Выбрать главу

— Інакш і быць не магло, вы ж сябры. Ды ў нас, перш чым адкінуць версію, мусіш давесці яе да канца. Парадак такі.

— То-та! — падняў палец гаспадар і засмяяўся:— Даводзьце, даводзьце сваю версію, малады чалавек.

— Дзякую, Іван Сямёнавіч,— Пугацэвіч умеў быць ветлівым цераз край. Павярнуў галаву да Ніны: — Вы ў Канапацкіх часам бываеце, так? Пры вас хто-небудзь заходзіў? Я маю на ўвазе не блізкіх, а проста знаёмых, суседзяў.

— Пры мне, здаецца, нікога не бывала. Сама я ў іх гады ў рады бываю. Ці не ў тым месяцы апошні раз заходзілі з татам,— яна зірнула на бацьку.— Брату пасылку прыносілі, ён у часці старэйшага сына Льва Сідаравіча.

— Перад кражай заходзілі, пасля?

Дзяўчына сярдзіта адказала:

— Неяк не злучала гэтыя дзве падзеі!

— Прабачце, вы мяне не так зразумелі, Ніна Іванаўна. Проста выпадковыя наведвальнікі пасля кражы, як вы разумееце, мяне не цікавяць,— каб пацягнуць час, Пугацэвіч вырашыў крыху абвастрыць сітуацыю.— Ніхто нічога не ведае. Ну, Канапацкія — зразумела, яны не могуць падазраваць людзей, якіх прымаюць, іначай не прымалі б. А вось іх сябры такой умоўнасцю не звязаны, сябры глядзяць на ўсё больш цвяроза, аб’ектыўна. Напэўна ж, і ў вас, Ніна Іванаўна, свая думка пра кражу ёсць?

— Я не следчы! — дзяўчына зноў зазлавала.

— Дочачка, чалавек не для сябе стараецца,— маці з дакорам паглядзела на Ніну.

— Без цябе здагадалася! — Яна чагосьці завялася.

Бацька як не заўважыў гэтай грубасці дачкі, а можа, не хацеў заўважаць? Дык не Пугацэвічу, старонняму тут, рэагаваць на яе. Ён толькі падумаў, што Павел не зусім дакладна ахарактарызаваў дзяўчыну. Дома яна не слабавольная, тут ёй слова насуперак не кажуць. Ні тады, калі патрабуе па-сучаснаму кватэру абстаўляць, ні тады, калі ноч прагуляе. Вось і зараз маці не паказала крыўды, не абарвала, а толькі з жалем паглядзела і пайшла ў калідор. I ў гэты момант зазваніў тэлефон — працягла, як міжгародні.

Ніна сарвалася з месца. Але маці была побач з апаратам і ўзяла трубку раней.

— Дай сюды! — крыкнула дзяўчына.

— На, на,— сказала маці і вярнулася ў гасціную, асцярожна прычыніўшы за сабой дзверы. На нямое запытанне мужа перасмыкнула плячамі: — Вырвала трубку… 3 Нікалаевам, сказала тэлефаністка.

Пугацэвіч, спачуваючы жанчыне, папрасіў:

— Калі ласка, яшчэ паўкубачка… Не, не, дзякую. Не прызнаю салодкага.— Ён мог ужо ісці адсюль. Аднак трэба было развітацца і з Нінай.

9

Уначы прашумеў кароткі буйны дождж. Гарачыня апала. Заціхлая, прыгнечаная прырода адразу ажыла. Выпрастала паніклыя сцяблінкі трава на газонах і ў скверах, паднялі галовы, зайгралі пазелянелай лістотай кусты і дрэвы. Павесялелі і людзі, высыпалі на вуліцы. У старым цэнтры горада, забудаваным даўно, стала нават цеснавата.

Не знаю, як каму, а мне падабаецца шматгалосая, вірлівая вуліца. Міжволі пераймаю яе бесклапотны няспын-ны рытм, расслабляюся. Аднак агеньчык трывогі ўсё роўна не згасае ў грудзях. Пакуль ён маленькі, няпэўны. Нічога, некалі ён успыхне, запалае, разальецца зарывам — усяму свой час. I пакуль ён не настаў, я павольна плятуся па сонечным баку Дняпроўскага праспекта і лыпаю на сустрэч-ных прыгажунь. А што, не магу сабе гэтага дазволіць?

Па-першае, я халасцяк, і нават не закаханы; па-другое, у мяне зараз канікулы — на службу хадзіць не маю права, а тых, на каго скіравана мая ўвага, яшчэ няма, нават Грыгаровіч не паказваецца. Дык чаму мне не паспрабаваць і не сустрэць на гэтых гарадскіх вуліцах сваё неспадзяванае шчасце?

Паблукаўшы з гадзіну, выходжу да ракі. Па пругкай драўлянай лесвіцы, там-сям ужо спарахнелай, спускаюся ўніз. Пляж на тым, усходнім, беразе. Тут жа вузенькая, парослая дзірваном палоска сырой зямлі, за якой адчуваецца абрывістая глыбіня — вада цёмная, цяжкая, бяздонная. У ёй, як у люстэрку, адбіваецца высокі пагорблены бераг з вытыркнутым дзе-нідзе знявечаным, стаптаным вербалозам. Быццам і не відно нічога ў гэтай лянівай вадзе, а я люблю глядзець у яе запаволеную паваротам рухомасць і думаць. Думаецца тут, побач са спакойнай ракой, разважліва, грунтоўна, няспешна. Пра што ў галаву прыйдзе. Толькі вось дзіўна: на ўспамін заўсёды прыходзіць нешта такое, што неўзабаве аказваецца патрэбным. Відаць, гэта ўсё той самы агеньчык у глыбіні, які цепліцца і ніколі не згасае.