Пакуль я задаваў сабе безліч пытанняў, не знаходзячы на іх адказу, ногі прывялі мяне да мэблевага магазіна.
Я нават не адразу скеміў, што мне тут трэба. Потым успомніў: даўно хацеў прыдбаць кніжную паліцу рэчыцкай фабрыкі. Грошай, вядома, не было. Як і ўласнай кватэры. Аднак хіба я не магу памарыць, тым болей што падобная хадавая мэбля стаіць побач са складам, дзе звычайна і круцяцца грузчыкі, чакаючы нагоды пагрузіць-згрузіць.
Рэчыцкіх паліц сёння не прадавалі, як я і разлічваў. Спагадлівы калега-пакупнік нават пасмяяўся з мяне:
— Будуць яны цябе чакаць.
Чаму б не падтрымаць размову? Я наіўна спытаў:
— Можа, заяўку напісаць?
— Гэта ўжо бліжэй да мэты. Толькі не адміністратару, а каму-небудзь з гэтых,— паказаў на хлопцаў, якія прымасціліся кружком на пустых скрынях і ляніва смакталі цыгарэты.— Дзесяць працэнтаў.
— Якіх?..
— Ох-хо-хо,— зусім развесяліўся мужчына,— будзеш ты свае кнігі ў кут складваць яшчэ доўга, хаця з такім разуменнем справы ты і кніг не набудзеш. Дзесяць працэнтаў — ад кошту рэчы, такая ў іх такса. Затое — гарантыя!
— Буду мець на ўвазе,— усміхнуўся я добразычліўцу, думаючы, што, пакуль атрымаю пакой, рэчыцкія мэблевікі пастараюцца, каб паліц усім хапіла.
Таго, каго я не спадзяваўся ў магазіне сустрэць, сапраўды не было. Значыць, паехаў? Можна было ісці.
А я паглядаў на гадзіннік, стрэлкі якога расцягнуліся вертыкальна зверху ўніз, і марудзіў. Спыніўся ля гарнітура жылога пакоя, прыкідваючы, як бы паставіў гэтыя тахту, крэслы, каб меў куды. Раіўся нават з нейкай жанчынай і дзівіўся, што мае меркаванні яна прымала прыхільна. Я заганарыўся і на іншых пакупнікоў паглядаў паблажліва. Адно сэрда ёкала. Вось што значыць не прыняць раніцай халодны душ. А хвіліны цяклі замаруджана, быццам гарачыня адолела і метал. Кідаючы раз-пораз позірк на стрэлкі, я адчуваў сябе нібы ў іншым вымярэнні часу.
А палове сёмай я ў апошні раз паглядзеў па баках і накіраваўся да выхаду. За столікам ля дзвярэй у сінім фірменным халаціку сядзела строгая дзяўчына. Сур’ёзнасць была проста супрацьпаказана яе смяшліваму твару, дык хіба я мог прайсці і не затрымацца?
— Э-э,— нерашуча пачаў я, яшчэ не прыдумаўшы нічога вартага.
Строгая дзяўчына задрала галаву — крэсліца пад ёй было надта нізенькае, а я, як вядома, чалавек рослы, і ад неспадзяванасці крыху прыўзнялася. Няйначай палічыла мяне заікай, бо ў вачах свяцілася спачуванне.
— Вы хочаце нешта набыць? Што? — паспяшалася яна на дапамогу.
Фантазія ў мяне не вельмі багатая, і я ўпэўнена выпаліў:
— Рэчыцкую кніжную паліцу.
— Прыходзьце пасля дваццатага.
Усё-такі строгасць, калі яна ідзе ад адчування адказнасці, зусім неблагая якасць. Я адкрыў быў рот, каб падзякаваць і развітацца, і раптам зноў пачаў заікацца:
— Э-э…
— Прыходзьце, званіце,— яна шчыра хацела неяк памагчы.
А я ўжо не слухаў. Прадчуванне, якое па-сучаснаму называюць вучоным словам інтуіцыя, не падманула. Сапраўды павінен жа быў хто-небудзь яшчэ пацікавіцца Самсонавым. 3 тых, каму таксама не сказалі пра паездку. Бо званіць, напрыклад, Лебедзеву дадому сэнсу не было — там маглі і не ведаць, дзе ён і што з ім. Кіўнуўшы адной прыемнай дзяўчыне, я кінуўся да другой. Але падышоў не адразу. Трэба было і Вялесьцы даць магчымасць даведацца, што Самсонава сёння на працы няма і не было.
3 ёй мы сутыкнуліся на выхадзе.
— О, вы?! — крыху разгубілася яна.
— Ага,— пацвердзіў я, шчыра абрадаваны, што мяне пазналі. Адразу пачаў скардзіцца: — Ніколі не купіш, што хочаш. Бегаеш, бегаеш…
— Па што вы бегаеце? — дзяўчына зацікавілася.— Рэчыцкія паліцы? О, гэта не праблема. Папрасіце Алега.
От гэта мне і было патрэбна. Я смела і наіўна спытаў:
— Якога?
— Няўжо не ведаеце? — здзівілася Вялеська.— Вечна ён туману на сябе напускае! Вы ж учора разам за сталом сядзелі. Люсьчын муж, Алег. Працуе ў гэтым магазіне.
— Першы раз чую,— запэўніў я.— Ды, прызнацца, не люблю блату.
— Які гэта блат? Для Алега дробязь падказаць, калі прывязуць паліцы. Праўда, бутэльку здзярэ,— яна ўсміхнулася.
— Ну, гэта сапраўды дробязь. А то мне тут адзін казаў пра дзесяць працэнтаў.
— Калымяць хлопцы.
— Таму Алег і трымаецца за магазін?
— А што? Грузчык зарабляе як прафесар. I знаёмствы...
Вялеська не асуджала, а ўхваляла. Ды, зрэшты, яна ж была з гэтай кампаніі. I трымала яе там, напэўна, не адно каханне, а агульныя погляды. Чытаў кніжку пад назвай «Сяброў не выбіраюць». Не ведаю, як сам аўтар паводзіу сябе ў гэтым. Але было б дзіўна, каб чалавек сябраваў толькі з тымі, хто аказваецца побач. Так можна хіба бавіць час ды зрэдку хадзіць у госці. Для шчырасці і ўзаемнасці трэба іншае…