Выбрать главу

— У Канапацкіх — дапускаю. Там небяспекі для злачынцаў не прадбачылася. А ў другой…

— Я не настойваю. Лейцы ў тваіх руках. Працуй як табе бачыцца. Са свайго боку раю яшчэ раз праверыць акружэнне Канапацкіх, асабліва маладое. Хто там да сына прыходзіць?

— Пастаянна — даўні інстытуцкі таварыш. Цяпер разам працуюць. Хлопец нармальны.

— Дзяўчаты бываюць?

— Не, здаецца, райаддзелаўскія таварышы правяралі.

— Суседзі па пляцоўцы, у пад’ездзе, у доме?

— Тут больш складана. У пад’ездзе быццам бы падазраваць няма каго, а ў доме…— Пугацэвіч паківаў галавой.— Усіх не вывучыш. Ды як бывае ў такіх дамах, людзі мала што ведаюць адзін пра аднаго. А Канапацкія пасяліліся там пазней, ні з кім не дружаць. Павітаюцца, словам перакінуцца пра пагоду або яшчэ што падобнае, і ўсё. Ну, там хлеба-солі ці яны, ці ў іх перахопяць, у сваім пад’ездзе. Не, тут нехта дакладна навёў. Той, на каго і не падумаеш. Згодны, Пётр Пятровіч?

Янушкевіч адказаў не адразу. Пытанне было не ў згодзе ці нязгодзе. Зрэшты, версія, узнікшы, патрабавала праверкі. Але заўсёды, пачынаючы, па сутнасці, расследаванне, важна было выбраць задачу першачарговую, найбольш перспектыўную. Напэўна, гэтай падказкі і чакаў зараз ад яго Пугацэвіч. Нарэшце паўтарыў сваё ранейшае:

— Акружэнне, Сяргей Антонавіч, акружэнне, на мой погляд, праверка яго была праведзена павярхоўна. Не лянуйся, паглядзі сам.

— Леў Сідаравіч мне таксама нікога новага не назваў.

— Паглыбіцеся ў вядомыя факты. Калі і была дзе, як ты кажаш, уцечка інфармацыі, то найбольш верагодна праз маладых. Справу хутка забярэ Акулік, зазнач сабе што трэба.

Пугацэвіч чмыхнуў. Прапаноўваць гэта яму, да каго калегі бегаюць па даведкі нават па даўніх справах? Ён жа выдае кансультацыю не горш за інфармацыйны цэнтр.

Падпалкоўнік лагодна прабурчаў:

— Зазнайка ты, капітан. Любіш пацешыцца сабой. Спускайся на зямлю. Я слухаю.

Апошняе прагучала як загад, і Пугацэвіч пастражэў:

— Найбольш блізкі Кастусь Канапацкі з Уладзімірам Гаруновічам. Пра яго я ўжо гаварыў, Падазроных знаёмстваў не мае.

— Катэгарычна,— у голасе падпалкоўніка, аднак, прагучала толькі прыкрасць.— Разбярэш іх, гэтыя знаёмствы. Цяпер з выгляду быццам усе прыстойныя.

— Мы карыстаемся вывадамі таварышаў. Іх работу паўтараць няма сэнсу.

Янушкевіч нецярпліва махнуў рукой:

— Да вывадаў мы яшчэ не дабраліся, працягвай.

— Ні Косця, ні яго сябра пакуль не займелі пастаянных дзяўчат, з якімі бавілі б час. I то, ім жа недзе па дваццаць тры…

— Не правярай маю памяць,— зноў буркнуў Янушкевіч.— Гаруновічу дваццаць пяць, у інстытут паступіў пасля арміі. Але пераходзь да іншых.

Падпалкоўнік і сам мог бы назваць маладых людзей з акружэння Канапацкіх. I калі пытаўся ў Пугацэвіча пра іх, то, значыць, хацеў паглядзець на тых хлопцаў і дзяўчат нібы вачамі старшага оперупаўнаважанага, які непасрэдна імі займаецца. А тады ўжо на падставе двух меркаванняў рабіць сінтэз.

— Другі сын Канапацкіх — Аляксей — даўно не жыве ў нашым горадзе. За гэты час яго былыя знаёмствы завялі. Таму ён у нашых прыкідках лішні.

— У яго часці служыць сын старога друга Льва Сідаравіча,— нагадаў Янушкевіч.

Пугацэвіч не ўлавіў у рэпліцы падпалкоўніка сувязі з папярэднім і прамовіў:

— Шумейкі? То да бацькоў прыязджаў маёр Канапацкі, а не радавы Шумейка. Яму маёр павёз пасылку.

— Павёз, дарэчы, напярэдадні кражы. А што тут агульнага ў гэтых двух фактах, і я не ведаю,— адказаў Янушкевіч.— У Шумейкаў яшчэ дачка ёсць, незамужняя.

— Летам скончыла інстытут. У Канапацкіх рэдка бывае, з хлопцам у яе ўзаемнай сімпатыі няма.

— Хто яшчэ варты ўвагі?

— Я і ў гэтых сумняваюся, Пётр Пятровіч, а вы яшчэ.

— Падсунуў ты мне задачку, капітан.

— Хутчэй вы мне, таварыш падпалкоўнік,— засмяяўся Пугацэвіч.

— Ну-ну, мая пасада ўсё-такі большая, не выскаляйся,— ён паклаў рукі на стол, як збіраючыся устаць і раптам спытаў:— А чаго муляўся паважаны Леў Сідаравіч?

— Сам над гэтым галаву ламаю, ды і паказацца магло,— з прыкрасцю прамовіў старшы оперупаўнаважаны: ён жа, здаецца, ужо казаў пра гэта.

— Магло, магло. А каб не мроілася абы-што, паспрабуй аднавіць апошнія перад кражай хаця б дня тры-чатыры. Хто заходзіў, чаго, нават калі па соль або запалкі. Не лянуйся яшчэ раз пагаварыць з усімі, каго ведаем. І гаспадарамі, і знаёмымі. Асабліва з Гаруновічам. З ім можаш больш канкрэтна, і характарыстыка, як ты сцвярджаеш, станоўчая, і да сям'і блізкі. А пра другую кражу пагаворым, калі «пікап» установіце.