Выбрать главу

Пугацэвіч шчыра рассмяяўся:

— Малайчына, робат!

А ў робата вочы-ліхтарыкі пацямнелі да густога зялёнага колеру, і ён прамовіў: «Прашу назваць сябе».

— От здорава,— Сяргей Антонавіч быў у захапленні.

— Хочам яму чалавечыя формы надаць,— Гаруновіч адключыў робата, зачыніў шафу і вярнуўся да капітана.— Прабачце, вы ж не на экскурсію да мяне? Усё пра Канапацкіх?

Капітан развёў рукамі: маўляў, што паробіш, служба.

— Агідная гісторыя,— перад Пугацэвічам быў ужо не лагодны хлопец, які з задавальненнем дэманстраваў тварэнне сваіх рук, а сухаваты, абураны чалавек.— На якія суткі з’ехалі — і на табе! Цікавалі за імі, ці што?

Ён нібы глядзеў у корань, і ў капітана раптам з’явілася прадчуванне, што на гэты раз размова будзе плённай.

— Мне думаецца, што так,— сказаў Сяргей Антонавіч.— Злачынцы ведалі, што гаспадароў няма і не хутка будуць.

— Вашы таварышы ўжо ў мяне пыталі, ці не меў я падазроных сувязей,— Гаруновіч не іранізаваў, не абураўся самім такім меркаваннем — ён прымаў яго неабходнасць.— Колькі ні думаў, не магу прыпомніць, што наогул гаварыў каму-небудзь, кім працуе і куды ездзіць Леў Сідаравіч. А што Канапацкія былі ў гасцях, толькі пазней ад Косці даведаўся…

Усё гэта амаль слова ў слова было запісана яшчэ следчым райаддзела ў пратаколе. Валодзя не дадаў ніводнай новай дэталі. Пугацэвіч, збіраючыся ў інстытут да Гаруновіча, дапускаў такое. Стандартныя пытанні не будзяць думкі сведак. Таму рашуча, не заўважаючы, што перайшоў на «ты», перабіў:

— Давай, Валодзя, падыдзем да праблемы крыху інакш. Нас цікавіш не ты, як пункт уцечкі інфармацыі, не твае сябры, а твая назіральнасць. Садзейнічалі кражы, магчыма, добра знаёмыя і табе, і Канапацкім. Яны, магчыма, і цяпер сутыкаюцца з табой, з абрабаванымі. Табе думка ясная?

— Здаецца, так.— Гаруновіч сядзеў засяроджаны, уважлівы.

— Пойдзем далей. Калі наш вывад правільны, то, кажучы нашай крыміналістычнай мовай, наводчык недзе блізка. Ён з тых, на каго і падумаць грэх. Але ён не закончаны злачынец. I цяпер, ведаючы, што па яго неасцярожнасці, скажам пакуль так, пацярпелі блізкія знаёмыя, неяк павінен змяніцца паводзінамі, можа,— капітан не любіў шматслоўнасці, іншым разам быў бы карацейшым, зрэшты, ён вышукнік, а не следчы, аднак баяўся, што Валодзя не ўловіць сутнасці пытання, і мусіў накручваць дэталі.— Паглядзім на агульных знаёмых з гэтага боку.

— А вы што, думаеце, быццам выпадковы наводчык зусім сумленне страціў? Калі ён ёсць, абавязкова назваў бы ўяўнага злачынцу.

— Раптам няўпэўнены, раптам чамусьці не можа або не хоча. Мы пакуль з табой толькі гіпатэтычную размову вядзём.

— Колькі чуў, знаёмыя і малазнаёмыя спачуваюць, крыюць міліцыю… Хаця…

Ён гаварыў манатонна, не выдзяляючы слоў. Пугацэвіч, збянтэжаны папрокам у адрас міліцыі, якога, шчыра кажучы, не чакаў ад гэтага разумнага чалавека, ледзь не прапусціў паўзу, што ўзнікла ў гэтым своеасаблівым маналогу. Яна ўспрынялася неяк падсвядома, затрымалася ў галаве і тады выбухнула сігналам трывогі. Пугацэвіч аж затрымаў дыханне, каб не спудзіць раптоўную думку Гаруновіча.

А той, памаўчаўшы, няўпэўнена прадоўжыў:

— Можа, у гэтым і няма нічога… Баюся, памыляюся, але вы прасілі, каб усё… Якраз назаўтра пасля кражы, я пра яе яшчэ не ведаў, едучы раніцай у інстытут, у тралейбусе ўбачыў Ніну Шумейка. Мы з ёю заўсёды сустракаліся шчыра, шумна віталіся. Яе і Косцевы бацькі здаўна сябруюць, і мы з Нінай у Канапацкіх пазнаёміліся. А тады яна нават не адказала на мой ківок, нібы не заўважыла. Я нічога не падумаў, ззаду падпіралі, занеслі ў сярэдзіну тралейбуса. Але чаго ёй было адварочвацца?

— Дзе гэта было?

— Я ўвайшоў на Паркавай, першым прыпынку пасля канцавога. Значыць, яна ехала з кальца.

— Адна?

— Побач быццам бы стаялі два хлопцы, мне чамусьці здалося, што Ніна была з імі. Я яшчэ здзівіўся, што яны апухлыя, як пасля п’янкі. Напэўна, усё-такі выпадковыя, Ніна з такімі не зналася.

— Як жа ты іх разгледзеў?

— Адразу заўважыў, як ускочыў у машыну. А потым прабіраючыся далей, азірнуўся. Ніна стаяла паміж імі. Прабіваючы талон, яшчэ раз паглядзеў.

— Пазнаў бы хлопцаў?

— Хіба Ніна не скажа?

— А калі была не з імі?

— Пэўна не скажу…

Ніна магла ехаць з тымі хлопцамі і пасля добрай гулянкі, магла і не павітацца, засаромеўшыся. Рабіць з гэтага факта якія-небудзь вывады было дачасна. I тым болей не варта, каб у Гаруновічавай галаве засела тое, што ён расказаў пра сустрэчу з дзяўчынай. Сяргей Антонавіч паціснуў плячамі і сказаў: