— Вы нікуды не спяшаецеся? — я спадзяваўся, што ў дзяўчыны вечар быў вольны, і вырашыў скарыстаць выпадак. Аднак націснуў на балючае месца: — Ці, можа, Сэм чакае?
— А хоць бы і чакаў! — з выклікам прамовіла яна.— Ён мне не муж.
Значыць, праўда Лебедзева ў горадзе няма.
— Завалімся куды-небудзь?
Яна павагалася, а тады рашуча матнула галавой:
— Згодна! А куды?..
Нічога падобнага на ўчарашнюю скаванасць. Перада мной была нават крыху развязная дзяўчына. Што гэта: звычайны стан, гульня, помста Лебедзеву?
— Пасядзім, патанцуем,— я спыняю доўгі позірк на яе твары, на якім сёння мінімум касметыкі: відаць, на працы трымаецца ў прынятых рамках. Вялеська вытрымлівае позірк, і я дадаю: — Каб не нарвацца на Сэма, махнём у «Сосны». Я аднойчы быў там. Нічога. Высокая столь, прасторна, утульна.
Тлумачу, быццам і думкі не дапускаю, што яна ведае гэты рэстаран.
— Паехалі,— згаджаецца яна.— А Сэма ў горадзе няма.
— Звесткі правераныя? — зусім натуральна дзіўлюся я.
— У магазіне сказалі, што Алег адпрасіўся на тыдзень за свой кошт. Зноў разам куды-небудзь матанулі…
— Папытайце ў Людмілы, яна скажа, калі паехалі.
— Трымайце вушы!
Адной рукой хапаю яе вуха, другой — сваё і смяюся:
— Выканана! А што далей?
— Нічога не чуваць? Я і кажу,— яна таксама гучна смяецца.
От і добра. Шчыра ж кажучы, мне не да смеху, мне тэрмінова трэба пазваніць. Тое, што Люся ведае пра паўднёвы ваяж мужа з Сэмам і хавае гэта ад Вялеські, мне не падабаецца. Лаўлю таксі. Праз хвіліну імчымся ў славутыя «Сосны». Там, пакуль Вялеська круціцца перад люстэркам, я, папрасіўшы ў яе прабачэння, званю з вулічнага аўтамата дзяжурнаму па ўпраўленню.
Вяртаюся раней, чым дзяўчына паспявае змяніць свой службовы выгляд на вячэрне-рэстаранны. Цярпліва чакаю ў адным з мяккіх крэслаў, відаць, пастаўленых у вестыбюлі менавіта для такой патрэбы. Нарэшце Вялеська падыходзіць і запытальна глядзіць на мяне. Яна не зусім такая, як учора, фарбы на твары больш сціплыя і сукенка не парадная. Ды мне, зрэшты, важна не гэта. Але я джэнтльмен. Ускокваю, адабральна падміргваю, маўляў, клас. Дзяўчына цвіце. От табе і маеш. Возьме ды кіне свайго Сэма!
У летнюю пару рэстаран напаўняецца пазней, і мы выбіраем месца далей ад аркестра, ля сцяны. Каб не мазоліць каму вочы, бо маю спадарожніцу, думаю, і тут добра ведаюць.
Бяру меню і ўголас чытаю ўсё запар. Дзяўчына глытае слінкі і, смеючыся, просіць:
— Не так хутка, а то прыйдзецца вам заказваць усё, што тут напісана. Я галодная, як пантэра.
— Мяне ў абед таксама шашлыком не частавалі.
Афіцыянтка, беручы заказ, разглядала толькі мяне. Няўжо спадабаўся? Ды дзе тамі Прычына — Вялеська. Цьфу ты, што за імя. Усміхаючыся, кажу:
— Прабачце, але я так і не ведаю вашага імя?
— А Вялеська? — Яна сёння вясёлая, какетлівая. А можа, узбуджаная? — Хіба дрэнна гучыць?
— Як прозвішча. А гучыць сапраўды прыгожа.
Дзяўчына задаволена і ахвотна тлумачыць:
— I мне падабаецца, хаця ўвогуле я — Ніна. А Вялеська… Прозвішча маці. Кажуць, ёсць у ім нешта рамантычнае. Праўда?
Ну, хіба я мог не пагадзіцца?
Задаволеная Ніна-Вялеська накідваецца на вячэру з такой энергіяй, быццам з учарашняга дня хлебнай крошкі ў роце не трымала.
— Дзе ж гэта вас так змардавалі? — не без задняй думкі пытаюся я.
— На працы, я гандлёвы работнік… Рэвізор «Ювелір-гандлю». Што трэба — дастану, і ніякай адказнасці, матэрыяльнай, вядома.
— Гэта важна,— падтрымліваю я і ківаю на сярэдзіну залы, дзе ўжо віхляюцца некалькі пар. Адчуваю: дзяўчыне вельмі хочацца патанцаваць, але яна чамусьці вагаецца. Ці не баіцца Сэмавай рэўнасці? Таму не буду настойваць.
Усё вырашаецца само сабой. Спачатку замаўкае аркестр, а потым афіцыянтка прыносіць каву. Яна вініцца:
— Затрымала вас…
— Затое свежанькая,— супакойваю я, глынуўшы чорнага пітва. Трэба ж дэманстраваць і памяркоўнасць, і галантнасць. Іграць ролю, дык да канца. Калі афіцыянтка адышлася, крыху нараспеў кажу: — Вы тут бывалі, не адмаўляйцеся…
— Ад вас не схаваешся,— увага да яе асобы Вялесьцы падабаецца.
— Іду на заклад, афіцыянтка прасіла вас нешта дастаць,— зноў кажу я.
— Прайграеце, з афіцыянткамі я не знаюся.