Пакуль мы таўкліся ў невялікай цеснай прыхожай, пачуўшы галасы, з пакоя выглянуў Лебедзеў. Пазнаўшы мяне, пэўна, зразумеў, што тут адбываецца. Ён на імгненне застыў. Я ўпершыню бачыў, як выцягваецца ў чалавека не то ад здзіўлення, не то ад страху твар. Аднак гэта было толькі кароткае імгненне. У наступны момант Сямён ужо выглядаў быццам бы звычайным — самаўпэўненым, нахабным. Вось толькі вочы падводзілі — у іх адбіўся дрэнна прыхаваны страх.
— Паэт,— сказаў ён абыякава, нават машынальна,— аператыўна дзейнічаеце.— Саступіўшы ад дзвярэй, ён даў дарогу Вераніцы.— Цягні, старая, шмоткі. Шкада, сарвалася.
I вось мы ў машыне. Вяртаемся назад. Лебедзеў сядзіць паміж мной і Пугацэвічам. Ён яшчэ не здагадваецца, якую ролю выконваў я дагэтуль. Пэўна, думае, што па яго мяне паслалі як асабіста знаёмага. Можа, гэта яго неяк абнадзеіла? Ва ўсякім разе, Сямён стараецца прадэманстраваць, што да свайго краху ставіцца іранічна.
Мы не перапынялі яго. Мне было цікава паназіраць, як паводзіць сябе банальны злодзей, поўны прэтэнзій на інтэлектуальнасць. Сяргею Антонавічу гэта было не дзіва, і яго маўчанне толькі падкрэслівала нікчэмнасць злачынца.
Нейкі час Лебедзеву ўдавалася пыжыцца, напінацца. Ды злачынца ёсць злачынца, і яго сутнасць не залежыць ад колькасці скончаных у школе класаў і прачытаных кніг. Схоплены за руку, Лебедзеў не шкадаваў аб зробленым, не каяўся. Ён спрабаваў перакласці хаця б частку віны на тых, каго нядаўна называў сябрамі і хто на самой справе былі яму толькі хаўруснікамі.
— Разумею, мушу цяпер несці адказнасць,— гаварыў ён. Гучна. Каб чулі не толькі мы з Сяргеем Антонавічам, але і шафёр. Нават зараз Сямён не мог не пакрасавацца.— Аднак для мяне справа не ў гэтым. Я думаю, чаму і як здарылася ўсё гэта. I чым болей думаю, тым мацней пераконваюся, што вінаваты збег акалічнасцей. Нездарма французы ў шмат якіх выпадках шукалі жанчыну. Яе трэба шукаць і тут,— ён павярнуўся да капітана, быццам быў гатовы памагчы яму знайсці тую самую жанчыну.
Пугацэвіч задуменна глядзеў наперад, дзе прамая, як страла, шырокая асфальтаваная дарога знікала ў далёкім на гарызонце сінім лесе. Лебедзеў, не дачакаўшыся нашай рэакцыі на свой мудрагелісты маналог, вырашыў паплакацца.
— Мне і ў галаву не прыходзіла лезці ў чужую кватэру. Сядзелі, гутарылі, выпівалі, не буду таіцца, музыку слухалі. I ўсё было б добра, каб не Эва,— ён так і вымавіў «Эва», крыху працягла, манерна.— Яблыка даўно з’едзена,— Сямён хіхікнуў,— дык яна знайшла іншую спакусу.
Напэўна, байка спадабалася яму самому, бо ён нават крыху падбадзёрыўся.
— Франтавы друг яе бацькі навалок з-за мяжы імпартнага барахла, сертыфікатаў, а ёй вельмі хацелася мець французскія калготкі і англійскія туфлі — нагледзела ў чэкавым магазіне. Быў бы цвярозы, пасмяяўся б. Падпіў і адчуў сябе рыцарам. Жаданне дамы, як у сярэднія вякі, прагучала ў маім сэрцы законам. А Эва напявала: «Сёння іх няма дома». Я збіраўся адмовіцца, маўляў, чужое, замкнёнае. Эва-Дульсінея заявіла: «У шафах створкі ад дабра не зачыняюцда». I тады мой верны Санча, пачуўшы гэта, стукнуў сябе ў грудзі кулаком: «Адамкну!» Рыцарскі хмель,— Лебедзеў аж тузануўся,— кінуў мяне на ногі. Слесар Санча адамкнуў замежны замок, як дзіцячы партфель, і першы рынуўся ў кватэру. Я не мог пакінуць яго,— Лебедзеў павярнуў галаву да мяне, да Пугацэвіча, паспрабаваў злавіць у люстэрку позірк шафёра. Не ўдалося. Не пачуў, не заўважыў ён ні нашага асуджэння, ні нашай цікаўнасці, жадання даведацца што-небудзь пра гэту кражу. I тады, як завяў, дагаварыў ужо без натхнення: — Назаўтра думаў, як паправіць зробленае. Але…3мей-спакуснік шматаблічны. На гэты раз ён выглядаў коміваяжорам. Запэўніў, што ўсё рэалізуе і будзе шыта-крыта. Балбатун!.. Фінал вам вядомы,— ён паварушыў рукамі, нібы збіраўся шырокім жэстам паказаць сваю роспач, аднак прасторы не было, і ён асунуўся на спінку сядзення, замаўчаў.
Эзоп! Акулік хутка паставіць яго на месца, прымусіць чалавечай мовай расказаць, як краў і хто ў іх быў за галоўнага. А наша, крымінальнага вышуку, місія на гэтым скончана. Нарэшце я па-сапраўднаму пачну службу. Гэта радуе мяне больш за астатняе. Хаця… Праз якую гадзіну я буду свабодны і ад Лебедзева, і ад не менш абрыдлай яго кампаніі. Я нават паспею загадзя апынуцца насупраць масіўных дзвярэй адной абласной установы, з якіх пасля працоўнага дня выйдзе цудоўная дзяўчына. Яна спыніцца на парозе і абавязкова азірнецца па баках…
1983—1984 гг.