— Твой продак, Сямён, відаць, разумны чалавек.
— Рыбак рыбака… Чуў такое? — ён усміхнуўся і нахмурыўся.— Я з інстытута збег, бо не люблю лекцый. Усёк?
— Цябе, мабыць, лірыка за душу хапае? — Я ведаў, што — не, ды хай выкажацца.
— Хіба я падобны на слюнцяя? — Сямён расправіў плечы.— Але тут не чытацкая канферэнцыя. Згадкі свае пакінь сабе. А сам давай да нас, адзначым сустрэчу. Мы даўнавата не бачыліся.
— А праўда…— я нібы толькі зараз уцяміў, што іх некалькі дзён не было.— Дзе вас насіла?
— Там ужо няма,— засмяяўся Сямён. Мінулы раз, можа, яны з Самсонавым і грэліся на паўднёвым сонцы, аднак толькі не зараз. Калі і счарнелі крыху, то не ад загару, а стомы.
Адмаўляцца не выпадала. Запхнуў у кейс паперу і пасунуўся з крэслам, прыхапіўшы сваю каву.
Лебедзеў паківаў галавой:
— Няма ў цябе размаху, паэт, шырыні душы. Улічы, абмежаванасць — тормаз для творчага чалавека,
— Нішто,— адмахнуўся я,— друкуюць.
— За гэта ты мне і любы,— запэўніў Лебедэеў, адначасова падаючы знак Наташы,— не цярплю, калі вакол пасрэднасці.
Я перасмыкнуў плячамі — гульня гульней. а перад хлопцамі няёмка.
— Не пра іх казана,— Сямён паклаў мне руку на плячо, ціскануў. А ён не дурань, кажучы яго любімым словам, усёк.— Разумееш, часам хочацца інтэлектуальнай прадухі. Нечага высокага…
— Схадзі ў тэатр, на канцэрт.
— Сімфанічнай музыкі? Спаць лепш у ложку, з краляй. Так, Нат? — Ён падміргнуў афіцыянтцы, якая цярпліва чакала заказу.
Дзяўчына сумелася, пачырванела.
Сямён зарагатаў:
— Бачыш, паэт, як станоўча ты ўплываеш на масы? Ай-яй-яй. Не Нат, а выстаўка сціпласці. Ну-ну, радасць мая, хіба я няпраўду кажу? Нясі-тка пляшку сухога,— і павярнуўся да мяне, адмятаючы пярэчанні:— Сёння частую я!
Ніяк не магу зразумець, чаму дзяўчаты церпяць нахабнікаў? Каб хоць такім ускосным чынам паставіць яго на месца, пытаю пра гэта ў Лебедзева.
Ён спачатку крыва глядзіць на мяне, потым, дапусціўшы, што пытанне нарадзілася, як плён маёй вытанчанай мастацкай натуры, лагаднее.
— Жанчыны сілу адчуваюць, паэт. Як сабакі. Вучыся, пакуль вучу.
Стрымаўся. Наступіў на горла ўласнай песні, хай даруецца мне гэта напышлівасць — нічога іншага ў галаве не знайшлося.
А тым часам вярнулася Наташа з бутэлькай і талерачкай шакаладных цукерак. У меню яны не значыліся. Якая ж сіла прывязвала дзяўчыну да гэтай кампаніі? Лебедзеў узяў дзве цукеркі, падаў Наташы. Яна падзякавала і схавала ласунак у кішэньку на фартушку.
— Палітмінута? — Сямён кіўнуў на службовы стол, за якім афіцыянткі схіліліся над газетай.
— Чытаюць,— адказала Наташа, затрымаўшыся.— «3 залы суда».
— Згвалцілі каго? — рагатнуў Алег.
— У вас адно,— папракнула дзяўчына.— Будзеце яшчэ што?
— Ідзі, ідзі, спатрэбішся — паклічам,— правёў рукой па яе спіне Лебедзеў.— Гаваркая стала! — Мне сказаў: — Тваё выхаванне?
Я паціснуў плячамі і вярнуў яго да газеты.
— Пра аднаго дурня пішуць. Студэнт, маці на базе махлявала з размахам, а яму было мала, свой бізнес займеў — па кватэрах шастаў.
— Сапраўды дурань,— Сямён толькі што не плюнуў, асуджаючы. Але пацікавіўся: — Як накрылі?
— Не таму прадаў…— Мне тэма была быццам бы да лямпачкі.— Вяровачка заўсёды канец мае.
— Прымітыў, пачатковец,— ён раптам узлаваўся.
— Ты наліў бы,— пасунуў бакал Самсонаў.
— Ага, у горле перасохла,— і Грыгаровіч узяў фужэр.
Нервы ў хлопцаў надта моцныя або тэма нецікавая?
— Вам бы жлукціць,— Сямён з палёгкай усміхнуўся,— прапойцы…
Паколькі я не прапойца, то мог сабе дазволіць развіваць закранутую тэму:
— Не будзем кранацца маралі, тут дзвюх думак быць не можа. Возьмем другі аспект праблемы: за некалькі соцень рублёў, якія яму дастануцца нават пасля багатай кражы, злоўлены за руку злодзей адседзіць гады два. На першы раз. Так? — Я абвёў вачамі хлопцаў, як бы запрашаючы да размовы.
Яны прамаўчалі. Лебедзеў запальваў цыгарэту, Самсонаў грэў у далонях віно, і толькі Грыгаровіч недаверліва паглядаў на мяне.
— Дык ці не надта вялікая для сябе раскоша? — гнуў я сваё.
— Раней выпусцяць,— хіхікнуў Грыгаровіч.
— Законнік! — працадзіў Лебедзеў, яму гэта яўна не спадабалася.
— Бывае, і выпускаюць,— падтрымаў я Федзю і спытаў у яго: — Ты зарабляеш сто пяцьдзесят? От і падлічы, табе ж больш выходзіць, чым таму злодзею. А то ў будатрад паехаў бы…
— Яго званок з раніцы будзіць, галава трашчыць. Якія тут заробкі,— Сямён умеў-такі зняць напружанне.