццаць гадзін.
— У магазіне,— прапанаваў я.— 3 Сямёнавымі рэчамі. Бо мог ён пакінуць іх у камеры захоўвання.
— Камісіёнкі маюць спіс і апісанне рэчаў, якія знаходзяцца ў пошуку,— не згадзіўся са мной Сяргей Антонавіч,— прыёмшчыца пра гэта ведае і не захоча рызыкаваць, асабліва калі яна з Лебедзевым у змове.
— Дык навошта яна Сямёну?
— На тое ж, можа, што і Самсонаў,— задумліва сказаў Пугацэвіч.— Сувязі. Яна можа прадаць што хочаш, мінаючы магазін.
— То едзем да Веранікі! — ускочыў я.
Мая гарачнасць выклікала ў мінскіх таварышаў усмешку. Мне стала ніякавата, і я зноў сеў, падумаўшы, што ні Лебедзеў, калі ён там, ні Вераніка нідзе не дзенуцца — за імі, напэўна, паглядваюць.
— Пайшлі,— падняў мяне Пугацэвіч,— не будзем цягнуць.
Дзверы нам адчыніла невысокая дагледжаная жанчына. Яна здзіўлена глядзела на трох незнаёмых мужчын.
— Грамадзянка Доўнар? — спытаў Пугацэвіч.
— Та-ак,— няўпэўнена, нібы сама сумнявалася ў гэтым, адказала жанчына. Нейкая разгубленасць адбілася на яе твары.— Што вам?
— Дазвольце зайсці,— капітан паказаў пасведчанне.