Выбрать главу

Выслухаўшы старшага оперупаўнаважанага, ён сказаў:

— Да Шумейкаў зайдзі. Злачынцы не знойдзены, так што твой візіт апраўданы. А ўстаноўленага Шульжыкам вадзіцеля трэба дапытаць па ўсіх правілах.

— Спяшаешся? — Пугацэвіч адчуў, што Акулік яўна гаварыў з чужых слоў.

— Зацягнулі следства. Што не мы з табой, мяне, напрыклад, не суцяшае.

— Нараканні і я чуў.

— А як ты хацеў? Буксуем. Таму факты падбірай, але там, дзе можна, і ўдары нанось. Пакажы Гаруновічу фота Грыгаровіча, Самсонава, Лебедзева, яшчэ каго з тых, хто на нашым уліку. Гэтыя ж фота пакажам і вадзіцелю «пікапа». Чым раней пацвердзім або абвергнем версію, тым лепш для справы.

— Што з табой, Вадзім? — Пугацэвічу не падабалася сённяшняя сябрава напорыстасць.— Табе ці не хвост накруцілі?

— Празарлівец. Я таксама пад начальствам хаджу. Яно, як ты здагадваешся, часцяком са сваіх вышынь глядзіць. Маўляў, мала цябе нацэльваю. Быццам я без падказкі кроку зрабіць не магу.

— Не плачся, цяпер маеш што далажыць. Выкруцішся, ты ж мастак падаваць муху за слана,— падпусціў Пугацэвіч шпільку.

— Сам сябе не пахваліш… Рэклама рухае прагрэс,— Акулік крыху падбадзёрыўся.—Аднак годзе. Давай бліжэй да справы. Што канкрэтна ёсць у нас з табой?

— Заўтра будзе сёе-тое…

— Бяда мне з табой,— Акулік прыняў абяцанне не вельмі ахвотна.— Дачакаешся, што маё начальства на тваё выйдзе. Ад двух аб’яднаных не адаб’ёмся.

— 3 Янушкевічам я жыву ў згодзе. Вучыся!

— Балбатун,— следчы ўстаў.— Дзень пачакаю. Не болей.

— Пагаварылі,— нявесела ўсміхнуўся Пугацэвіч.

7

Усё было быццам як заўсёды.

Дзяўчаты-афіцыянткі сядзелі на сваім звычайным месцы ля пераборкі, якая аддзяляла залу ад калідора ў буфет і кухню,— у гэты позні для абеду і яшчэ ранні для вячэры час у кафэ было пуставата. Гэтак жа, як і надоечы, цераз цюлевыя фіранкі ў шырокія вокны струменілася гарачае сонца, а ў стандартных зялёных вазачках прыемна красаваліся сціплыя букецікі. Аднак мяне як кальнула: нешта сёння тут было не так!

— Ваша месца свабоднае,— Наташа аж прыўстала, спяшаючыся мне на дапамогу, бо я нерашуча спыніўся пры ўваходзе.

— Дзякую,— прамармытаў я, няўцямна пазіраючы на суседні з маім стол, дзе чамусьці не было звыклай таблічкі «занята».

Наташа падышла не марудзячы, ледзь я ўсеўся. Вось што значыць быць пастаянным кліентам. На жаль, гэта хутка скончыцца. Кафэ далекавата ад нашага ўпраўлення, і штодзень карміцца тут мне не ўдасца. На жаль, бо мне падабаюцца і кухня, нібы хатняя, і вясёлыя і добрыя афіцыянткі, і зноў-такі амаль хатняя цішыня. Ды пра гэта доўга думаць не выпадае. Мяне зараз займае больш блізкае пытанне: чаму раптам Лебедзева і кампаніі сёння не будзе?

— Як звычайна? — Фея ўсміхалася, не вымаючы з кішэні белага вышыванага фартушка свой маленькі блакно-цік.— А можа, сялянскай каўбасы прынесці? Смачная. Не пашкадуеце.

— Не, Нат, толькі каву.— Яна любіла сваё скарочанае імя, дык чаму не зрабіць добраму чалавеку прыемнае.— Я ненадоўга.— Чаго мне сядзець, калі падапечных няма?

— Нешчаслівы дзень,—паскардзілася дзяўчына.

— Кліенты разбегліся? — кіўнуў я на суседні стол.

— Ды ўжо ж, Сэм яшчэ ўчора папярэдзіў. А цяпер вы…

— Нічога, заўтра прыйдуць. Хіба толькі іншае кафэ нагледзелі?

— Не, Сэм сам казаў, што лепшага за наша няма. Напэўна, зноў на мора пакацілі.

— Гэта ў іх што, як прагулка? — Навіна агарошыла мяне.

— Ага, у канцы мая лёталі. Вярнуліся вясёлыя, загарэлыя. Пытаюся, дзе гэта вы счарнелі? Сэм засмяяўся: «На пясочку, на пясочку». Я і падумала, што на моры, паўднёвы загар, не наш.

— Весела жывуць…

— Ды ўжо ж,— і маленькая, ледзь улоўная кропелька зайздрасці адчулася ў Наташыным голасе. Сама яна, напэўна, ніколі не бачыла мора.

— Не бядуйце, Наталка. I план сёння без нас зробіце, і на пальмы з кіпарысамі паглядзіце некалі.

Дзяўчына сумелася, уздыхнула.

Выпіў каву, развітаўся з дзяўчатамі і, легкадумна памахваючы кейсам, нырнуў на спякотную вуліцу. Настрой быў кепскі. Ды каму ахвота заставацца хоць з маленькім, але носам. Я цягнуўся па вуліцы і стараўся аднавіць у думках учарашні вечар. Напэўна, Лебедзеў і Самсонаў, бо Грыгаровічу не так проста сарвацца з месца, намецілі паездку раней. Аднак ніхто з іх, ва ўсякім разе пры мне, ні словам, ні намёкам не прагаварыўся. Утойвалі? Ад мяне? Наўрад ці, я ім прышый кабыле хвост. Ад Грыгаровіча? Навошта? Ён каманды Лебедзева выконвае не пярэчачы. Так што больш верагодна — ад дзяўчат. Вялеська як Вялеська, а прынцэса Люська не сцерпіць, пачуўшы пра вялікія выдаткі.