Выбрать главу

Гаспадар, перш чым адказаць, высунуў шуфлядку падсервантніка, пакорпаўся там і сярдзіта крэкнуў:

— Цьфу ты, забыўся, што і запальнічку сцягнулі. Фасоністая была.— Устаў, прынёс з кухні карабок: — Смаліце.

Пугацэвіч падзякаваў, прагна зацягнуўся. Непрыемна вярэдзіць незагоеныя раны.

— Каму паказвалі? — з сумненнем паўтарыў Канапацкі капітанавы словы.— Звычайна абновы жанчын хвалююць. Ды мая Настасся Паўлаўна ніколі не моднічала, і сяброўкі ў яе такія ж. Змоладу было не да раскошы, а цяпер… Сынаву сябру хіба замежная тэхніка цікавая. Дык у нас магнітафон даўно быў, ці ўспомніш, хто бачыў. А іншага няма…

I пра сына, і пра яго акружэнне Пугацэвіч ведаў з пратаколаў. Наўрад ці былі сярод іх людзі сумніцельныя, ва ўсякім разе, пакуль такіх не выявілі. Ведаў капітан і пра блізкіх знаёмых Канапацкіх-старэйшых, з якімі яны сябравалі дамамі. У пажылых людзей іх нямнога, усе яны даўнія і таму надзейныя. Падумаць пра іх блага не адважышся.

— Разумею,— працягваў гаспадар,— вы думаеце на каго з нашых знаёмых.— Разумны чалавек, ён усё-такі здагадаўся, чаго дамагаецца старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку.— Не. Мы ўжо самі паміж сабой гэта абгаварылі. Тут нехта чужы. Падгледэелі, што звечара святла няма, от і палезлі. Ведаюць вакол, што я часта за мяжу езджу.

Выпадковасць Пугацэвіч таксама не выключаў. Яму нават хацелася, каб так яно і было, каб прыемны яму Канапацкі не перажыў яшчэ адно расчараванне. Хопіць з яго кражы.

— Ды і нічога такога я не прывожу, знаёмыя ведаюць пра гэта. Нам асабіста не трэба, мы з жонкай — старыя. а сыны маюць іншыя клопаты. Хіба хто папросіць — дык прывязу і аддам.

Хаця нічога пэўнага і не высветліў, але адмаго Пугацэвіч усё-такі дабіўся: не-не, а будуць цяпер Канапацкія вяртацца ў думках да магчымага наводчыка. Сяргей Антонавіч яшчэ пагаварыў з гаспадаром пра яго працу, а тады ўстаў. Канапацкі выйшаў за ім у прыхожую і, падаючы на развітанне руку, раптам нявесела прамовіў:

— Майстры вобыску…

— Вы пра што, Леў Сідаравіч? — Пугацэвіч не скеміў, куды ён гне. Здавалася, чалавек ужо крыху забыўся на бяду, расказваючы аб сваіх дарожных прыгодах, сустрэчах. Нават жартаваў. Пугацэвіч быў парадаваўся, што не пакіне яго прыгнечаным. А той, аказваецца, увесь час помніў і што здарылася, і чаго тут гэты капітан міліцыі ў цывільным.

— Усё пра тое.— I яго сумная ўсмешка стала нібы вінаватай ад таго, што вось зноў сваімі нягодамі тлуміць чалавеку галаву.— Скураное паліто,— гаспадар адчыніў дзверцы сцянной шафы,— пад плашчом вісела… Знайшлі!

— Новае? — Сяргей Антонавіч не помніў апісання ўкрадзеных рэчаў. Праўда, пакуль яму гэта і не патрабавалася. Спытаў жа, каб падтрымаць размову.

— Апошнім разам прывёз. Нявестцы падарунак да трыццацігоддзя. Жонцы старэйшага сына. Нават не бачыла, яны ў вайсковай часці жывуць, далёка.

Пугацэвіч нахмурыўся. Усё, вядома, магло быць, ды надта неверагодна, каб злодзеі, добра нахапаўшы ў пакоях, палезлі яшчэ ў сцянную шафу ў калідоры, дзе звычайна вісіць старое адзенне. Але спытаў, як паміж іншым, не паказваючы зацікаўленасці:

— Ну, а паліто каму-небудзь паказвалі, Леў Сідаравіч, га?

— Ды не… Не! — з націскам паўтарыў гаспадар.— Толькі сваім!

Іншага Пугацэвіч не чакаў. Быў Леў Сідаравіч не з тых, хто наогул любіць выхваляцца, асабліва тым, што не лічыў істотным, важным. Як, напэўна, вось гэтым паліто для нявесткі. Хаця… У нявесткі быў юбілей. I блізкім знаёмым пра абнову маглі сказаць, нават паказаць. А можа, і не сказалі, не здарылася нагоды. Пагаварыўшы крыху яшчэ, Пугацэвіч развітаўся.

На вуліцы браўся ранні ціхі вечар. Сяргею Антонавічу не было куды спяшацца — працоўны дзень скончыўся, ва ўсякім разе, калі не ў яго асабіста, то ва ўпраўленні. Жонка з дачкой яшчэ не вярнуліся ад бацькоў, і ён, пастаяўшы ў роздуме, павярнуў не на тралейбусны прыпынак, а ў зялёны завулак. Ішоў і дзівіўся, як удалося гэтаму натуральнаму астраўку-саду ацалець некранутым у моры навакольных вялікіх камяніц. Відаць, не падняліся ў забудоўшчыкаў рукі, каб парушыць незвычайнае хараство ў цэнтры буйнога горада. А можа, архітэктар любіць прыроду і не дазваляе яе рушыць, бо ці мала пустой зямлі вакол? Да таго ж і народу тут, напэўна, процьма. Пачні толькі рассяляць усіх прапісаных у бакоўках і прыбудовах, на добры высотны дом набярэцца.

Пугацэвіч прыслухоўваўся да шуму ветру ў лісцях, заглядаўся на сады з недаспелымі яблыкамі і грушамі, на клумбы з астрамі і флёксамі. I зайздросціў тутэйшым жыхарам, і не разумеў іх. Асабліва ён з радасцю ўзяў бы кватэру ў доме, каб пры ім быў сад і агарод, і потым у вольную хвіліну нешта саджаў, нешта выбіраў. А людзі, якія маюць усё гэта, пішуць скаргі, што іх не зносяць, не даюць новага жытла з усімі выгодамі. Напэўна, пытанне не толькі ў тым, што ў кожнага свой густ. Час абумоўлівае запатрабаванні чалавека. Ёсць магчымасць, дык навошта клапаціцца пра паліва, хадзіць у лазню, штогод нешта падбіваць, падфарбоўваць. мяняць. Хай ЖЭК гэтым займаецца. Можа, у самой сутнасці такі погляд і правільны. Вызваліўшыся ад дробязей быту, чалавек можа заняцца іншым. Вось толькі, што ў яго будзе гэтым «іншым»? Добра, калі кнігі, тэлевізар, тэатр, спорт. А калі гарэлка? Яна ніколі да дабра не даводзіць. Сяргей Антонавіч сам сабе ўсміхнуўся — загаварыў у ім супрацоўнік міліцыі. Завулак скончыўся скверам, за якім раскінуўся сучасны шырокі праспект.