Выбрать главу

Выбіраю вялікі плоскі зверху валун, саджуся і з прыемнасцю выцягваю доўгія ногі. Вада зусім блізка. Не хапае падмачыць новыя з чырвона-чорным пералівам сандалеты. Заплямяцца, што тады скажуць пра мяне дзяўчаты-афіцыянткі ў кафэ? Пакуль яны, калі не памыляюся, высокай думкі пра мой густ. На мне не «фірма», але не менш дарагое і прыгожае, і гэтым я выдзяляюся між астатніх джынсовак і вельветак, у якіх, нібы ў форме гандлёва-бытавой абслугі, выхваляюцца адзін перад адным большасць пастаянных наведвальнікаў кафэ. Як мне здаецца, афіцыянткі былі б расчараваныя, калі б і я нацягнуў на сябе якую-небудзь «фірму». Усё-такі я ў іх установе першы паэт і мушу чымсьці адрознівацца ад іншых. Стараюся.

А ўвогуле ў кафэ да мяне хутка прывыклі, прымаюць як свайго чалавека. Ва ўсякім разе, мне хочацца ў гэта верыць. Мяне дзяўчаты ўжо амаль не саромеюцца і пры мне хіба толькі свае туалеты не дэманструюць, і то, баюся, да пары. Праўда, асабіста я не буду ў прэтэнзіі, калі акажуся ў ролі той самай чаканкі, што з выдумкай развешана на сценах. Чым непрыкметней буду, асабліва для сваіх падапечных, тым для справы лепш.

Шчыра кажучы, я не перакананы, што Лебедзеў і кампанія перспектыўная версія. Хаця, вядома, сумненні на маіх паводзінах не адбіваюцца. Гэта я так, у вольную хвіліну разважаю сам з сабой. Працаваць над версіяй буду сумленна. Тым болей што ў жыцці гэтых хлопцаў не ўсё чыста. Адзін Грыгаровіч, можа, свае заробленыя грошы прапівае. Самсонаў — махлюе. I ў Лебедзева ж не магнітафонны склад. Пры яго замашках грошай трэба шмат, ён у кампаніі важак і саступаць сваё становішча не збіраецца. Працаваць ён не любіць і не ўмее, прычым не хавае гэтага. Утрыманцам таксама сябе не лічыць і тых, у каго грошай няма, зневажае — вунь як адазваўся тады ў бары пра смаркатых юнцоў. Сасункі, маўляў, сваіх чырвонцаў не маюць. А ён мае? Ведае, дзе ўзяць? Так што рана або позна нам усё роўна давядзецца ім заняцца. Толькі лепш бы раней, хаця я менавіта ў дачыненні да Лебедзева ў прафілактыку не надта веру. Спазніліся. У яго ўжо цэлае філасофскае абгрунтаванне свайго жыцця маецца: не хоча быць падобным на астатніх, «не мяне, я наймаю». Далей, як кажуць, няма куды. Я заўсёды дзівіўся з тунеядцаў, з тых, хто жыве за чужы кошт. Што б яны самі аб сабе ні казалі, існаванне ў іх нейкае жывёльнае, бессэнсоўнае. Ні сабе ні іншым. Толькі тае і радасці, што п’юць: учора, сёння, спадзяюцца, і заўтра. Фінал жа ўрэшце аднолькавы, сумны, нават калі абыдзецца без калоніі.

Уверх па рацэ, папярэджваючы перарывістым гудком найбольш адчайных купальшчыкаў, прайшоў буксір з трыма баржамі, гружанымі дробным жоўтым пяском. Па спакойнай, як нерухомай, вадзяной гладзі пакаціліся пругкія хвалі, заплёскаліся ля маіх ног. Я падхапіўся, адышоў на ўсякі выпадак за валун. I наогул буксір падняў мяне ў час. Не магу ж я спазняцца і прымушаць дзяўчат у кафэ няўцямна пазіраць на мой пусты стол, на які яны таксама прыдумалі ставіць таблічку «заняты».

Сышчыку Гарбаценку адсутнасць Лебедзева прынесла непакой, пачынаючаму паэту Гарбаценку — нечаканы плён. Сядзеў я вечар, другі, а тады міжволі рука пацягнулася да алоўка, аловак да паперы, і цяпер Лебедзева магу сустрэць новай нізкай вершаў. Між іншым, з намёкам яму — пра пошукі месца ў жыцці, хаця ён хутчэй за ўсё, прачытаўшы, сказаў бы: «Газета».

Першае, што кінулася мне ў вочы, калі я адхінуў шчыльную аксамітную парцьеру ў кафэ, была шыльда «заняты» не на маім, суседнім стале. Ай ды Наташка, адкуль чэрпае інфармацыю? Павітаўся з дзяўчатамі, папалохаў, што лета канчаецца, і пайшоў спакойна сабе да свайго месца.

У кафэ было пуста. Афіцыянткі, як звычайна, гаманілі за службовым сталом. Я выцягнуў з кейса паперу і ручку. Аддрукаваныя на машынцы вершы паклаў побач, на ўсякі выпадак, калі хто зацікавіцца. Суседзі з’явяцца гадзіне а сёмай, дык хай ведаюць, што ні на іх адных свет клінам сышоўся. Неўзабаве я ўжо думаў пра вершы. Прызвычаіўся ўсё-такі да гэтых нятворчых умоў. Пацягваў каву і рыфмаваў. Калі ўжо клалася на паперы трэцяя страфа, раптам пачуў насмешлівае:

— Табе 6 з маім бацькам пагаварыць!

Падняў галаву. Нахіліўшыся, Сямён разглядаў старонку з вершам.

Не выказваючы эмоцый, нібы мне ўсё роўна, што ён тут, спытаў:

— Пра што?

— Вось пра гэта,— пастукаў пальцам па спісанай паперы.— Палітінфармацыя.

Дайшло, значыць! А бацька ў яго, няйначай, чалавек правільны, хаця і не перадаў сыну свае перакананні. Прагледзеў, кажуць, у такіх выпадках. Ці не надта слаба? Сын жа, не тоячыся, насміхаецца з бацькавых поглядаў. Я заступіўся за Лебедзева-старэйшага. Паэт Гарбаценка інакш не мог зрабіць.